ГАЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ (біял.),

здольнасць раслін, а таксама арганізмаў і іх згуртаванняў (часцей раслін) пераносіць вял. канцэнтрацыі шкодных газападобных рэчываў атмасферы (серавадарод, вокіслы вугляроду, серы, азоту, фтор, фторысты вадарод, хларыды і інш.). У выніку пранікнення газаў у раслінныя клеткі ў іх назапашваюцца ядавітыя рэчывы, якія парушаюць працэсы абмену рэчываў. Пры высокай газаўстойлівасці раслін адбываецца эфектыўнае ачышчэнне паветра ў прамысл. гарадах. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць віды раслін, якія ўтвараюць вял. біямасу і маюць інтэнсіўны газаабмен: з травяністых — аўсяніцу, мятліцу, райграс, кавыль і інш., з дрэвавых і кустовых — лох серабрысты, вяз, клён серабрысты, брызгліну, бружмель і інш. На Беларусі даследаванні па падборы газаўстойлівых раслін для азелянення тэр. прамысл. прадпрыемстваў пачаліся ў 1970-я г. ў Цэнтр. бат. садзе АН. Для прамысл. і гарадскіх умоў рэкамендавана больш за 150 відаў і сартоў дрэвава-кустовых і кветкава-дэкар. раслін, устойлівых да фітатаксікантаў.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГІБІ́ТАРЫ (ад лац. inhibeo спыняю, затрымліваю) у біялогіі, рэчывы рознай хім. прыроды, якія прыгнятаюць актыўнасць ферментаў у жывым арганізме і ў бясклетачных сістэмах. Адрозніваюцца характарам дзеяння, спецыфічнасцю і інш. Інгібіраванне адбываецца на генетычным (прыгнечваецца біясінтэз аднаго з ферментаў) і кінетычным (паніжаецца актыўнасць ферменту) узроўнях. Узаемадзейнічаюць з актыўным цэнтрам ці з інш. часткамі малекулы і перашкаджаюць утварэнню прамежкавага ферментна-субстратнага комплексу (напр., фторысты натрый запавольвае працэсы вугляводнага абмену). Бываюць натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя І. ў чалавека і жывёл — прадукты абмену рэчываў. У раслін І. росту (фенольнай і тэрпеноіднай прыроды) назапашваюцца восенню ў тканках насення і пупышак пры пераходзе ад працэсаў росту да спакою, вясной іх колькасць зніжаецца. Дзеянне І. процілеглае натуральным (аўксіны, гіберэліны) і сінт. стымулятарам росту. Сінт. І. (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) спыняюць рост сцёблаў, выклікаюць ападанне лісця, падсушваюць расліны на карані, прадухіляюць паляганне злакаў. Выкарыстанне І. у якасці ядахімікатаў для барацьбы са шкоднымі насякомымі і пустазеллем звязана з іх уласцівасцю прыгнятаць жыццёва важныя для гэтых арганізмаў працэсы. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізму каталітычнага дзеяння ферментаў, устанаўлення прыроды функцыян. груп бялкоў, для лячэння парушэнняў абмену рэчываў (некат. лекі і фармакалагічныя сродкі прыгнятаюць ферментатыўныя рэакцыі паталаг. працэсаў).

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н (Аляксандр Парфіравіч) (12.11.1833, С.-Пецярбург — 27.2.1887),

рускі кампазітар і вучоны-хімік. Скончыў Медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу (1856). Д-р медыцыны (1858). Праф. (1864), заг. кафедры хіміі (з 1874), акадэмік (1877) Медыка-хірург. акадэміі. Член-заснавальнік Рус. хім. т-ва (1868). Адзін з арганізатараў і педагогаў (1872—87) Жаночых урачэбных курсаў. Музыцы вучыўся самастойна. Уваходзіў у «Магутную кучку». Паслядоўнік М.​Глінкі. Найб. значны твор — опера «Князь Ігар» (не завершана, скончана М.​Рымскім-Корсакавым і А.​Глазуновым, паст. 1890), дзе аб’яднаны рысы эпічнай оперы і гіст. нар.-муз. драмы. Адзін са стваральнікаў рус. класічнай сімфоніі, квартэта, наватар у галіне камерна-вак. лірыкі, майстар раманса. Аўтар оперы-фарсу «Багатыры» (1867); 3 сімфоній (у т. л. 1-я, 1867; 2-я «Багатырская», 1876); муз. карціны «У Сярэдняй Азіі» (1880); камерна-інстр. ансамбляў; «Маленькай сюіты» для фп.; твораў для фп. ў 2 і 4 рукі; рамансаў на сл. А.​Пушкіна, М.​Някрасава, Г.​Гейнэ, уласныя і інш.; вак. ансамбляў і інш. Барадзін — аўтар навук. прац у галіне арган. хіміі. Распрацаваў метад атрымання бромзамяшчальных тлустых кіслот. Першы атрымаў фторысты бензаіл. Даследаваў полімерызацыю і кандэнсацыю альдэгідаў.

Тв.:

Письма: Полн. собр... Вып. 1—4. М.; Л., 1927—50.

Літ.:

Зорина А.П. А.​П.​Бородин. М., 1987.

А.П.Барадзін.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)