МЕ́НУА,
цар дзяржавы Урарту (правіў каля 810—786 ці 781 да н.э.). Вёў заваёўніцкія войны ў Закаўказзі і Паўн. Месапатаміі. Пры М. пабудаваны на паўн. схіле гары Арарат г. Менуахінілі, вялося буд-ва ў г. Тушпа (сучасны г. Ван, Турцыя), рэканструяваны т.зв. канал Семіраміды. Ад часу праўлення М. засталося больш за 100 урарцкіх клінападобных надпісаў.
т. 10, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДУРЫ́ I,
цар Урарту ў 2-й пал. 9 ст. да н.э., сын Лутыпры. Сучаснік асірыйскага цара Салманасара III, у надпісах якога пра падзеі 833 да н.э. ўпамінаецца пад імем Седуры. Да нашага часу дайшлі таксама надпісы С. на асірыйскай мове на пабудаванай ім крапасной сцяне г. Тушпа (цяпер г. Ван, Турцыя). С. вёў войны з Асірыяй і, верагодна, значна ўмацаваў Урарцкае царства.
т. 14, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРХАДО́Н (асір. Ашурахіддзін),
цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г. Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).
т. 2, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́Н-БЕРД,
узгорак на ўскраіне горада Ерэван, дзе захаваліся рэшткі старажытнага горада Эрэбуні, пабудаванага каля 782 да нашай эры царом дзяржавы Урарту Аргішці I. Лічыцца пачаткам горада Ерэван. Эрэбуні быў апорным пунктам прасоўвання урартаў да возера Севан. Раскопкамі выяўлены крэпасць (захаваліся сцены з сырцовай цэглы вышынёй да 5 м), палацы і храмы з насценнымі размалёўкамі, гаспадарчыя пабудовы, шмат вырабаў з бронзы, больш за 20 клінападобных надпісаў і інш.
т. 2, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛАПІ́ЧНЫЯ ПАБУДО́ВЫ,
збудаванні з вял. каменных глыб без сувязнога раствору. Назва паходзіць са Стараж. Грэцыі, дзе такія збудаванні прыпісвалі міфічным волатам — цыклопам. Рэшткі Ц.п. вядомы ва ўсіх частках свету. Яны з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н.э. як культавым і абарончыя збудаванні. Тэхніка Ц.п. пашырана ў Міжземнамор’і (а-вы Балеарскія, Мальта, Сардзінія). Найб. вядомы Ц.п. Крыта-мікенскай цывілізацыі (Тырынф, Мікены і інш.), крэпасці дзярж. Урарту (Тушпа і інш.), стараж. збудаванні андскіх народаў (інкі) і інш.
А.Г.Зельскі.
т. 17, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМІ́Р-БЛУР, Кармірблур (арм. чырвоны ўзгорак),
узгорак на левым беразе р. Раздан, на зах. ускраіне г. Ерэван. У 1936 на К.-Б. знойдзены ўрарцкі клінапіс з імем цара Русы, сына Аргішці II (7 ст. да н.э.). У выніку археал. раскопак у 1939—70 на ўзгорку адкрыта цытадэль, а вакол узгорка — рэшткі горада Тэйшэбаіні. Выяўлены багаты матэрыял пра гаспадарку і культуру стараж. дзяржавы Урарту. Цытадэль разбурана ў пач. 6 ст. да н.э. мясц. плямёнамі, якія імкнуліся скінуць урарцкі прыгнёт, і скіфамі, што далучыліся да іх.
т. 8, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́ВЭ Васіль Васілевіч (2.2.1889, С.-Пецярбург — 15.9.1965),
савецкі гісторык-усходазнавец. Акад. АН СССР (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911), вучыўся ў Берліне. З 1916 выкладаў у Пецярбургскім ун-це, у 1918—33 заг. Егіпецкага аддзела Эрмітажа. Дырэктар Ін-та этнаграфіі (1937—40), Ін-та ўсходазнаўства АН СССР (1941—50). Даследаваў сац.-эканам. рабаўладальніцкія структуры стараж.-ўсх. грамадстваў, гісторыю і культуру Стараж. і эліністычнага Егіпта, Шумера, Вавілоніі, Асірыі, Ірана, Палесціны, Урарту, Паўн. Прычарнамор’я. Аўтар працы «Гісторыя Старажытнага Усходу» (1941). Адзін з ініцыятараў выдання Сав. гіст. энцыклапедыі.
т. 15, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН (Van),
горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм. прам-сць.
Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.
т. 3, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ДЫЯ,
гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаў адносяцца да 2-й пал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай у г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).
т. 10, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́ШПА,
старажытны горад на ўсх. беразе воз. Ван, сталіца дзяржавы Урарту (9 — пач. 6 ст. да н.э.). Цытадэль Т. знаходзілася на скале, горад — каля яе падножжа на месцы сучаснага г. Ван (Турцыя). Пры цару Менуа (канец 9 ст. да н.э.) да горада праведзены канал ад горных крыніц. Арм. гісторык 5 ст. н.э. Маўсес Харэнацы апісаў скалу, канал і прывёў паданне пра будаўніцтва Вана царыцай Шамурамат (Семірамідай). У 1827 ням. археолаг Ф.Шульц даследаваў рэшткі крапасных сцен, высечаныя ў скале памяшканні (магчыма, грабніцы цароў) і скапіраваў клінапісныя надпісы. У 1916 І.А.Арбелі знайшоў у нішы на скале гары стэлу з летапісам цара Сардуры II (сярэдзіна 8 ст. да н.э.). Т. неаднаразова згадваецца ў асірыйскіх крыніцах. У 735 да н.э. асірыйцы разбурылі горад, але крэпасць узяць не змаглі. У пач. 6 ст. да н.э. цытадэль разбурылі мідыйцы, але жыццё на цытадэлі працягвалася і пры Ахеменідах.
т. 16, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)