Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Па́часаваць ’пачакаць’: у выразе пачасуй ’пачакай’ (пін., Сб. 1866, Нас.), рус.пск., цвяр.почасить ’пачакаць, патрываць з гадзінку’, серб.-харв.по̀часити ’тс’. Беларуска-руска-сербска-харвацкая ізалекса. Да па‑ і час (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МО́ЎНЫ САЮ́З,
аб’яднанне некалькіх генетычна не звязаных (няроднасных) моў, у структуры якіх з’явіліся рысы падабенства ў выніку ўзаемадзеяння моў пры пэўных сац.-гіст., геагр. і інш. умовах. У мовах, што ўваходзяць у М.с., шмат аднолькавых слоў, запазычаных мовамі-суседзямі адна ў адной, падабенства граматычных канструкцый. М.с. звычайна суправаджаецца этнагр. агульнасцю: падабенствам фальклору, прыкладнога мастацтва, адзення, сродкаў невербальнай камунікацыі (жэстаў, мімікі). Прыкладам М.с. з’яўляецца балканскі М.с. — балг., македонская, алб., навагрэч., сербская і харвацкая, румынская мовы. Тэрмін «М.с.» упершыню ўвёў М.С.Трубяцкой (1923).
Літ.:
Нерознак В.П. Языковые союзы // Лингвистическая типология. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІРЫ́ЗМ, харвацкае адраджэнне,
грамадска-паліт. і культ. рух 1830—40-х г. у Харватыі, Славоніі і інш.паўд.-слав. землях, абумоўлены працэсам складання харвацкай нацыі. Ідэолагі І. лічылі паўд. славян і некаторыя неслав. народы нашчадкамі стараж.ілірыйцаў (адсюль назва руху), ставілі бліжэйшай мэтай іх літ.-моўнае аб’яднанне на аснове харвацкай мовы як перадумову будучага паліт. аб’яднання (стварэння аўтаномнага краю Ілірыя ў складзе федэратыўнай манархіі Габсбургаў). Дзеячы І. выдавалі газеты і стваралі л-ру на харвацкай мове, патрабавалі ад аўстр. ўрада забеспячэння аўтаноміі Харватыі і Славоніі. Дзякуючы намаганням дзеячаў І. ў 1847 харвацкая мова была прызнана афіцыйнай у Харватыі і Славоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СІЧ (Mesić) Сціпе (н. ў 1935),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Харватыі, юрыст. Скончыў Заграбскі ун-т. За ўдзел у «харвацкай вясне» 1971 (выступленні студэнтаў і інтэлігенцыі з патрабаваннем дэмакр. рэформ у тагачаснай Югаславіі) засуджаны на 2 гады турэмнага зняволення. Адзін з заснавальнікаў (1990) і ген. сакратар партыі Харвацкая дэмакратычная садружнасць (ХДС, лідэр — Ф.Туджман), якая выступала за незалежнасць Харватыі. З крас. 1990 кіраўнік урада Харватыі, адначасова з жн. 1990 чл.калект. кіруючага органа — Прэзідыума Югаславіі, з ліп. 1991 яго апошні старшыня. Праводзіў курс на распад Югаславіі, 5.12.1991 адкліканы з Прэзідыума харвацкім парламентам. З 1991 прэм’ер-міністр, з 1994 старшыня ніжняй палаты Сабора (парламента) незалежнай Харватыі. У знак пратэсту супраць аўтарытарных метадаў кіравання прэзідэнта Туджмана выйшаў у 1994 з ХДС і стварыў партыю Незалежныя дэмакраты Харватыі. Прэзідэнт Харватыі з 18.2.2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́БЛІЯ СЛА́ВІКА»
(«BIBLIA SLAVICA»),
навуковая праграма па выданні слав. біблій. Засн. ў 1988 ням. славістамі Г.Ротэ і Р.Олешам. Мае 6 серый: «Чэшская біблія», «Польская біблія», «Усходнеславянская біблія», «Сербская біблія», «Харвацкая біблія», «Літоўская біблія». У серыі «Усходнеславянская біблія» ў выд-ве Ф.Шонінга ў 2002 выйшла выданне «Біблія славіка. III 1. Скарына. Каментарыі. Апостал 1525», якое складаецца з 2 частак. 1-я ч. — «Біблія руская. Выкладзена доктарам Францыскам Скарынаю. Прага 1517—1519» — гэта каментарыі да факсімільнага выдання «Бібліі» Скарыны (Мн., т. 1—3, 1990—91). У ёй пад рэд. Ротэ і Ф.Шольца змешчаны артыкулы бел. навукоўцаў А.Жураўскага, А.Конана, Г.Галенчанкі, І.Саверчанкі, В.Шматава, У.Свяжынскага. 2-я ч. — «Апостал. Вільна 1525» — факсімільны тэкст «Апостала» Скарыны з каментарыямі Ротэ. У ім даследуюцца крыніцы, якія былі падставай і тэкстамі для перакладаў твораў Скарыны на старабел. мову. Выданне ілюстраванае.
