алігацэно́з

(ад аліга- + -цэноз)

фітацэноз, у склад якога ўваходзіць толькі некалькі відаў вышэйшых раслін — прадуцэнтаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),

узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.​М.​Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.

Літ.:

Основы лесной биогеоценологии. М., 1964.

Схема сувязяў у біягеацэнозе.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паразітацэно́з

(ад паразіт + -цэноз)

сукупнасць відаў паразітаў, што насяляюць пэўны орган або ўвесь арганізм чалавека, жывёлы або расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біяцэно́з

(ад бія- + -цэноз)

сукупнасць раслін і жывёл, якія насяляюць тэрыторыю з аднолькавымі ўмовамі існавання, напр. возера, луг, балота.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тафацэно́з

(ад гр. taphos = магіла, пахаванне + -цэноз)

сукупнасць пахаваных у пэўным слаі горных парод рэшткаў раслін, жывёл і слядоў іх жыццядзейнасці (гл. таксама орыктацэноз, танатацэноз).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

танатацэно́з

(ад гр. thanatos = смерць + цэноз)

скапленне мёртвых жывёл і раслін або іх рэшткаў, узнікненню якога садзейнічала, напр. стыхійнае бедства (паводка, лясны пажар, смерч і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),

гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш. н.-д. установах.

Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.

Літ.:

Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біягеацэно́з

(ад бія- + гр. ge = зямля + цэноз)

сукупнасць раслінных, жывёльных і мікраскапічных арганізмаў разам з участкам зямной паверхні, які яны займаюць і з якім звязаны абменам рэчываў і энергіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯЦЭНО́З (ад бія... + цэноз),

прыродная або штучна ўтвораная сукупнасць жывёл, раслін, грыбоў і мікраарганізмаў, якія сумесна насяляюць участак сушы або вадаёма, удзельнічаюць у кругавароце рэчываў і аб’яднаныя пэўнымі адносінамі паміж сабой і з абіятычным асяроддзем; састаўная ч. біягеацэнозу. Напр., сукупнасць усіх жывых арганізмаў участка лесу, возера, поля.

Тэрмін «біяцэноз» прапанаваў ням. заолаг і гідрабіёлаг К.​Мёбіус (1877). Ён падкрэсліваў узаемасувязь усіх кампанентаў біяцэнозу, іх залежнасць ад адных і тых жа абіятычных фактараў, уласцівых дадзенаму месцажыхарству, і ролю натуральнага адбору ў фарміраванні складу біяцэнозу. Адрозніваюць першасныя біяцэнозы, якія склаліся без удзелу чалавека (цалінны стэп, некрануты лес), і другасныя, што зменены дзейнасцю чалавека (лясы, якія выраслі на месцы знішчаных). Асаблівую катэгорыю складаюць згуртаванні, якія ствараюцца і рэгулююцца чалавекам (гл. Аграбіяцэноз). Паводле сістэматычных адзнак вылучаюць фітацэноз (сукупнасць раслін), зоацэноз (сукупнасць жывёл) і мікробацэноз (сукупнасць мікраарганізмаў); функцыянальна паводле ступеняў экалагічнай піраміды падзяляюць на групы арганізмаў: прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, аб’яднаныя трафічнымі сувязямі; структурна адрозніваюць гарызонты, слаі, ярусы, полагі, мератопы. Па сезонах года разглядаюць аспекты біяцэнозаў, утвораных больш дробнымі групоўкамі — кансорцыямі, сінузіямі і марфал. часткамі — парцэламі, можа складацца з нешматлікіх (алігацэноз) і шматлікіх (поліцэноз) відаў. Біяцэноз характарызуецца пэўнай біямасай і біялагічнай прадукцыйнасцю. Найб. складаныя біяцэнозы трапічных лясоў. Біяцэнозы ўмеранага пояса, асабліва лясныя, таксама багатыя паводле складу відаў, напр. біяцэнозы дубровы складзены больш як са 100 відаў раслін, некалькіх тысяч відаў жывёл і сотняў грыбоў і мікраарганізмаў, якія даюць у сукупнасці шчыльнасць насельніцтва ў дзесяткі і сотні тысяч асобін на 1 м². Біяцэнозы вывучае біяцэналогія.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фітацэно́з

(ад фіта- + -цэноз)

сукупнасць відаў раслін на тэрыторыі з больш-менш аднароднымі кліматычнымі, грунтавымі і іншымі ўмовамі, што знаходзяцца ў складаных узаемаадносінах як паміж сабой, так і з навакольным асяроддзем (напр. сасновы лес, дуброва і г. д.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)