БАРАНО́ЎСКІ (Ян Юзаф) (7.9.1805, г.п. Смілавічы Мінскай вобласці — 30.3.1888),

фінансіст, вынаходнік. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1821), Віленскі ун-т (1826) са ступенню канд. права. З 1827 служачы ў Польскім банку, пазней — у банках Францыі, з 1843 інспектар бухгалтэрыі чыгункі Парыж—Руан—Гаўр. На сусв. выстаўках у Парыжы (1849) узнагароджаны медалём за такс-машыну для кантролю праязных білетаў, у Лондане (1851) вял. медалём за машыну для друку і кантролю чыг. білетаў. Распрацаваў сістэму аўтам. сігналізацыі на чыгунцы. Аўтар праекта нар. франц. пазыкі. Склаў англ.-польскі навук.-тэхн. слоўнік.

В.​А.​Гапоненка.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

financier

[,fɪnənˈsɪr]

1.

n.

фінансі́стm.

2.

v.t.

1) фінансава́ць

2) кірава́ць фіна́нсамі

3.

v.i.

займа́цца фіна́нсавымі апэра́цыямі

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

НЕКЕ́Р ((Necker) Жак) (30.9.1732, Жэнева — 9.4.1804),

французскі дзярж. дзеяч, фінансіст. Бацька франц. пісьменніцы А.Л. Ж. дэ Сталь. З 1747 у Парыжы, працаваў у банку, разбагацеў з дапамогай умелых фін. аперацый. Аўтар твораў па эканам. пытаннях, накіраваных супраць сістэмы поглядаў фізіякратаў. Абгрунтаваў неабходнасць дзярж. рэгулявання хлебнага гандлю. З 1776 дырэктар каралеўскай казны, у 1777—81, 1788—90 (з перапынкамі) міністр фінансаў. Імкнуўся пераадолець фін. крызіс дзяржавы частковымі рэформамі (абмежаванне выдаткаў двара, некат. пераўтварэнні ў сістэме збору падаткаў, кантроль над расходаваннем дзярж. сродкаў і інш.). Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы Ген. штатаў 1789 і наданні 3-му саслоўю двайнога прадстаўніцтва. З 1790 у адстаўцы.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,

эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ. дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.​Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЁХ (Іван Станіслававіч) (24.7.1836—25.12.1901),

вучоны-эканаміст, статыстык, фінансіст. Сын польскага фабрыканта. Варшаўскі банкір, заснавальнік і старшыня праўлення акц. т-ваў Кіева-Брэсцкай, Лібаўскай, Лодзінскай чыгунак. Працамі «Рускія чыгункі...» (1875) і «Уплыў рускіх чыгунак на эканамічны стан Расіі» (т. 1—5, 1878) паклаў пачатак развіццю чыг. статыстыкі. Аўтар прац па эканам. гісторыі, эканоміцы прам-сці і сельскай гаспадаркі Расіі: «Фабрычная прамысловасць Царства Польскага 1871—1880» (Варшава, 1881—84); «Фінансы Расіі XIX стагоддзя» (т. 1—4, СПб., 1882); «Меліярацыйны крэдыт і стан сельскай гаспадаркі ў Расіі і замежных краінах» (СПб., 1890), «Зямля і яе запазычанасць у Царстве Польскім» (Варшава, 1892), «Эканоміка-статыстычныя працы 1875—1900 гг.» (Парыж, 1900); «Параўнанне матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту губерняў заходніх, вялікарасійскіх і ўсходніх» (т. 1—5, з атласам, СПб., 1901). У яго працах шмат звестак пра Беларусь.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫЧЫ (Medici),

славуты род, які правіў у г. Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),

амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1973.

Літ.:

Засурский Я.Н. Теодор Драйзер. М., 1977.

Е.​А.​Лявонава.

Т.Драйзер.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каро́ль, караля, м.

1. Тытул манарха ў некаторых феадальных і буржуазных краінах. // Асоба, якая мае гэты тытул. // перан.; чаго або які. Манапаліст у якой‑н. галіне прамысловасць, буйны фінансіст. Нафтавы кароль. Кароль сталі. Біржавы кароль.

2. перан.; чаго або які. Пра таго, хто вылучаецца сярод іншых у якіх‑н. адносінах, у якой‑н. дзейнасці. — На сённяшні дзень у нашым раёне ўжо дзесяць ласёў! Я ўчора сам бачыў аднаго такога ляснога караля. Паслядовіч. Прызнаным усімі на дварэ каралём футбола быў сын інваліда Жорка Загорскі. Мележ. Дзед быў вясковым кавалём, кавальскай справы каралём. Рудкоўскі.

3. Другая па старшынству ігральная карта, на якой намалявана мужчынская фігура ў кароне. Званковы кароль. Віновы кароль.

4. Галоўная фігура ў шахматах.

•••

Кум каралю гл. кум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)