ЖЭНЬШЭ́НЬ (Panax ginseng; кіт. «корань жыцця» літар. «чалавек-корань»),

рэліктавая кветкавая расліна роду панакс сям. араліевых. Трапляецца ў цяністых шыракаліста-хвойных лясах Паўн.-Усх. Кітая, Паўн. Карэі і на Д. Усходзе (Прыморскі і Хабараўскі краі).

Занесены ў Чырвоную кнігу СССР (1984). На Беларусі вырошчваецца ў культуры ў некат. гаспадарках і аматарамі.

Шматгадовая травяністая расліна з адзіночным прамастойным сцяблом выш. каля 0,5 м і кальчаком з 3—5 доўгачаранковых пальчата-складаных лістоў у яго верхняй частцы. Корань масай да 400 г стрыжнёвы, слабагалінасты, мясісты, белавата-шэры або жаўтаваты, расце марудна (да 100 і больш гадоў). Кветкі дробныя, зеленавата-белыя, сабраныя ў просты парасонік. Плод — ярка-чырвоная сакаўная касцянка. Вільгацелюбівая, адносна цеплалюбівая расліна, размнажаецца насеннем. Каштоўная лек. расліна (мае ў каранях і карэнішчы трытэрпенавыя кліказіды з танізуючым дзеяннем). Прэпараты Ж. выкарыстоўваюць пры сардэчных і нерв. захворваннях, малакроўі, гіпатаніі, рэўматызме, цукр. дыябеце і інш.

Г.У.Вынаеў.

Жэньшэнь.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́ЛА-АМУ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ (БАМ),

чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс. км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л. Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.

С.А.Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)