КА́МБІЙ (ад позналац. cambium абмен, змена),
слой клетак утваральнай тканкі, з дапамогай якога здзяйсняецца другаснае патаўшчэнне сцёблаў і каранёў голанасенных і двухдольных раслін. Клеткі К. падоўжана-завостраныя на канцах, таблітчастыя (празенхімныя), з мяккімі цэлюлознымі абалонкамі. Размешчаны аднарадным цыліндрычным слоем (на папярочным зрэзе — у выглядзе кольца). Утварае ўнутр ад сябе драўніну (другасная ксілема), звонку — луб (другасная флаэма). Ва ўмераных шыротах на восень і зіму дзейнасць К. спыняецца. Сезонныя змены актыўнасці абумоўліваюць утварэнне гадавых кольцаў. Дзяленне некат. клетак К. на сцябле і корані дае корак.
т. 7, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБ, флаэма,
складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр. ч. кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.
т. 9, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)