КУЯ́ЎСКА-ПАМО́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Kujawsko-Pomorskie),

адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 17,7 тыс. км². Нас. 2,1 млн. чал. (1999), гарадскога 61%. Адм. цэнтр — г. Быдгашч. Найб. гарады: Торунь, Улацлавак, Грудзёндз, Інавроцлаў. Большая частка ваяводства размешчана ў межах Велікапольска-Куяўскай нізіны. На Пн заходзіць частка Паморскага Паазер’я, на Пд — ускраіны Велікапольскага Паазер’я. Пашыраны ледавіковыя і водна-ледавіковыя адклады і формы рэльефу. Карысныя выкапні: каменная соль, буд. матэрыялы, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -2 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—550 мм за год. Гал. рэкі Вісла (з прытокамі Брда, Вда, Оса, Дрвенца) і Нотаць (бас. Одры) злучаны Быдгашчцкім каналам. Шмат азёр (Гопла, Караноўскае і інш.). Глебы пераважна падзолістыя і бурыя, на паніжэннях — тарфяныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 24% тэрыторыі (дуб, граб, хвоя, елка). Гаспадарка аграрна-прамысловая. Развіты машынабудаванне (вытв-сць абсталявання для харч., дрэваапр. і цэм. прам-сці, веласіпедаў, паўправаднікоў, эл.-тэхн. прылад), хім. (вытв-сць пластмас, фарбаў, лакаў, гумавых вырабаў, мінер. угнаенняў), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровая, мэблевая), лёгкая (абутковая, швейная, шарсцяная), паліграф., харч. (цукр., мяса-малочная, мукамольная, алейная, агароднінна-кансервавая) прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча каменнай солі. Пад с.-г. ўгоддзямі 63% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі 55%. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, бульбу, цукр. буракі, тытунь, рапс, кармавыя травы. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Бальнеагразевы і кліматычны курорт Інавроцлаў. Турызм.

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,

від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.

Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)