Літ.:
Сакалоўскі У. Скарынаўская біблія: Нямецкая славістыка і выданне беларускай культурнай спадчыны Адраджэння // Роднае слова. 2003. № 6;
Яго ж. Библия Скорины в Германии // Неман. 2003. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пядзень ’пядзя; мера’ (Шымк. Собр.). Беларуска-руска-cлавенска-харвацкая ізаглоса, параўн. рус.пя́день ’мера рукой (указальным і вялікім пальцамі)’ (алан., валаг., Раманава, Меры, 88–89), славен.péden, pedȃnj ’пядзя, прамежак’, харв.pȇdanj, pēdenj ’пядзя’, утворана пры дапамозе суфікса ‑ьnʼь ад *pędь (Куркіна, Диал., 157), гл. пядзя, сюды таксама энтамалагічныя тэрміны: пя́дзенік ’матыль-шкоднік, яго вусень’, рус.пя́деница ’тс’ (бо вусень перасоўваецца шляхам выгібання спіны, як бы мераючы пядзямі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ХАРВА́ТЫЯ (Hrvatska), Рэспубліка Харватыя (Republika Hrvatska),
дзяржава ў Паўд. Еўропе. Мяжуе на Пн са Славеніяй, Венгрыяй, на У з Сербіяй і Чарнагорыяй, Босніяй і Герцагавінай; на З абмываецца Адрыятычным морам. Пл. 56,5 тыс.км². Нас. 4390,8 тыс.чал. (2002). Дзярж. мова — харвацкая. Сталіца — г.Заграб. Падзяляецца на 20 жупаній (акруг) і асобную адм. адзінку — г. Заграб. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Х. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Сабор Рэспублікі Харватыі (парламент), які складаецца з 2 палат: палата прадстаўнікоў (127 дэпутатаў) і палата жупаній (акруг, 68 дэпутатаў). Выканаўчая ўлада належыць ураду, які назначаецца прэзідэнтам і зацвярджаецца парламентам.
Прырода. Рэльеф цэнтр. і зах.ч. гарысты (Дынарскае нагор’е, выш. да 1831 м), развіты карст. На У узгорыстая раўніна (паўд.-зах. ўскраіна Сярэднедунайскай раўніны). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны і буры вугаль, баксіты, мінер.буд. матэрыялы. Клімат на У умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. -2 °C ва ўнутр. раёнах, 5—10 °C на ўзбярэжжы, ліп. 18—25 °C. Ападкаў каля 600—700 мм за год, на ўзбярэжжы да 1000 мм. Гал. рэкі — Сава і Драва. Глебы ў гарах бурыя лясныя, на раўніне чарназёмы. Пад лесам 36% тэр. У гарах шыракалістыя (дуб, бук) і хвойныя лясы (піхта, елка), карставыя раёны — бязлесыя пустэчы, уздоўж узбярэжжа — міжземнаморская расліннасць (маквіс). Нац. паркі: Пакленіца, Плітвічка, Рысняк.
