УТАПІ́ЧНЫ САЦЫЯЛІ́ЗМ,

у шырокім сэнсе — вучэнні пра карэнную перабудову грамадства на сацыялістычных асновах, якія не ўлічваюць аб’ектыўных законаў сац. развіцця; у вузкім сэнсе — сац. вучэнні 19 ст., якія папярэднічалі марксізму і сталі адной з яго тэарэт. крыніц. Вытокі У.с. — ва ўласцівым усім народам паданні пра «залаты век», калі нібыта панаваў ідэальны грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах справядлівасці і роўнасці сацыяльнай людзей. Адно з першых утапічных сац. вучэнняў — платонаўская канцэпцыя ідэальнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах роўнасці, калектывізму і адзінства. Мадэль справядлівага грамадскага ладу прапанавала ранняе хрысціянства, якое прапаведавала агульначалавечую роўнасць і братэрства людзей. Важным этапам у развіцці сац.-утапічных ідэй сталі вучэнні пра ідэальны грамадскі лад Т.Мора і Т.Кампанелы. У найб. развітым і сістэматызаваным выглядзе У.с. выявіўся ў творах К.А.Сен-Сімона, Ф.М.Ш.Фур’е, Р.Оўэна, якія асэнсавалі супярэчнасці грамадскага жыцця 19 ст. і прапанавалі тэарэт. і практычныя праекты перабудовы грамадства. Асн. прычыну сац. няроўнасці сацыялісты-утапісты 19 ст. бачылі ў асабістай уласнасці; першачарговымі задачамі грамадскай перабудовы яны лічылі стварэнне грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, арганізацыю дэмакр. самакіравання, справядлівага размеркавання жыццёвых даброт. Значную ролю ў распрацоўцы ідэй У.с. адыгралі рус. рэвалюцыйныя дэмакраты А.І.Герцэн і М.Г.Чарнышэўскі. З канца 19 ст. У.с. прыпыніў сваё развіццё, але ў пэўнай ступені паўплываў на далейшую эвалюцыю грамадскай думкі і паліт. практыкі. Гл. таксама Сацыялізм, Утопія.

Літ.:

Сен-Симон А. Избр. соч.: Пер. с фр. Т. 1—2. М.; Л., 1948;

Оуэн Р. Избр. соч.: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; Л., 1950;

Фурье Ш. Избр. соч.: Пер. с фр. Т. 1—4. М.; Л., 1951—54;

Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з ням. Мн., 1970;

Айрапетов А.Г., Юдин А.И. Западноевропейский и русский утопический социализм нового времени. М., 1991;

Марцева Л.М. Проблемы труда в утопическом, научном и реальном социализме. Красноярск, 1993;

Штекли А.Э. Утопии и социализм. М., 1993;

Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

утопи́ческий в разн. знач. утапі́чны;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

утопи́чный в разн. знач. утапі́чны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Utopian [ju:ˈtəʊpiən] adj. утапі́чны;

Utopian ideals утапі́чныя ідэа́лы

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

утапі́чнасць ж. утопи́чность; см. утапі́чны 1

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

utópisch a утапі́чны

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

АТО́Н III (Otto; 980 — 23.1.1002),

кароль з 983, імператар з 996 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сын Атона II. Імкнуўся ажыццявіць утапічны план узнаўлення «сусветнай імперыі» з цэнтрам у Рыме.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сацыялі́зм, -му м. социали́зм;

○ навуко́вы с. — нау́чный социали́зм;

утапі́чны с. — утопи́ческий социали́зм

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

О́ЎЭН (Owen) Роберт (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),

англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.​Мор і Т.​Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДСКІН, Годскін,

Ходжскін (Hodgskin) Томас (1787—1869), англійскі эканаміст. Прыхільнік прац. тэорыі вартасці, паводле якой праца разглядалася як адзіная крыніца вартасці і абвяргалася ўяўленне аб капітале як самадастатковай сіле. Прапанаваў утапічны праект свабоднай федэрацыі незалежных вытворцаў, здольнай, на яго думку, прыпыніць развіццё капіталізму. Верыў у сілу розуму і пераканання, таму настойваў на мірных формах барацьбы за правы працоўных. Працы Х. паўплывалі на фарміраванне светапогляду Р.Оўэна.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. М., 1938.

т. 17, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)