БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,

ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМАЕ́ВІЧ, Ізмайловіч Мацвей (Мація) Хрыстафоравіч (6.1.1680, Пераст, каля г. Котар, Чарнагорыя — 3.9.1735), расійскі ваен. дзеяч. Адмірал (1727). Служыў у венецыянскім флоце, з 1709 у Канстанцінопалі. У 1710 перайшоў на рас. службу. З 1712 на Балтыцы, камандаваў атрадам галер, з 1714 галерным флотам. У Гангуцкім баі 1714 камандаваў правым крылом рас. флоту. З 1721 чл. Адміралцействаў-калегіі, кіраўнік буд-ва Галернай гавані ў Пецярбургу. З 1725 каманд. галерным флотам і гал. камандзір Пецярбургскага порта. У 1728 за злоўжыванне ўладай і растрату разжалаваны ў віцэ-адміралы і сасланы ў Астрахань, потым у Таўроў (каля Варонежа).

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР I ПЕ́ТРАВІЧ НЕ́ГАШ (1747, Негушы, Чарнагорыя — 18.10.1830),

уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1781—1830]. З дынастыі Негашаў. Вучыўся ў Расіі (1762—66). З 1766 архімандрыт, з 1781 мітрапаліт. Кіраваў барацьбой чарнагорцаў супраць тур. панавання, дамогся (1796) фактычнай незалежнасці Чарнагорыі ад Турцыі. Выступаў за ўмацаванне цэнтр. ўлады, выдаў збор законаў «Законнік» (1798). У знешняй палітыцы прытрымліваўся прарас. арыентацыі. Узначальваў атрады чарнагорцаў, якія сумесна з рас. экспедыцыйнымі сіламі змагаліся супраць франц. войск, што ў 1805 акупіравалі Далмацыю. У час першага сербскага паўстання 1804—13 падтрымліваў сувязь з Карагеоргіем, імкнуўся аб’яднаць сілы чарнагорцаў і сербаў.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГАШЫ.

Негушы, Петравічы-Негашы, дынастыя правіцеля ў Чарнагорыі ў 1697—1918. Назва ад племя негушаў, з якога паходзілі Н. Яе першыя прадстаўнікі (мітрапаліты або ўладыкі) аб’ядноўвалі духоўную і свецкую ўладу. Заснавальнік — Даніла [1697—1735] — актывізаваў барацьбу супраць Турцыі і ўстанавіў паліт. адносіны з Расіяй (1711). Іншыя прадстаўнікі: Сава [1735—81]; Пётр I [1781—1830], пры якім Чарнагорыя дамаглася фактычнай незалежнасці (1796); Пётр II [1830—51] быў і таленавітым паэтам (гл. Негаш); Даніла [1851—60], які абвясціў Чарнагорыю свецкім княствам (1852); Мікалай [1860—1918], які дамогся міжнар. прызнання незалежнасці Чарнагорыі і яе тэр. пашырэння (1878), а ў 1910 абвясціў сябе каралём. У 1918 Н. адхілены ад улады Вял. нар. скупшчынай у сувязі з далучэннем Чарнагорыі да Сербіі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ГАВІЧ (Зоговић) Радаван (19.8.1907, в. Машніца, Чарнагорыя — 4.1.1986),

чарнагорскі пісьменнік. Акад. Чарнагорскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў ун-т у г. Скопле (1933). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху ў Югаславіі. Першыя кнігі вершаў «Кулак» (1936) і «Палымяныя галубы» (1937) прасякнуты духам самаадданай барацьбы за лепшае будучае сваёй краіны. Яго паэзія высокага трагізму і жыццесцвярджэння стала адлюстраваннем супярэчлівай і гераічнай эпохі («Упартыя строфы», 1947, «Прыхадні — песні Алі Бінака», 1957, «Артыкуляванае слова», 1965, «Жыламі за камень», 1969, «Асабіста, зусім асабіста», 1971, «Час ад часу назаўсёды», 1985). Аўтар кніг прозы «Пейзажы і нешта адбываецца» (1968), «Ноч і паўстагоддзя» (1978), публіцыстыкі. Асобныя вершы З. на бел. мову пераклаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1986.