Насельніцтва. 78,1% насельніцтва складаюць харваты. Жывуць таксама сербы (12,2%), баснійцы (0,9%), венгры і славенцы (па 0,5%), чэхі (0,4%), албанцы (0,3%) і інш. Вернікі ў асн. католікі (77%), ёсць правасл. хрысціяне (11%), мусульмане (1,2%), пратэстанты (0,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 77,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліна р. Сава і паласа ўздоўж мора. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Заграб (1060), Спліт (190), Рыека (169), Осіек (130). У прам-сці і буд-ве занята 31,1% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы 4,3%, у абслуговых галінах 64,6%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Х. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. да н.э. яна заваявана Стараж. Рымам (з 1 ст.н.э. ў складзе правінцый Панонія і Далмацыя), з 395 н.э. — у складзе Візантыі. У 6—7 ст. гэту тэр. засялілі славяне (продкі сучасных харватаў). У канцы 8 — пач. 9 ст. яны трапілі ў залежнасць ад франкаў. Пры кн. Трпыміру (правіў у Далмацыі) і яго пераемніках да канца 9 ст. ліквідавана залежнасць ад франкаў і ад Візантыі, зацвердзілася хрысціянства. У час праўлення кн. Таміслава [910—930) Х. стала каралеўствам (925); умацаваліся пазіцыі рым.-каталіцкай царквы, богаслужэнне на слав. мове было забаронена. У 1102 Х. заключыла унію з Венгрыяй. У аб’яднанай венг.-харвацкай дзяржаве вярх. ўлада належала каралю Венгрыі, а яго прадстаўніком у Х. прызначаўся бан. Захоўваліся прывілеі харвацкай знаці, землі краіны наз. Каралеўства Х., Славонія і Далмацыя (Трохадзінае каралеўства). У выніку працяглых войнаў да 1420 Далмацыя трапіла (акрамя Дуброўніка) пад уладу Венецыі. З канца 15 ст. ў харвацкія землі ўрываліся туркі-асманы, якія разбілі венг.-харвацкае войска ў Мохацкай бітве 1526. Калі на венг. прастол быў выбраны аўстр. эрцгерцаг Фердынанд, у 1527 Славонія і Х. ўвайшлі ў імперыю Габсбургаў. У час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. землі Х., захопленыя раней туркамі. вызвалены і далучаны да ўладанняў Габсбургаў. У часы праўлення Марыі Тэрэзіі [1740—80] і Іосіфа II [1780—90] значна абмежаваны аўт. правы Х. і Славоніі, харвацкія дваране страцілі ч. сваіх прывілеяў. У перыяд напалеонаўскіх войнаўч.тэр. Х. ўвайшла ў склад Ілірыйскіх правінцый, падначаленых Францыі. У 1815 гэтыя землі вернуты пад уладу Габсбургаў. У 1830—40-я г. ў Х. і Славоніі адбываўся грамадска-паліт. і культ. рух ілірызм, удзельнікі якога выступалі за развіццё нац. мовы і культуры. У час рэвалюцый 1848—49 у Аўстрыі і Венгрыі харвацкія дваране змагаліся за аўтаномію краіны ў складзе Аўстр. імперыі і таму выступілі супраць рэв. ўрада Венгрыі, які імкнуўся стварыць унітарную дзяржаву. Пасля пераўтварэння Аўстр. імперыі ў Аўстра-Венгрыю (1867) паводле венг.-харвацкага пагаднення 1868 Х. атрымала абмежаваную аўтаномію. У 1870-я г. шэраг рэформ правёў бан І.Мажураніч.
