УХА́НЬ,
горад у Кітаі, пры ўпадзенні р. Ханьшуй у Янцзы. Адм. ц. прав. Хубэй. 4,41 млн. ж. (2000). Рачны порт (даступны для марскіх суднаў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія, машынабудаванне (станкабудаванне, энергет., трансп., радыётэхн. і інш.), хім., тэкст., харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Філіял АН КНР. Ун-т. Сярод арх. помнікаў — 7-ярусная пагада Баота (13 ст.). Для аховы У. ад навадненняў уздоўж берагоў рэк Янцзы і Ханьшуй пабудаваны дамбы.
У эпоху Чжоў (1027—256 да н.э.) пасёлак, вузел шляхоў зносін. У перыяд Саньго (220—280 н.э.) вялося інтэнсіўнае горадабудаўніцтва; пры дынастыі Сун (960—1279) наз. Ханькоў — адзін з 4 буйных гандл. цэнтраў дзяржавы, пры дынастыі Юань (13—14 ст.) наз. Учан — адм. цэнтр прав. Хубэй. У 1853 заняты паўстанцамі-тайпінамі. З 1861 пачалі стварацца замежныя гандл. канцэсіі. Тут пачалася Сіньхайская рэвалюцыя 1911—13. У Рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі размяшчаўся Уханьскі рэв. ўрад (1926—27). У 1938—45 акупіраваны яп. войскамі. У 1949 вызвалены ад гаміньданаўцаў Нар.-вызв. арміяй Кітая.
т. 16, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)