ВУГЛЯВО́ДЫ, гліцыды, цукры,

вялікая група складаных арган. злучэнняў з агульнай формулай Cx(H2O)y, што ўваходзяць у хім. састаў усіх жывых арганізмаў і неабходныя для іх жыццядзейнасці. У сухой масе раслін каля 80% вугляводаў, у сухой масе жывёльных арганізмаў каля 2%. Выступаюць у якасці крыніц энергіі (крухмал, глікаген) у метабалічных працэсах (гл. Акісленне біялагічнае, Браджэнне, Гліколіз), структурных элементаў клетачных сценак раслін (цэлюлоза, геміцэлюлоза), бактэрый (мурамін), грыбоў і вонкавага шкілета членістаногіх (хіцін), уваходзяць у склад біялагічных мембран, жыццёва важных рэчываў (нуклеінавых кіслот, каферментаў, вітамінаў), складаных комплексаў з бялкамі (глікапратэінаў, пратэагліканаў) і ліпідамі (глікаліпідаў); у выглядзе гліказідаў вугляводы ажыццяўляюць транспарт розных прадуктаў абмену рэчываў. Гідрафільныя поліцукрыды садзейнічаюць падтрыманню воднага балансу клетак і г.д. Утвараюцца вугляводы раслінамі ў працэсе фотасінтэзу з вады і вуглякіслага газу, а таксама сінтэзуюцца ў клетках печані чалавека і жывёл у працэсе глюканеагенезу. Паводле саставу вугляводы падзяляюцца на простыя — монацукрыды (глюкоза, фруктоза, галактоза, маноза і інш.), алігацукрыды (найб. вядомыя дыцукрыды — мальтоза, цэлабіёза, лактоза, цукроза) і складаныя — поліцукрыды (крухмал, глікаген, дэкстраны, хіцін, цэлюлоза, гепарын і інш.). Вугляводы складаюць адну з асн. частак харчовага рацыёну чалавека і жывёл, шырока выкарыстоўваюцца ў харч. і кандытарскай прам-сці (крухмал, цукроза, пекціны, агар-агар і інш.). Хім. ператварэнні вугляводаў ляжаць у аснове тэхнал. працэсаў браджэння (вытв-сць этылавага спірту, віна, піва, хлебабулачных вырабаў, гліцэрыну, воцату, малочнай, лімоннай, глюконавай к-т і інш. рэчываў), апрацоўцы драўніны, вырабу паперы і тканін з раслінных валокнаў, пластмас, выбуховых рэчываў і інш. Глюкоза, аскарбінавая кіслата, сардэчныя гліказіды, антыбіётыкі з вугляводнай асновай, гепарын шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Гл. таксама Вугляводны абмен.

С.​А.​Вусанаў.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГАМІЦЭ́ТЫ (Zygomycetes),

клас ніжэйшых грыбоў. 4 парадкі: мукаральныя (Mucorales), эндаганальныя (Éndogonales), энтамафтаральныя (Entomophthorales), заапагавыя (Zoopagales). 40 родаў, больш за 500 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі каля 20 відаў з парадкаў мукаральных і энтамафтаральных. Сапратрофы, ёсць паразіты. Пасяляюцца ў глебе, на агародніне, псуюць харч. прадукты, выклікаюць мукарамікозы жывёл і чалавека, гніенне с.-г. прадукцыі. Некат. віды з родаў мукор, фікаміцэс і інш. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. і харч. прам-сці, віды энтамафтаральных — для біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Міцэлій добра развіты, шмат’ядзерны, няклетачны, у спелым стане падзелены на клеткі. У клетачных абалонках ёсць хіцін, хітазан, часам глюкан. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак) з утварэннем зігаспораў (адсюль назва). Зігота ўтварае спарангій з рознымі па палавым знаку спорамі ў адрозненне ад бясполага спарангія. Бясполае размнажэнне нерухомымі спарангіяспорамі або канідыямі. Органы бясполага размнажэння марфал. разнастайныя (сістэм. прыкмета).

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),

клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.

У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 35—64.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,

вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, або дэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)