З развіццём капіталіст. адносін у 2-й пал. 19 ст. ў харвацкім паліт. руху ўзнік кірунак югаславізм (І.Штросмаер, Ф.Рачкі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Х. аформіліся Партыя права, Нар.сял. партыя, партыя мадзьяронаў (уніяністаў). У 1-ю сусв. вайну большасць харвацкіх партый падтрымлівала ваен. намаганні ўрада Аўстра-Венгрыі, але ч. харвацкіх паліт. дзеячаў уваходзіла ў створаны ў 1915 у Лондане Паўднёваславянскі камітэт, які арыентаваўся на дзяржавы Антанты, удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Корфскай дэкларацыі 1917. Пасля ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі (кастр.—ліст. 1918) Х. ўвайшла (1.12.1918) у склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 1929 узнік праварадыкальны рух устаноў, якія імкнуліся стварыць этнічна і канфесіянальна «чыстую» незалежную харвацкую дзяржаву. У крас. 1939 падпісана пагадненне пра ўтварэнне асобнай адм.-тэр. адзінкі — Банавіны Х. на чале з банам (прызначаўся каралём, падпарадкоўваўся яму і парламенту Х. — Сабору); прадстаўнікі Х. ўвайшлі ў югасл. ўрад. У 2-ю сусв. вайну, пасля паражэння югасл. войскаў у ходзе Балканскай кампаніі 1941, усташы са згоды ням.-фаш.акупац. улад абвясцілі на тэр. Х., Босніі і Герцагавіны «Незалежную дзяржаву Х.» (НДХ) на чале са сваім лідэрам А.Павелічам. НДХ падзялялася на 22 вял. жупаніі (акругі), тут адбываліся дэпартацыі і этнічныя чысткі сербскага насельніцтва, праследаваліся масоны, камуністы і яўрэі. Вайск. падраздзяленні НДХ («Харвацкі легіён») удзельнічалі ў баях на сав.-герм. фронце. Пасля вызвалення краіны ад акупацыі 14.4.1945 у г. Спліт утвораны пераходны ўрад на чале з В.Бокарычам. У пасляваен. час да 1991 Х. Нар., з 1963 — Сацыяліст. рэспубліка ў складзе югасл. федэрацыі, якой да 1980 кіраваў харват І.Ціта. Да канца 1980-х г. у Х. акрэсліўся рух за дзярж. суверэнітэт краіны, у 1989—91 узніклі нац. партыі (Харвацкаядэмакр. супольнасць, ХДС; Харвацкая партыя права; Харвацкаясял. партыя і інш.) і працэс нац. самавызначэння набыў канкрэтныя рысы. У крас. 1990 на парламенцкіх выбарах перамагла ХДС, а яе лідэр Ф.Туджман узначаліў Прэзідыум Х. 23.12.1990 Сабор зацвердзіў канстытуцыю Х., якая замацавала за рэспублікай статус самаст. дзяржавы ў складзе Югаславіі. Паводле папраўкі да канстытуцыі (чэрв. 1991) Х. абвешчана дзяржавай харватаў і інш. народаў. Страта сербамі статусу дзяржаваўтваральнага народа выклікала канфлікт у Сербскай Краіне з пераважна сербскім насельніцтвам (у 1995—98 вырашаны на карысць харватаў, у т. л. з выкарыстаннем зброі). 25.6.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць Х., якую адразу прызнала Германія, а ў пач. 1992 і інш. краіны Зах. Еўропы. На датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у жн. 1992 перамаглі ХДС і яе лідэр Туджман (да 1999 прэзідэнт Х.). Х. была ўцягнута ва ўзбр. канфлікт з Сербіяй (да 1995) і ў Баснійскі крызіс 1990-х г. З сярэдзіны 1990-х г. адносіны з Сербіяй (Югаславіяй) нармалізаваліся, акрэсліліся інтэграцыя краіны ў еўрап.паліт. і эканам. арг-цыі і супрацоўніцтва з НАТО. У студз. 2000 прэзідэнтам Х. выбраны С.Месіч. Х. — чл.ААН (з 1992), Савета Еўропы (з 1996) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.9.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Харвацкаядэмакр. супольнасць (дамінуе ў паліт. жыцці), Харвацкаясац.-ліберальная партыя, Харвацкаясял. партыя, С.-д. партыя Х., Харвацкая партыя права і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Х., Аб’яднанне аўт. прафсаюзаў Х., Харвацкае аб’яднанне прафсаюзаў.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (61 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (40 тыс.чал.; 2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 53 тыс.чал., больш за 300 танкаў, каля 110 баявых машын пяхоты, 45 бронетранспарцёраў, больш за 420 буксірных гармат, 1 тыс. мінамётаў, 600 гармат зенітнай артылерыі. У ВПС 5 тыс.чал., 40 баявых самалётаў, 15 баявых верталётаў. У ВМС 3 тыс.чал., 1 звышмалая падводная лодка, 1 карвет, 11 патрульных катэраў, 3 малыя дэсантныя караблі. 4 дэсантныя катэры і інш.
