МЕРАВІ́НГІ (позналац. Merovingi),
першая каралеўская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 457—751. Назва ад легендарнага родапачынальніка Меравея (Merovaeus). У перыяд праўлення М. у франкаў зарадзіліся феад. адносіны. Гал. прадстаўнікі: Хільдэрык I [457—81] — фактычны заснавальнік дынастыі; Хлодвіг I [481—511], пры якім франкі заваявалі рым. Галію; Хлотар II [584—629], Дагаберт I [629—39]. Пераемнікі Дагаберта I, т.зв. «лянівыя каралі», былі фактычна адхілены ад улады сваімі маярдомамі (вышэйшымі саноўнікамі), адзін з якіх — Піпін Кароткі — скінуў апошняга караля з дынастыі М. Хільдэрыка III [743—51] і паклаў пачатак дынастыі Каралінгаў.
т. 10, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКІН (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 22.9.1925, Масква),
рускі рэжысёр. Скончыў акцёрскі (1947) і рэжысёрскі (1955) ф-ты Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва ў Маскве. Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа (1955—59) і Я.Купалы (1961—62). Яго пастаноўкі вызначаліся дасканала распрацаванымі характарамі: «У добры час!» В.Розава (1955), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1956), «Тры салаўі, д. 17» Д.Дабрычаніна, «Калі цвіце акацыя» М.Віннікава і «Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка (усе 1957), «Тайфун» Цао Юй (1958), «Трэцяе жаданне» Б.Блажака (1961), «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962) і інш. З 1962 у Маскве, вядомы як рэжысёр тэлеспектакляў дэтэктыўнага жанру.
т. 3, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.—чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл. «Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).
т. 12, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯ́Н ((Vailland) Ражэ Франсуа) (16.10.1907, Асі-ан-Мюльцьен, дэпартамент Уаза, Францыя — 12.5.1965),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. Супраціўлення. Захапляўся сюррэалізмам. У раманах «Забаўная гульня» (1945), «Цвёрды поступ, трапнае вока» (1950), «Адзінокі малады чалавек» (1951), «Бамаск» (1954; рус. пер. «П’ерэта Амабль», 1956), «325 000 франкаў» (1955) пераважае сац.-паліт. праблематыка, адыход ад якой назіраецца ў пазнейшых творах (раманы «Закон», 1957; «Свята», 1960; «Фарэль», 1964). Аўтар п’ес «Палкоўнік Фастэр прызнае сябе вінаватым» (1951) і інш., эсэ і артыкулаў (у т. л. «Сюррэалізм супраць рэвалюцыі», 1948). Многія яго творы маюць рысы аўтабіяграфічнасці.
Тв.:
Рус. пер. — [Избранное]. М., 1978.
Літ.:
R. Vailland // Europe. 1988. № 712/713.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РЫ,
саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў. Паходжанне дакладна не вядома. У сярэдзіне 6 ст. авары ўварваліся з Азіі ў стэпы Зах. Прыкаспія, Паўн. Прычарнамор’е, на землі па Дунаі і на Балканы. Пасля разгрому гепідаў і міграцыі лангабардаў у Італію занялі тэр. Паноніі, дзе да 568 утварылі сваё дзярж. аб’яднанне — Аварскі каганат. На чале яго стаяў каган, якому падначальваліся ў ваен. адносінах плямёны. Авары чынілі набегі на Візантыю (581), франкаў (571 і 596), Ламбардыю (610) і інш. Найб. магутнасці каганат дасягнуў у час праўлення хана Баяна (п. 630). У 2-й пал. 8 ст. ў авараў шукалі дапамогі і саюзу саксонцы і баварцы супраць Карла Вялікага. У войнах з франкамі (791—803) Аварскі каганат быў знішчаны, пасля 822 звесткі пра авараў знікаюць з гісторыі. У рус. летапісах авараў называлі обрамі.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛІ́НГІ (лац. Carolingi, франц. Carolingiens, ням. Karolinger),
каралеўская і імператарская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 8—10 ст. Назва ад імя Карла Вялікага. Вылучыліся ў 6 ст. са знатнага роду рыпуарскіх (усходніх) франкаў. У 7 ст. замацавалі за сабой пасаду маярдомаў (правіцеляў) Аўстразіі (усх. ч. Франкскай дзяржавы), да канца стагоддзя фактычныя ўладары ўсёй дзяржавы. Узмацніліся пры Карле Мартэлу, сын якога Піпін Кароткі (каранаваўся ў 751) скінуў апошняга прадстаўніка дынастыі Меравінгаў. Найб. магутнасці дасягнулі пры Карле Вялікім. Пасля Вердэнскага дагавора 843 падзяліліся на 3 галіны: сярэднефранкскую (італьянскую; правіла да 905), усходнефранкскую (германскую; правіла да 911), заходнефранкскую (французскую; правіла да 987). Гл. таксама «Каралінгскае адраджэнне».
