Ра́мень ’вялікі балотны лес’ (Яшк.). Параўн. з рус. дыял. ра́мень ’суседні з ворнай зямлёй лес’, ’лес, які акаймляе поле’, ра́менье ’густы лес, што прымыкае да палеткаў’, ра́менка/обра́менье ’край, акраіна поля, абрамленне’, ’клін, паласа аднароднага лесу’, рям ’ельнік вакол балота’, рама ’акраінная вобласць’, ст.-рус. рама ’мяжа’, ’поле, што прымыкае да лесу’, рамение ’лес па краі ворнай зямлі, ускраек лесу’. Відаць, не звязана з рамя́ный ’вялізны, моцны, багаты’, як падае Фасмер (3, 440 з ранейшай літ-рай). Аткупшчыкоў (Из истории₂, 193–194) звязвае рус. дыял. ра́менье з *orati ’араць’, вызначаючы архаічную семантыку *orati як ’раздзяляць’. Адсюль першаснае значэнне не было звязана з лесам, і зыходнай базай з’яўляецца і.-е. *orə‑ ’араць, *er‑ ’зямля’, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’ з набыццём значэння ’пракопваць разоры’, параўн. літ. arti ’араць’, ardýti ’раздзяляць’ (Куркіна, Этимология–1997–1999, 82; там жа, 84–85, пра магчымую сувязь з раме́нь/рэ́мень, гл.). Паводле Аткупшчыкова (Из истории₂, 194) форма чляніцца на ра‑мень і стаіць у адным шэрагу з ра‑ло, ра‑тай (гл.), структурна падобная да рус. зна‑мень, ка‑мень і пла‑мень. Адсюль рамень < *ar‑mōn з семантыкай ’адараны ад лесу’ альбо ’узараны кавалак зямлі, пазбаўлены лесу’. Сной (гл. Бязлай, 3, 149) звязвае з славен. ramica ’мыта з тавару, пасланага праз мяжу’ і рэканструюе прасл. *ormy, *orma ’мяжа’ (= поле або лес) < і.-е. *orH‑men‑, *órH‑mā, да якіх узыходзіць прасл. *oriti (гл. разарыць). Беларускі матэрыял узяты з “другіх рук” (гл. Яшкін, Слоўнік, 573) і на фоне пераважна паўночнарускага ўжывання слова падаецца маланадзейным.

Раме́нь ’паласа вырабленай скуры’, ’скураны пояс, папруга’, рэ́мень ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ра́мень ’тс’ (ПСл), раму́шак ’папружка’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), рэмушо́к ’тс’ (ТС), рэме́нь ’тс’ (ТС), рамі́нык ’тс’ (Сл. Брэс.), раме́нны, рамя́ны ’зроблены з рэменя, скураны’ (ТСБМ, Бяльк.; астрав., Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. ремі́нь, ре́мінь, ст.-рус. ремык, рус. реме́нь ’тс’, польск. rzemień/rzemyk ’тс’, чэш. řernen ’рамень’, славац. remeň, в.-луж., н.-луж. rjemjeń, серб. ре̏мен, харв. rȅmēn, славен. jérmen, rȇmen, балг. ре́мък, ре́мен ’тс’, ст.-слав. ремень. Прасл. *remy, Р. скл. *remene. Далейшае паходжанне цьмянае. Мяркуецца, што першаснае значэнне ’папруга да ярма’ узыходзіць да і.-е. *or(ə)men‑ (гл. ярмо, яром). Малаверагодна запазычанне з ням. Riemen ’рэмень’ (Брукнер, 475). Шустар-Шэўц (2, 1226) лічыць іх роднаснымі. Лявіцкі (2, 89) вызначае германскую лексічную базу *rium‑ з семантыкай ’звязваць’ < і.-е. reum ’тс’, ст.-в.-ням. riomo ’скураная павязка, пояс, рэмень’. Гл. таксама Фасмер, 3, 468; Махэк₂, 530; Сной₂, 240; Глухак, 524.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)