Гаспадарка. Х. — індустр.-агр. краіна; у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі была адной з найб. эканамічна развітых. Эканам. крызіс і страты ад ваен. дзеянняў (каля 27 млрд.дол.) у пач. 1990-х г. значна знізілі ўзровень эканам. развіцця. Рыначныя рэформы нармалізавалі сітуацыю ў нар. гаспадарцы. Эканам. палітыка накіравана на шырокую інтэграцыю ў еўрап.эканам. прастору. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 36,1 млрд.дол. (8,3 тыс.дол. на 1 чал.). Доля ў ВУП прам-сці 33%, сельскай гаспадаркі 10%, сферы паслуг 57%. Здабыча нафты і газу (у міжрэччы Савы і Дравы), вугалю (Драўска-Саўскі бас.), баксітаў і цэментавай сыравіны (прыморскія раёны), солі (з марской вады). Электраэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні гідраэнергет. рэсурсаў горных рэк, мясц. і імпартуемым паліве. Вытв-сць электраэнергіі 10,6 млрд.кВт∙гадз (2000), у т. л. на ГЭС 55%, на ЦЭС 45%. Развіта чорная (вытв-сць чыгуну, сталі, трубапракату, г. Сісак) і каляровая (вытв-сць алюмінію 55 тыс.т штогод, Шыбенік, Лозавац) металургія, нафтаперапр. (Рыека, Сісак, Заграб), хім. (вытв-сць пластмас, фарбаў, хімікатаў, Заграб, Пула, Сісак, Спліт), фармацэўтычная (Заграб) прам-сць. У машынабудаванні вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (Спліт, Рыека, Пула). вытв-сцьчыг. рухомага саставу (Славанскі-Брод). Развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Заграб, Осіек), с.-г. (вытв-сць трактароў 4,9 тыс.шт., Осіек), станкабуд. (Заграб) галіны; вытв-сць абсталявання для чорнай і каляровай металургіі, атамнай, хім. і харч. прам-сці. Традыц. развіты тэкст., у т. л. баваўняная і шарсцяная (Заграб, Карлавац, Дуга-Рэса, Вараждзін), гарбарна-абутковая (Заграб, Карлавац), харч. (кансервавая, рыбная, цукр., алейная, мясная, мукамольная, тытунёвая, вінаробная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (Рыека, Заграб, Осіек) прам-сць. Асн. цэнтр паліграф. прам-сці — г. Заграб. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту (раёны Спліта і Заграба). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 1,36 млн.га (2002), пераважна на Пн і ПнУ краіны. Вырошчваюць пшаніцу (558 тыс.т, 2000), кукурузу (2135 тыс.т), ячмень, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, кармавыя культуры (люцэрна, канюшына і інш.). Садоўніцтва (слівы, яблыкі), на Пд ад Спліта — субтрапічнае пладаводства (цытрусавыя, аліўкі, інжыр, міндаль). Вінаградарства (380 тыс.т штогод). На раўнінах гадуюць свіней (1,36 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (439 тыс. галоў), на нагор’і — авечак (489 тыс. галоў) і коз. Птушкагадоўля (10,9 млн. галоў, 1997). Улоў рыбы і морапрадуктаў 19,9 тыс.т (1999). Лесанарыхтоўкі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгункі 2726 км, аўтадарог 28 тыс.км (1999). У краіне 698 тыс. легкавых і 54 тыс. грузавых аўтамашын. Гал. марскія парты: Рыека, Спліт, Пула, Дуброўнік, Шыбенік, Задар. 67 аэрапортаў. Замежны турызм (даход 2,5 млрд.дол.). Адрыятычнае ўзбярэжжа — буйны курортны раён (Рыека, Дуброўнік, Спліт і інш.). Экспарт (4,5 млрд.дол., 2001) прамысл. абсталявання, алюмінію, хім. прадукцыі, тэкстылю, абутку. харч. прадуктаў. Імпарт (8,4 млрд.дол., 2001) машын і абсталявання, сыравіны, паліва, хімікатаў. Асн.гандл. партнёры: Італія, Германія, Славенія, Расія, Аўстрыя, Боснія і Герцагавіна. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з Х. у 2001 склаў 18,1 млн.дол. Грашовая адзінка — куна.
