вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.Фрэйдам і развіта К.Г.Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.
Літ.:
Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;
Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;
Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;
Социальная сила знания. Мн., 1991;
Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;
Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГ, багі,
у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).
Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл.Атэізм).
На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».
Літ.:
Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;
Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ (франц. nu аголены),
акт, жанр выяўл. мастацтва і фатаграфіі, прысвечаны адлюстраванню аголенага цела (пераважна жаночага); частка эратычнага мастацтва. На яго развіццё, змест і форму значна ўплывае рэліг., філас. і маст. культура грамадства на пэўных гіст. этапах.
Вытокі Н. ў наскальных малюнках, культавых сімвалах, рэльефах і пластыцы першабытнага мастацтва, у мастацтве Стараж. Егіпта, Крыта, Вавілона, Фінікіі, Індыі і інш. Увасабленнем эстэт. нормы, жыццёвага і маст. ідэалу стаў у ант. скульптуры, жывапісе і вазапісе. У эпоху сярэднявечча адлюстраванне аголенага цела пашырылася ў міфалагічных сцэнах у мастацтве Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі; у Еўропе было абмежавана нешматлікімі сюжэтамі хрысціянскай іканаграфіі («Адам і Ева», «Страшны суд», выявы параненага цела Хрыста). У эпоху Адраджэння ў межах міфалагічнага і алегарычнага жанраў праз аголенасць увасабляліся ідэальныя, паэтызаваныя, філас. ўяўленні аб прыгажосці і гарманічнасці чалавека (С.Батычэлі, Джарджоне, А.Карачы, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, Я. ван Эйк у Галандыі, А.Дзюрэр у Германіі і інш.). Як жанр Н. сфарміраваўся ў 17—18 ст. у творах мастакоў барока (Д.Веласкес у Іспаніі, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі і інш.) і ракако (Ф.Бушэ, Ш.Даменік, Ж.М.Маро Малодшы, Ж.Эйзен у Францыі і інш.). Адлюстраванне аголенага цела набыло характар самаст. задачы, зацвердзілася як вывучэнне натуры і адна з асноўных форм маст. педагогікі. У акад. мастацтве 19 ст. зацвердзіліся нормы ідэалізацыі, заснаванай на ўспрыняцці рэальнай натуры праз прызму класічнага мастацтва. Паралельна развіваліся тып Н. салоннага мастацтва (увасабляў пачуццёвасць, але недаступнасць і нерэальнасць прыгажосці жаночага цела) і яго рэаліст. варыянт (аблічча рэальнай, свабоднай жанчыны). У 19 — пач. 20 ст. рысы Н. найб. яскрава выявіліся ў творах А.Бугро, П.Гагена, Э.Далакруа, А.Кабанеля, Э.Кар’ера, Г.Курбэ, А.Маёля, Э.Манэ, А.Рэнуара, Ж.А.Энгра ў Франпыі, Б.Генелі, Ю.Шнора фон Каральсфельда, Ф. фон Штука ў Германіі, Ф.Гоі ў Іспаніі, К.Брулова, Б.Кустодзіева, У.Лебедзева, З.Серабраковай, К.Сомава, В.Сярова ў Расіі і інш. У 20 ст. жанр пашырыўся ва ўсіх кірунках фігуратыўнага мастацтва і атрымаў вял. свабоду эмац. выражэння — ад яго класічнага гарманічнага тыпу да выяўлення трагізму светаўспрымання. У Н. працавалі М.Брыяшон, А.Мадыльяні, А.Масон, А.Матыс, П.Пікасо, А.Радэн у Францыі, Г.Клімт у Аўстрыі, Г.Альтэнбург, Э.Л.Кірхнер, О.Мюлер, Л. фон Гофман, Г.Цыле ў Германіі, П.Дэльво, Р.Магрыг у Бельгіі, Л.Фрэйд у Вялікабрытаніі, У.Башлыкоў, Г.Глахцееў, І.Лубенікаў, Дз.Мітрохін, А.Слепышаў, І.Яфімаў у Расіі і інш. У 20 ст. пашырыўся таксама ў фотамастацтве, часта пад назвай «акт» (Р.Мэплтарп, Х.Рытц, Л.Фрыдляндэр у ЗША, Вольс у Германіі, Э.М’юбрыдж у Вялікабрытаніі, У.Рывас у Іспаніі, А.Р.Мінкінен у Фінляндыі, Ю.Аракчэеў у Расіі і інш.).