І.​А.​Чарота.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-СТЭФА́НСКІ МІР 1878,

папярэдні мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй, які завяршыў рус.-тур. вайну 1877—78. Падпісаны 3.3.1878 у Сан-Стэфана (цяпер Ешылькёй каля Стамбула). Паводле С.-С.м.д. Чарнагорыя, Сербія і Румынія атрымлівалі поўную незалежнасць ад Турцыі, іх тэрыторыі значна пашыраны; Боснія і Герцагавіна набывалі аўтаномію ў рамках Асманскай імперыі; Балгарыя, у межы якой уключалася і гіст. Македонія, ператваралася ў падвасальнае Турцыі аўт. княства з правам выбрання сабе князя. Расія атрымлівала землі ў Закаўказзі з гарадамі Батумі, Карс, Ардаган і Баязет, а таксама страчаную ў выніку Крымскай вайны 1853—56 Паўд. Бесарабію (акрамя астравоў у дэльце р. Дунай), узамен якой Румыніі перададзена Турцыяй Паўн. Дабруджа. У выніку процідзеяння вядучых еўрап. дзяржаў, асабліва Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі, С.-С.м.д. быў заменены на Берлінскім кангрэсе 1878 шматбаковым дагаворам, які быў значна менш выгадны для Расіі і Балгарыі (захавала аўтаномію, але страціла б.ч. тэрыторыі).

т. 14, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГАШ Пётр (сапр. Томаў-Негаш Радзівай Петравіч; 1.11.1813, в. Негушы. Чарнагорыя — 19.10.1851),

чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб. нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Горный венец. М., 1955.

А.​П.​Траяноўскі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТУ́НІЦА Ваіслаў (н. ў 1944, Бялград),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1970), дзе працаваў да 1974, калі быў звольнены за выступленні супраць новай канстытуцыі краіны, якая, на яго думку, давала занадта шмат правоў інш. рэспублікам, прыніжаючы ролю Сербіі. З таго часу быў вядомы як дысідэнт. У 1974—89 у Ін-це грамадскіх навук у Бялградзе. Адзін з заснавальнікаў Дэмакр. партыі (1989). Пасля яе распаду (1992) намагаўся аб’яднаць дэмакр. ідэалы з нац. ідэяй, стварыў Дэмакр. партыю Сербіі. Рэзка выступаў супраць агрэсіі НАТО у Югаславіі 1999 і ў той жа час быў прыхільнікам збліжэння краіны з Захадам. У час вераснёўска-кастр. крызісу 2000 К. і яго прыхільнікі адмовіліся прызнаць афіц. вынікі 1-га тура прэзідэнцкіх выбараў і К. 6.10.2000 абвясціў сябе выбраным прэзідэнтам Югаславіі. Пайшоў у адстаўку з гэтай пасады ў сувязі з пераўтварэннем Югаславіі ў супольніцтва Сербія і Чарнагорыя (сак. 2003; гл. Дадатак). Пасля парламенцкіх выбараў 28.12.2003 у Сербіі — прэм’ер-міністр Сербіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМІРО́ЎСКІ Яўген Львовіч (н. 21.4.1925, г. Кіраваград, Украіна),

расійскі гісторык-славіст, даследчык бел. л-ры. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1975). Чл.-кар. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1991), замежны чл. АН Рэспублікі Чарнагорыя (1996). Скончыў Маскоўскі завочны паліграф. ін-т (1950). Працаваў ва Усесаюзным НДІ паліграф. машынабудавання (1950—73), у 1973—82 у Дзярж. б-цы СССР імя Леніна, у 1982—93 ва Усесаюзнай кніжнай палаце. З 1993 гал. навук. супрацоўнік Рас. дзярж. б-кі. Даследуе гісторыю слав. кнігадрукавання, тэорыю кнігазнаўства. Аўтар кніг «Узнікненне кнігадрукавання ў Маскве: Іван Фёдараў» (1964), «Пачатак славянскага кнігадрукавання» (1971), «Пачатак кнігадрукавання на Украіне: Іван Фёдараў» (1974), «Пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве: Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны» (1978), «Іван Фёдараў на Беларусі» (1979), «Іван Фёдараў. Каля 1510—1583» (1985), «Іаган Гутэнберг. Каля 1399—1468» (1989), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка», «Па слядах Францыска Скарыны» (абедзве 1990). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Gesamtkatalog der Fruhdrucke in kyrillischer Schrift. Bd. 1—3. Baden-Baden, 1996—98;

Почеци штампарства ў Црној Гори. Цетинье, 1996.

Літ.:

Евгений Львович Немировский: Биобиблиогр. М., 1991.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.

1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)