Архітэктура. З 5-га тыс. да н.э. вядомы паселішчы неўмацаванага тыпу (зямлянкі, плеценыя буданы), з 2-га тыс. да н.э. — тэрасныя паселішчы ілірыйцаў, абнесеныя каменнымі сценамі. Захаваліся раннехрысц. араторыі ў Соліне і Порачы (3—1 ст.), хрысц. базілікі ў Задары, Пулі, Порачы і інш. (5—6 ст.). Унікальны помнік стараж.-рым. дойлідства — умацаваны палац Дыяклетыяна ў Спліце (каля 300). Вядомы багатыя некропалі 7 ст. У 9—12 ст. на тэр. Далмацыі ўзводзілі разнастайныя па формах храмы ў візант. і цэнтр.-еўрап. традыцыях (храм-ратонда св. Доната ў Задары, царква св. Крыжа ў Ніне каля Задара). У канцы 12 ст. пашырыўся раманскі стыль: будынкі гар. камун, 3-нефавая базіліка Кршэвана і царква св. Стошыя са шмат’яруснымі званіцамі ў Задары; іх строгія фасады аздоблены несапраўднымі аркадамі і аркатурамі. У 14 ст. ў аздабленні інтэр’ераў выкарыстоўваліся элементы готыкі. Матывы венецыянскай готыкі спалучаліся з раманскімі рысамі (ратушы і жылыя дамы ў Трогіры і Спліце), будаваліся 3-нефавыя базілікальныя, зальныя цэрквы з крыжовымі скляпеннямі і вял. хорамі (сабор, царква св. Марка ў Заграбе). У 15—16 ст. павялічылася колькасць умацаваных гарадоў, на Адрыятычным узбярэжжы яны захоўвалі рэгулярную, на Пн — ірэгулярную планіроўку. У архітэктуры Дуброўніка адбыўся пераход ад готыкі да рэнесансу; яго цэласны ансамбль уключаў магутныя ўмацаванні, жылыя, культавыя і грамадскія будынкі (Княжацкі двор, т.зв. Дывона — б. мытня і манетны двор, манастыры, цэрквы. партовыя збудаванні). Тут вылучыліся буйныя мясц. архітэктары і скульптары Юрай Далмацінец і Нікола Фларэнцінец (сабор у Шыбеніку, 1460—70), арх. П.Андрыіч (царква св. Спаса ў Дуброўніку, 1528). На Пн будавалі замкі з круглымі і прамавугольнымі прысадзістымі вежамі з шатровымі дахамі (Вараждзін, Велікі-Табар. Шаранград і інш.). У 17 ст.італьян. і аўстр. дойліды пашырылі ў Х. стыль барока (касцёлы св. Кацярыны ў Заграбе, св. Марыі ў Дуброўніку, палацы Оршыч-Раўхаў у Заграбе, Пататычаў у Вараждзіне, сабор у Дуброўніку). У пач. 19 ст. будавалі ў стылі класіцызму (палацы арх. Б.Фелбінгера ў Заграбе). Неарэнесанс і неабарока (канец 19 ст.) выявіліся ў будынках Акадэміі навук і мастацтваў у Заграбе, т-раў у Спліце, Дуброўніку і інш. У пач. 20 ст. пачала складвацца заграбская арх. школа, для якой характэрна імкненне да рацыянальных і манум. форм неакласіцызму (арх. В.Ковачыч, Х.Эрліх). У 1920—30-я г. панаваў функцыяналізм (Д.Іблер, С.Гомбаш, М.Каўзларыч, А.Албіні і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць нац. традыцыі функцыяналізму (аэрапорт каля Заграба, атэль «Мар’ян» і універмаг «Прыма» ў Заграбе, усе 1960-я г.). Новыя раёны на ўскраінах гарадоў адметныя свабоднай прасторавай арганізацыяй, спалучэннем верт. і гарыз. аб’ёмаў (Заграб. Спліт, Рыека, Пула). Курортныя комплексы на Адрыятычным узбярэжжы вылучаюцца прыёмамі бруталізму, натуральна ўпісваюцца ў прыродны ландшафт. У 1961 засн. Саюз архітэктараў Х.