Турча́ць, турчэ́ць ‘адзывацца гукамі (пра насякомых, земнаводных, птушак, хатніх жывёл і інш.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Варл., Растарг., Шатал., Сл. ПЗБ, Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ‘муркаць, варкатаць’ (Байк. і Некр., Растарг.): кошка турчы́ць (Сержп. Прымхі), ‘крычаць, шумець’ (Абабур.), ‘гаварыць пустое’ (рагач., Мат. Гом.), ‘туркатаць, тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы)’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., ДАБМ, камент., 895; ашм., Сл. ПЗБ), ‘цуруліць’ (жлоб., добр., ветк., Мат. Гом.), ‘дзюрчаць’ (воран., Сл. ПЗБ, Юрч. Сіш), турчы́ць ‘бурліць (пра бягучую ваду)’ (в.-дзв., воран., слонім., клец., слаўг., чавус., ЛА, 2). Да ту́ркаць1 (гл.), дзеяслоў працяглага дзеяння на гукапераймальнай аснове. Параўн. Фасмер, 4, 126; ЕСУМ, 5, 681. Сюды ж вытворныя турча́нне ‘пранізлівы крык жабаў’ (Нас.), ‘балбатня, пустое плявузганне’ (Нас.), турчэ́нне ‘птушыны свіст’ (Юрч. Вытв.), турчо́к ‘цвыркун’ (смарг., Шатал.; полац., ЖНС; в.-дзв., луцэ., Сл. ПЗБ, Рэг. сл. Віц.), турчу́к, ту́рчык ‘мядзведка’ (Сл. ПЗБ), ту́рчык ‘голуб, туркаўка’ (Байк. і Некр.), турчы́ца ‘жаба, якая ўвесну моцна квакае’ (Сцяшк. Сл.), ту́рчалка ‘туркаўка’ (лельч., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ркаўка1 ‘турок, птушка атрада галубоў з бурым апярэннем, Streptopelia turtur, Streptopelia decaocto’ (ТСБМ, Касп.), ‘дзікі голуб’ (ТС), ту́ркоўка ‘голуб-турок’ (Мат. Гом.), ту́рчалка ‘тс’ (там жа). Параўн. укр. ту́ркавка ‘голуб звычайны’, рус. дыял. турлу́шка, турлы́шка ‘турчаўка’, польск. turkawka і trukawka ‘тс’. Утварэнні, што грунтуюцца на перадачы буркавання турр‑турр (Дарафееў, Птушкі), польск. turr‑turr‑turr і пад., гл. туркаць1, тарчаць. Аналагічныя ўтварэнні ў іншых мовах: ст.-ісл. turture, ст.-англ. turtur(e), turtla, англ. turtle, в.-ням. turtulatūba, нова-в.-ням. Turteltaube, лац. turtur і інш. (Фасмер, 4, 124; Брукнер, 585; ЕСУМ, 5, 681; Борысь, 654).

Ту́ркаўка2 ‘мядзведка звычайная, Gryllotalpa vulg. hatr.’ (Некр. і Байк., Касп., Мядзв., Скарбы, Рэг. сл. Віц.). Назва на базе гукапераймання: насякомае выдае гукі, падобныя да тур-тур: мядзведка ту́ркае (гом., Арх. ГУ); гл. наступнае слова. Сюды ж з іншай суфіксацыяй турка́ч ‘мядзведка’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ) і назвы насякомых: турка́ч ‘лічынка хрушча’ (Сцяшк. Сл.), ‘цвыркун’ (дзярж., Нар. сл.), параўн. польск. turkacz ‘мядзведка’, якое Брукнер (585) лічыць вытворным ад turkać, што чаргуецца з tark‑ (гл. таркаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)