Літ.:
Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр. М., 1993;
Тейс Л. Наследие Каролингов, IX—X вв.: Пер. с фр. М., 1993.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 8, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАМАРА́ЎСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Вялікамараўскае княства, Багемскае княства,
раннефеадальная дзяржава зах. славян на Пд Маравіі ў 9 — пач. 10 ст.; першае буйное паліт. ўтварэнне ў цэнтр.-еўрап. рэгіёне. Сталіца — г. Велеград (месцазнаходжанне дакладна невядома). Засн. каля 833 князем Маймірам I (п. каля 846), які далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства. Пры кн. Расціславе [846—870] адбіты ўварванні ўсх. франкаў (855 і 869), запрошаны з Візантыі місіянеры Кірыла і Мяфодзій (863), створана ўласнае архіепіскапства, падпарадкаванае папу рымскаму, на чале з Мяфодзіем (869). Пры кн. Святаполку [870—894] дзяржава пасля часовай страты незалежнасці (870—874) дасягнула найб. магутнасці (далучаны землі Чэхіі, Лужыцы, Сілезіі, Малой Польшчы, Паноніі. Значнае развіццё ў культуры краіны набыло культавае буд-ва. Пасля смерці Святаполка пачаўся распад Вялікамараўскай дзяржавы (у 895 аддзяліліся чэхі, у 897 — сербы-лужычане). Разгромлена ў 906 качэўнікамі-венграмі.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988. С. 14—22.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЦІ́НСКІ (Ігар Васілевіч) (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.Сыскаўца, «Лівень» паводле А.Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).
т. 9, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁІ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919.
Падпісаны 27 ліст. ў Нёі-сюр-Сен (прыгарад Парыжа) паміж дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, і Балгарыяй; частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Набыў сілу 9.8.1920. Паводле дагавора Балгарыя страціла Зах. Фракію (8,5 тыс. км², перайшла ў распараджэнне Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Японіі, у 1920 перададзена Грэцыі) і выхад да Эгейскага м. (Балгарыі гарантаваўся свабодны эканам. выхад да гэтага мора), 4 зах. акругі з гарадамі Царыброд, Басілеград, Струміца (2566 км²; адышлі да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 — Югаславія), пацверджана мяжа з Румыніяй, устаноўленая Бухарэсцкім мірным дагаворам ад 10.8.1913 (Паўд. Дабруджа засталася ў складзе Румыніі). Балгарыя абавязалася выплаціць дзяржавам-пераможцам рэпарацыі на суму 2,25 млрд. залатых франкаў (на працягу 37 гадоў), яе ўзбр. сілы колькасна абмяжоўваліся да 20 тыс. чал. У 1929 і 1930 перагледжаны артыкулы дагавора аб рэпарацыях, у 1938 — аб ваен. абмежаваннях.
Паводле балг.-рум. дагавора ад 7.9.1940 Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Н.м.д. страціў сілу пасля 2-й сусв. вайны.
т. 11, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСТВА,
рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц. г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл. Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.
т. 12, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)