АНТЫКАРАЗІ́ЙНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці для аховы паверхні металічных вырабаў ад карозіі. Найб. пашыраныя антыкаразійныя пакрыцці: з металаў (хрому, цынку, нікелю, высакародных металаў і інш.) і іх сплаваў; з хім. злучэнняў металаў (аксіды, карбіды, нітрыды, фтарыды і інш.); з палімерных (фторпластавыя, поліэтыленавыя, поліізабутыленавыя, полівінілхларыдныя) і лакафарбавых пакрыццяў, а таксама кансервацыйныя замазкі (напр., бітум). Эфектыўнасць антыкаразійных пакрыццяў вызначаецца хім. і фазавым саставам, дасканаласцю будовы, трываласцю счаплення пакрыцця з асновай матэрыялу.

Антыкаразійныя пакрыцці бываюць анодныя ці катодныя адносна матэрыялу, які ахоўваюць. Анодныя змяншаюць, прадухіляюць карозію, катодныя могуць павялічваць яе, але пры гэтым паляпшаюць фіз.-мех. якасці матэрыялаў. Антыкаразійныя пакрыцці наносяць фарбаваннем, гальванічным, плазмавым, вакуумным, іонна-плазмавым і электрафарэтычнымі метадамі, хім. асаджэннем з газавай фазы і раствораў, плакіраваннем. Выбар метаду залежыць ад патрэбнага спалучэння матэрыялаў пакрыцця і асновы, неабходнай таўшчыні пакрыцця, магчымасці і неабходнасці яго аднаўлення ў эксплуатацыі. На Беларусі стварэннем антыкаразійных пакрыццяў займаюцца Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Бел. політэхн. акадэмія, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі.

А.У.Белы.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНТАНО́ІДЫ

(ад лантан + грэч. eidos выгляд, від),

сям’я з 14 хім. элементаў VI перыяду перыяд. сістэмы з ат. н. 58—71, размешчаных услед за лантанам: цэрый Ce, празеадым Pr, неадым Nd, праметый Pm, самарый Sm, еўропій Eu, гадаліній Gd, тэрбій Tb, дыспрозій Dy, гольмій Ho, эрбій Er, тулій Tm, ітэрбій Yb, лютэцый Lu. Адносяцца да рэдказямельных элементаў. Падзяляюць на цэрыевую (Ce—Eu; лёгкія Л.) і ітрыевую падгрупу (Gd—Lu; цяжкія Л.). Устарэлая назва — лантаніды.

Л. — серабрыста-белыя металы, некат. (Pr, Nd) з жоўтым адценнем. Пластычныя, электраправодныя, лёгка паддаюцца мех. апрацоўцы. Маюць блізкія хім ўласцівасці, што абумоўлена падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак. У хім. злучэннях характэрная ступень акіслення +3. У паветры акісляюцца (лёгкія Л. пры пакаёвай т-ры, астатнія пры 180—200 °C). Узаемадзейнічаюць з вадой з вылучэннем вадароду і ўтварэннем нерастваральных гідраксідаў, з к-тамі (салянай, сернай, азотнай), пры награванні — з галагенамі, азотам, борам, серай. Аксіды, фтарыды, сульфіды Л. — тугаплаўкія рэчывы (напр., для аксідаў tпл 2200—2500 °C). Утвараюць шматлікія інтэрметал. і комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца як легіруючыя дабаўкі для чыгуну, сталі і сплаваў каляровых металаў, гетэры ў электронных прыборах, кампаненты магн матэрыялаў, акумулятараў вадароду, міш-металу і інш.

І.В.Боднар.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)