На Беларусі скульпт. выявы аголеных жанчын вядомы з эпохі палеаліту. Да 20 ст. як жанр практычна не развіваўся, пачаў складвацца ў 2-й пал. 20 ст.Найб. выразна Н. прадстаўлена ў творах В.Альшэўскага, Ю.Анушкі, В.Борздага, Р.Вашкевіча, В.Герасімава, М.Дундзіна, П.Жураўлёва, Р.Заслонава, В.Захарынскага, А.Ксяндзова, С.Малішэўскага, Ю.Падоліна, С.Рымашэўскага, А.Сушкова, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, Л.Шчамялёва, А.Эротыча (Тарановіча) і інш., у фотамастацтве — А.Адамчык, В.Ганчарэнкі, Ц.Грыба, А.Дудкіна, А.Ільіна, Р.Ліўшыца, З.Мігуновай, У.Парфянка, А.Шчукіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́ГІЯ (ад лац. religio набожнасць, святыня, прадмет культу),
сістэма тэалагічных дактрын, уяўленняў, культавых рэчаў і дзеянняў, а таксама арг-цый, накіраваная на абгрунтаванне існавання Бога або наогул звышнатуральнага пачатку. Існуе шмат падыходаў у вырашэнні пытанняў сутнасці і генезісу Р. Прадстаўнікі этналагічнага кірунку (Э.Тайлар, Дж.Дж.Фрэйзер, К.Леві-Строс) узнікненне Р. ставілі ў залежнасць ад прымітыўнага ўзроўню вытв-сці і духоўнай культуры. Марксізм лічыў Р. адлюстраваннем у свядомасці чалавека з’яў навакольнага свету. Псіхалагічныя канцэпцыі паходжання Р. трактуюць яе як выяўленне асобных станаў псіхікі чалавека (У.Джэмс, З.Фрэйд, К.Г.Юнг, Л.Леві-Бруль). П.А.Фларэнскі, Г.Лейв, Р.Ота вызначалі сутнасць Р. як агульначалавечае імкненне да свяшчэннага, трансцэндэнтнага аб’екта. Сац. змест Р. грунтуецца на пэўнай сістэме каштоўнасцей (этнічных, паліт., бытавых), якой надаецца эталонны статус, замацаваны аўтарытэтам Бога. Сярод асн. функцый Р. інтэграцыйная (аб’яднанне няўстойлівых сац. суполак на аснове рэліг. ідэалогіі) і выхаваўчая (перадача з пакалення ў пакаленне ведаў, духоўных каштоўнасцей, жыццёвага вопыту і інш.). Гал. элементам Р. з’яўляецца ідэалогія (веравызнанне), якая складаецца з комплексу догматаў і дактрын і канцэнтруе ў сабе сац. вопыт. Веравызнанне вызначае належнасць этнасу да пэўнай цывілізацыі (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, Э.Хантынгтан). Т.ч., Р. выступае не толькі модусам этнаўтварэння, але і дамінантай духоўнай культуры. Значнае месца ў Р. займае культ рэлігійны, дзякуючы якому ў грамадстве ўзнаўляюцца і захоўваюцца пазітыўныя традыцыі. Рэліг. арг-цыі складаюць такія ін-ты, як царква, секта, дэнамінацыя (рэліг.арг-цыя ў стадыі станаўлення), а таксама рэліг. суполкі (брацтвы, місіі, цэнтры і інш.). Р. з’яўляецца ч. натуральна-гіст. эвалюцыі грамадства, і таму спробы вывесці яе па-за межы сац. працэсу (як, напр., у СССР) адбываліся ў адм., прымусовай і нават гвалтоўнай формах. Найб. раннімі выяўленнямі Р. былі магія, татэмізм, анімізм і інш. Для стараж. Р. характэрны політэізм (мнагабожжа), які змяніўся монатэізмам (адзінабожжам). Вылучаюць розныя гіст. формы і тыпы Р.: родава-пляменныя (язычніцтва), нац.-дзярж., ці этнічныя, прыхільнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі адной нацыянальнасці (даасізм, індуізм, іудаізм, сінтаізм і інш.); сусветныя, якія набылі наднац. характар і атрымалі паўсюднае пашырэнне (будызм, хрысціянства, іслам). Апошнім часам у свеце набывае дынаміку працэс стварэння адзінай глабальнай Р. ў межах экуменічнага руху на аснове ідэй і прынцыпаў розных Р. (гл.Экуменізм).
На Беларусі ў стараж. перыяд рэліг. вераванні існавалі ў форме язычніцтва. У канцы 10—пач. 11 ст.дзярж. рэлігіяй на бел. землях стала хрысціянства ва ўсх. форме (з 1054 праваслаўе), а пасля Крэўскай уніі 1385 і каталіцызм (гл.Беларуская праваслаўная царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі). З 14—15 ст. са з’яўленнем у ВКЛ татар і яўрэяў на Беларусі пашырыліся іслам і іудаізм. У 16 ст. ўзнік пратэстантызм і яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства і інш. З 1569 дзейнічала уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква). На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічае 26 канфесій (2663 абшчыны), у т. л. 1172 правасл. абшчыны, 417 рымска-каталіцкіх, 13 грэка-каталіцкіх, 34 стараабрадніцкія, 470 хрысціян веры евангельскай, 268 — евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 22 — іудаістаў, 24 абшчыны мусульман і інш.
Літ.:
Никольский Н.М. Избранные произведения по истории религии. М., 1974;
Фрэйзер Дж.Дж. Золотая ветвь: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;
Иллюстрированная история религий. Т. 1—2. 2 изд. М., 1992;
Митрохин Л.Н. Философия религии. М., 1993;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т. 1—2] М., 1996;
Росс Ф., Хиллс Т. Великие религии человечества: Пер. с англ. М;