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Х. захаваліся неалітычная гравіраваная і размаляваная кераміка, блізкая да помнікаў Цэнтр. Еўропы і Міжземнамор’я, творы мастацтва ілірыйцаў і кельтаў; на ўзбярэжжы Адрыятыкі — скульптура і помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва рым. часу. У 5—6 ст. мазаікамі, ювелірнымі вырабамі авараў і стараж. славян аздаблялі хрысц. базілікі. У 9—12 ст. пашырыўся рэльефны арнамент — «харвацкая пляцёнка». У Далмацыі ў 13 ст. ў росквіце раманская скульптура (дзверы сабора ў Спліце з рэльефнымі шматфігурнымі пано, 1214, майстар Андрэй Бувіна). у духу познеант. мастацтва — рэльефная каменная разьба (партал сабора ў Трогіры, 1240, майстар Радаван). Пераасэнсаванне візант. стылю адбілася ў фрэскавых размалёўках (сабор у Заграбе, канец 13 ст.). Вылучаліся рэнесансавая скульптура (усх. фасад сабора ў Шыбеніку, скульпт. Юрай Далмацінец: убранне інтэр’ера капэлы Урсіні ў саборы ў Трогіры, скульпт. Нікола Фларэнцінец, А.Алешы, І.Дукнавіч і інш.) і алтарны жывапіс (Н.Бажыдаравіч, М.Хамзіч і інш.). У Цэнтр. Х. ў мініяцюры і алтарным жывапісе выявіліся рысы рэнесансу. Жывапісная школа п-ва Істрыя спалучала наіўна-рэаліст. і рэнесансавыя рысы, блізкія жывапісу Славеніі (шматфігурныя фрэскі царквы ў Бераме, 1474, аўтар Вінцэнт з Каствы). З канца 17 ст. ў алтарнай скульптуры і жывапісе пашырыўся стыль барока (маст. Б.Бобіч, Ф.Бенкавіч, І.Рангер). У 15—18 ст. высокім маст. узроўнем вылучаліся разьба па дрэве, ткацтва, апрацоўка металу, вышыўка золатам, пашыраны злотніцтва, коўка, інтарсія. З сярэдзіны 19 ст. на хвалі нац.-вызв. ідэй развіваўся рамант. жывапіс (В.Букавац, Ф.Кікераз, Н.Машыч, Ц.Медавіч, М.Црнчыч). Стыль мадэрн распрацоўваў скульпт. Р.Франгеш-Міханавіч. З пач. 20 ст. фарміруецца нац.маст. школа. У творчасці М.Кралевіча, Х.Рачыча закладзены асновы харв. школы жывапісу 20 ст. У 1920-я г. прадстаўнікі «Суполкі трох» Л.Бабіч, В.Бецыч, І.Мішэ спалучалі постімпрэсіянісцкія тэндэнцыі з нац. тэматыкай. Рысы сезанізму ў пейзажах Дж.Цільяка, нацюрмортах М.Трэпшэ. Жывапісцы і графікі групы «Зямля» імкнуліся да адраджэння нар. мастацтва. Развіццю творчасці сялян-самавукаў (І.Генераліч, М.Вірыус, Ф.Мраз) спрыяла дзейнасць К.Хегедушыча, які стварыў школу мастакоў-прымітывістаў у Хлебіне (1930). Заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы — І.Мештравіч, традыцыі якога працягвалі А.Аўгусцінчыч, Ф.Кршыніч і інш. У канцы 1950-х г. да абстрактнага мастацтва звярнуліся жывапісцы І.Войвадзіч, Э.Мурціч, А.Срнец. Рысы сюррэалізму ў работах Хегедушыча, М.Станчыча. У творчасці скульпт. В.Бакіча, Д.Джамані і інш. дамінавалі эксперым. асацыятыўна-фармальныя пошукі. Кампазіцыі на фалькл. тэмы ствараў Е.Прыца. У нар. мастацтве развіваюцца кераміка, маст. тканіны, коўка, разьба па дрэве, карункапляценне. У 1945 засн. Саюз мастакоў Х.
Літ.:
Алешина Л.С., Яворская Н.В. Искусство Югославии. М., 1966;
Белоусов В.Н. Современная архитектура Югославии. М., 1973;
Фрейдзон В.И. История Хорватии. СПб., 2001.
