ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар. расліна ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дуброўнік часночны.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).

Негніючнік.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШ’ЯКУ́ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць мыш’як. Найб. шырока выкарыстоўваюць аксіды і халькагеніды мыш’яку, арсеніды і шматлікія мыш’якарганічныя злучэнні.

Мыш’яку аксіды — злучэнні мыш’яку з кіслародам. Сэсквіаксід (мыш’яковісты ангідрыд ці белы мыш’як) As2O3 — белае цвёрдае рэчыва. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае не вылучаныя ў свабодным стане ортамыш’яковістую H3AsO3 і металамыш’яковістую HAsO2 к-ты; пры ўзаемадзеянні са шчолачамі ўтварае арсеніты. Тэхн. атрымліваюць акісляльным абпалам сульфідных мінералаў мыш’яку. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку і яго злучэнняў, кансервавання скуры і футра, у вытв-сці аптычнага шкла, як інсектыцыд і некратызавальны лек. сродак. Аксід мыш’яку(V), ці мыш’яковы ангідрыд As2O5 — бясколерныя крышталі. Пры награванні раскладаецца на As2O3 і кісларод. Добра раствараецца ў вадзе, утварае ортамыш’яковую к-ту H3AsO4, солі якой наз. арсенатамі. Выкарыстоўваюць як гербіцыд, антысептык для прамочвання драўніны. Мыш’яку гідрыд (арсін, мыш’яковісты вадарод) AsH3 — газ без колеру і паху (часам мае часночны пах, абумоўлены наяўнасцю прадуктаў частковага акіслення AsH3). Пры т-ры каля 500 °C раскладаецца. Выкарыстоўваюць для атрымання мыш’яку высокай чысціні, легіравання паўправадніковых матэрыялаў мыш’яком. Мыш’яку халькагеніды, злучэнні мыш’яку з серай — сульфіды As2S3 (у прыродзе — мінерал аўрыпігмент), As4S4 (мінерал рэальгар), As4S3 (мінерал дымарфіт) i As2S5, з селенам — селеніды As2Se3 і As4Se4, з тэлурам — тэлурыд As2Te3. Усе халькагеніды, акрамя As2S5 (аморфнае рэчыва аранжавага колеру, крышталізуецца пад высокім ціскам), крышт. рэчывы. Устойлівыя ў паветры, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў растворах шчолачаў. As2S3, As2Se3 i As2Te3паўправаднікі. Атрымліваюць сплаўленнем элементаў у вакууме ці інертным асяроддзі. Выкарыстоўваюць як кампаненты халькагеніднага шкла, для вырабу валаконных святлаводаў у інфрачырв. вобласці спектра і інш. Усе растваральныя ў вадзе і слабакіслым асяроддзі (напр., страўнікавы сок) М.з. надзвычай атрутныя; злучэнні As(III) больш атрутныя за злучэнні As(V), асабліва небяспечныя AsH3 і AS2O3. ГДК мыш’яку і М.з. у паветры (у пераліку на мыш’як) 0,5 мг/м³, для AsH3 — 0,1 мг/м³.

А.​П.​Чарнякова.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)