станда́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАЕ́КТ (ад лац. projektus кінуты наперад) у архітэктуры і будаўніцтве, сістэма ўзаемазвязаных дакументаў, якія служаць асновай для буд-ва, рамонту, рэканструкцыі ці рэстаўрацыі аб’ектаў. Складаецца з абгрунтоўваючай і зацвярджаемай (абавязковая для выканання ўсімі фіз. і юрыд. асобамі) частак. Склад графічных, тэкставых і таблічных матэрыялаў П. (чарцяжы, схемы, разлікі, тлумачальныя запіскі, арх. макеты) вызначаецца спец. нарматыўнымі дакументамі. Для гарадоў і інш. нас. месцаў распрацоўваюцца П.: планіроўкі прыгарадных зон, генпланаў, дэталёвай планіроўкі асобных ч. горада, жылых, вытв., рэкрэацыйных і інш. функцыян. зон, асобных гар. вузлоў, вуліц і інш. Праектаванне ажыццяўляецца звычайна ў 2 стадыі: арх. П. (забяспечвае ўяўленне пра матэрыяльны вобраз аб’екта, яго размяшчэнне, фіз. параметры і маст.-тэхн. якасці, змяшчае тэхн.-эканам. паказчыкі); буд. П. (выконваецца на аснове зацверджанага арх. П., праведзеных інж. работ, навук.-тэхн. даследаванняў; забяспечвае непасрэдную рэалізацыю інвестыцый для буд-ва аб’ектаў). Нескладаныя П. распрацоўваюць у адну стадыю (рабочы П., які ўключае і зацверджаную арх. частку). Пры распрацоўцы дакументацыі на больш складаны і адказны аб’ект папярэдне распрацоўваюць эскізны П., тэхн.-эканам. абгрунтаванне, праводзяць конкурсы. Адрозніваюць П. тыпавы (для масавага буд-ва аднолькавых аб’ектаў) і індывід. (для буд-ва унікальных аб’ектаў).

Праектныя работы вядомы ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння. У 18 ст. ў Зах. Еўропе распрацоўваліся т.зв. П.-фантазіі. Часам нерэалізаваныя П. значна ўплывалі на развіццё архітэктуры (напр., П. горада на 3 млн. жыхароў, арх. Ле Карбюзье, Францыя, 1922).

На Беларусі пачатак праектнай дзейнасці адносіцца да канца 16 ст. (г. Нясвіж). З 2-й пал. 18 ст. пачалі выкарыстоўвацца тыпавыя (узорныя) П. пры буд-ве жылых і грамадскіх будынкаў (Гродна, Магілёў, Полацк, в. Варняны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). Сучасныя П. распрацоўваюцца ў праектных арг-цыях: ін-тах «Беларускі праектны інстытут», «Белдзіпрадар», «Белдзіпралес», «Белдзіпрабудматэрыялы», «Мінскграмадзянпраект», «Мінскінжпраект», «Мінскграда» (з 1997) і інш., у персанальных творчых майстэрнях архітэктараў, якія маюць адпаведную ліцэнзію. Абавязкова праводзіцца дзярж. экспертыза П., яго зацвярджэнне ў адпаведных органах дзярж. кіравання, а ў асобных выпадках — грамадскае абмеркаванне П. на любой стадыі яго выканання.

С.​А.​Сергачоў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́за

(фр. base, ад гр. basis = аснова, фундамент)

1) апорная частка калоны ў збудаванні;

2) аснова, тое галоўнае, на чым грунтуецца, ствараецца што-н. (напр. эканамічная б. краіны);

3) апорны пункт, месца, дзе засяроджаны якія-н. запасы, ёсць спецыяльныя збудаванні і прыстасаванні для абслугоўвання чаго-н. (напр. ваенная б., турысцкая б.);

4) склад тавараў, матэрыялаў;

5) адлегласць паміж восямі ў транспартных сродках;

6) паказчыкі, якія бяруцца за аснову, тыпавы варыянт, норму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)