В.А.Сімакова (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя пасля 1918), І.А.Шор (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Харватыі.Да арт.Харватыя. Горад Заграб.Да арт.Харватыя. Базіліка святога Кршэвана ў Задары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў, агульным продкам якіх з’яўляецца праславянская мова. Належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў. Найб. блізкія да С.м. балтыйскія мовы. Пашыраны на тэр. Еўропы і Азіі. Носьбітамі С.м. з’яўляюцца каля 350 млн. чалавек. У славяназнаўстве ў залежнасці ад геагр. лакалізацыі, асаблівасцей гіст. развіцця вылучаюць 3 слав. моўныя групы: усх.-слав., зах.-слав. і паўд.-славянскую. Да ўсх.-слав. групы адносяцца: беларуская мова, руская мова, украінская мова. Зах.-слав. група аб’ядноўвае польскую мову, чэшскую мову, славацкую мову, сербалужыцкія мовы і мёртвую палабскую мову. Да паўд.-слав. групы належаць балгарская мова, македонская мова, сербская мова, харвацкая мова, славенская мова, мёртвая стараславянская мова. Існуюць і т.зв. слав.літ. мікрамовы, якія функцыянуюць на вельмі абмежаванай тэр.: русінская, кашубская, усх.-славацкая, ляшская і інш.
С.м. ўяўляюць сабой вельмі блізкую групу роднасных моў у параўнанні з інш. індаеўрап. мовамі. Гэта праяўляецца ў лексіцы, структуры слова, словаўтваральных сродках, граматыцы, сінтаксісе, семантыцы. Аднак паміж імі існуюць і значныя адрозненні, што абумоўлена іх рознымі шляхамі развіцця ў апошнія паўтары тыс. гадоў. Напр., лексічны склад многіх С.м. адрозніваецца запазычаннямі з інш. неслав. моў: турцызмы ў балг. мове, германізмы ў чэшскай, літуанізмы ў беларускай і г.д. Пісьменнасць у славян існуе на аснове 2 азбук: слав. (гл. Кірыліца) і лац. (гл. Лацінскі алфавіт). Слав. азбука служыць усім усх. славянам, балгарам, сербам. македонцам. Зах. славяне, харваты, славенцы карыстаюцца лац. алфавітам. Для абазначэння некат. спецыфічных слав. гукаў, якія не маюць у лац. алфавіце адпаведных літар, ужываюцца розныя надрадковыя знакі або спалучэнні літар.
Працэс пераходу праслав. мовы ў самастойныя С.м. гістарычна звязаны з узнікненнем ранніх слав.феад. дзяржаў на значнай тэр.Паўд.-Усх. і Усх. Еўропы ў апошнія стагоддзі 1-га тыс.н.э. У розныя гіст. эпохі колькасць і суадносіны С.м. мяняліся. Так, у наш час мёртвай з’яўляецца стараслав. мова, якая раней мела важнае культ. і культавае значэнне ў жыцці славян, зрабіла істотны ўплыў на фарміраванне і развіццё інш. С.м. (асабліва паўд. і ўсх.). Рус., бел. і ўкр. мовы існуюць як самастойныя з 14 ст.; яны развіліся з адной старажытнарускай мовы, якая раней абслугоўвала патрэбы моўных зносін усіх усх. славян. Знікла палабская мова, на якой размаўляла слав. насельніцтва. што жыло ў басейне р. Лаба (Эльба). У выніку актыўнай германізацыі палабы перайшлі на ням. мову. З другога боку, македонская мова як самаст.літ. мова сфарміравалася ў 20 ст., у 19 ст. былі аб’яднаны ў моўных адносінах сербы і харваты. У канцы 20 ст. адбылося разыходжанне сербскай і харвацкай моў, адзначаны намаганні моваведаў Босніі і Герцагавіны ў стварэнні т.зв. басняцкай (баснійскай) мовы.
Літ.:
Кондрашов Н.А. Славянские языки. 2 изд. М., 1962;
Нахтигал Р. Славянские языки. М., 1963;
Славянские языки. М., 1977;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц.паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкаядэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац.тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар.дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.