тпру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Спыняць каня ці якую‑н. іншую цяглавую жывёліну выкрыкам «тпру». Зірнуў дзед, напнуў лейцы, каб .. падацца з бочкай у кусты, пачаў ціх[е]нька тпрукаць. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́гуляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Уволю нагуляцца, адпачыць. — Табе што, ты выгуляўся,.. другі год ужо гуляеш, а мне заўтра на працу, — жартавала Людміла. Ермаловіч.

2. Набрацца сілы, адкарміцца на волі. Выгулялася жывёла за лета. □ [Грышка:] — Тпру! Не ўстоіш на адным месцы, выгулялася. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тпру́нні экспр. ’губы’ (Бяльк.). Утворана на аснове гукапераймання (імітатыва), што перадае змыканне губ. Параўн. ні тпру, ні мя, ні божа імя — гавораць, калі хтосьці запнецца ў час апавядання (Федар. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тпру́ці дзіцяч. ’на двор, на вуліцу’ (Сцяш. Сл.), ’гулянне з малым на вуліцы’ (Паўл.), ’на вуліцу (у размове з дзецьмі)’ (ТС), тпру́цькі ’пашлі!, паехалі!’, тпру́ці, тпру́цечкі, тпру́ценькі — выгукі, якімі пабуджаюць дзяцей да прагулкі (мсцісл., Юрч. СНС). Параўн. укр. дыял. тпру, дбру, тпру́ті, тпру́тю‑га́йтю ’гуляць, ісці ў госці’ (пры размове з дзецьмі)’ (Горбач, Дитяч.), рус. смал. тпрутьки, тпрутечки ’тс’. Германовіч (Междом., 66) мяркуе, што першапачаткова значыла запрашэнне на двор, дзе знаходзілася жывёла, або пакатацца на кані, тады звязана з тпру, тпруць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тупру́лькась-тупру́лькась — выгукі, якімі падклікаюць каня (ТС). Выклічнік, у аснове якога спалучэнне тпру́ля‑тпру́ля ‘падзыўныя для жарабяці’, пашыранае ласкальнымі суфіксамі ‑ка‑, -сь, а таксама ўстаўным ‑у‑ ў пачатку слоў. Гл. тпро-тпро, тпру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тр-р-р — выгук, якім спыняюць каня (ТС; мсцісл., З нар. сл.), трр, прр ‘тс’ (Арх. Вяр.), тыр-р ‘тс’ (Сцяц. Сл.). Старажытнае ўтварэнне гукапераймальнага характару (Фасмер, 4, 91; ЕСУМ, 5, 612), гл. тпру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыр-р — так спыняюць каня (Сцяц.), тыр‑р‑р ‘стой (да каня)’ (астрав., Ск. нар. мовы). Вакалізаваны волевыяўленчы выклічнік, параўн. тр-р-р, тпру (гл.). Сюды ж ты́рканьня ‘тпруканне’, ты́ркаць ‘тпрукаць’, ты́ркнуць ‘тпрукнуць’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.

Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.

по́вад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.

Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тпро-тпро — падзыўныя воклічы для кароў (Сцяц., Нар. сл.), тпрю‑тпрю‑тпрю — падзыўныя для цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпро́ля‑тпро́ля, тпро́лінь‑тпро́лінь, тпро́лінька‑тпро́лінька, тпро́лічка‑тпро́лічка — падзыўныя да жарабяці (там жа), тпру́люсь‑тпру́люсь ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрулю́х‑тпрулю́х ’тс’ (полац., Нар. лекс.), тпру́ля‑тпру́ля ’тс’ (Варл.), тпрузе́й‑тпрузе́й — падзыўныя для кароў (мсцісл., З нар. сл.), тпрусь‑птрусь ’тс’ (ДАБМ, к. 304, Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.), тпру́ські‑ тпру́ські ’тс’ (лаг.), тпрусёк‑тпрусёк, тпрусю́к‑тпрусю́к ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрсю́ха‑тпрсю́ха ’тс’ (мядз., Нар. сл.), тпрсю́т‑тпрсю́т, тпру́ся‑тпру́ся, тпру́ська‑тпру́ська — падзыўныя да цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпру́ська‑тпру́ська — словы для падзывання жарабят (віл., Шатал.), сюды ж дзіцячыя словы тпру́ся ’цялё, цялушка’ (Юрч. СНЛ), тпру́ська ’карова’, ’цялушка’ (Сл. рэг. лекс., Нар. словатв.), тпро́ля, тпру́ля (Германовіч, Междом., 65; Варл.) і пад., а таксама з перастаноўкай гукаў птрусь‑птрусь ’падзыўныя словы для кароў’ (Нас.), гл. Параўн. рус. дыял. тпру́сень — выгук для падклікання цялят, тпру́га — падкліканне кароў, балг. дыял. тпру́тпру́ — для падклікання авечак і ягнят (БД, 4). Магчыма, другасныя ўтварэнні, ускладненыя рознымі суфіксамі, звязаныя з больш раннімі абазначэннямі жывёлы (Германовіч, Междом., 67), асабліва ў дзіцячай мове, параўн. тпру́ца ’вада, малако’, гл. Відаць, таго ж паходжання і адгонныя словы тпрусь (куды) — вокліч на цяля пры адварочванні ад шкоды (Юрч. Вытв.), тпру́цкі — вокліч адганяць цялят (Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. дыял. тпрусь — выгук, якім адганяюць, тпрусь, тпрс — выгук, якім адганяюць авечак, тпруч‑тпруч ’тс’, балг. дыял. тпрус — для адгону ката, тпруч — для адгону кароў і інш., якія вымаўляюцца з іншай інтанацыяй. Параўн. наступнае слова, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

працягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць у якім‑н. напрамку або на якую‑н. адлегласць. Працягнулі трохі валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укапаныя. Якімовіч. / у безас. ужыв. І ўсё ж удар быў нечаканы — Мікола адразу ж паваліўся і яго трохі працягнула па глыбокім снезе. Новікаў.

2. што. Выцягнуць, выпрастаць (руку, нагу і пад.). Ладуцька працягнуў руку і лёгка тузануў Зайцава за край гімнасцёркі. Кулакоўскі. // Паднесці, падаць выцягнутай рукой. — Вось, вазьмі, Андрэйка, — працягнула мне дзяўчына невялікі пакунак. Даніленка. А праз некалькі дзён, у нядзелю, прыйшоўшы з мястэчка, бацька паклікаў мяне з двара і працягнуў новенькі жоўты буквар. Ляўданскі.

3. што. Пацягнуць, расцягнуць упоперак чаго‑н. або ў якім‑н. напрамку. Мітынг адкрыў Васіль Лазавенка.. Дзяніс Гоман і Максім у гэты момант працягнулі на мастку істужку. Шамякін. // Правесці, пракласці. Працягнуць тэлефонную лінію. Працягнуць дарогу. □ Намаганні Максіма хутчэй працягнуць лінію да Лядцаў былі дарэмныя. Шамякін. Мікола зрабіў столік пад бачкі і ванначкі, выпрасіў у мамы і перанёс туды невялічкі куфэрак, працягнуў электраправодку. Шыловіч.

4. каго-што. Прапусціць, правесці праз што-н; уцягнуць у што‑н. Працягнуць нітку ў іголку. □ Не заўсёды ўдавалася працягнуць лодку цераз гэтыя заломы. Прыходзілася рассякаць бярвенні, што збіліся тут у кучу, або з дапамогай агню прапальваць у іх праходы. Гавеман. // што. Дамагчыся прыняцця недазволенымі метадамі (пастановы, рашэння і пад.). Працягнуць рэзалюцыю на сходзе. // Спец. Вырабіць, прапускаючы метал праз адтуліну патрэбнага памеру. Працягнуць дрот.

5. што. Спец. Апрацаваць дэталь працяжкай (у 2 знач.).

6. чым. Правесці чым‑н. па якой‑н. паверхні. Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамі па поясу і паправіў гімнасцёрку. Пестрак. Сыпаліся слёзы, Беглі над прыполам, Быццам хто па сэрцу Працягнуў нажом. Броўка.

7. што. Прымусіць доўга гучаць. Працягнуць ноту. // Працяжна вымавіць, сказаць што‑н. Тпру-у, — працягнула Вера. Кулакоўскі. — Я хачу сма-а-ч-нага-а — працягнула .. [дзяўчынка]. Васілевіч.

8. што. Прадоўжыць, узнавіць пасля перапынку. [Ладынін:] — Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход. Шамякін. Ну дык зноў працягнем наш паядынак, яшчэ і яшчэ раз уп’ёмся радасцю барацьбы. Гарбук.

9. каго-што. Разм. Раскрытыкаваць, абсмяяць (звычайна ў друку). — Кабеты, Чаго стаім? Не час, У вусную газету Яшчэ працягнуць нас. Калачынскі.

10. Пражыць, праіснаваць некаторы час. «Не працягне бацька больш дня», — падумаў Васіль і адчуў, што на вачах закіпелі слёзы. Даніленка. — На нішчымніцы доўга не працягне, ды пры такой яшчэ цяжкай рабоце... Пальчэўскі.

•••

Ногі працягнуць (выцягнуць, выпруціць, выпрастаць) — памерці.

Працягнуць руку дапамогі каму — тое, што і падаць руку дапамогі каму (гл. падаць).

Як руку працягнуць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)