«РУНЬ»,

бел. самадз. харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1983 пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага адкрытага акц. т-ва «Магатэкс», з 1989 народны. Заснавальнік і маст. кіраўнік, пастаноўшчык танцаў — В.​Папоў. Складаецца з танц. (40 удзельнікаў) і інстр. (10 чал.; існуе з 1988) груп. Мае самабытныя нар. інструменты: ліру, гудок, кмен, жалейкі і інш. У рэпертуары сцэн. варыянты танцаў, засн. на самабытных узорах фальклору розных рэгіёнаў Беларусі. Захоўвае лепшыя традыцыі бел. танц. культуры, даследуе і апрацоўвае рэгіянальны і старадаўні харэагр. і муз. фальклор. Пастаноўка танцаў ажыццяўляецца на матэрыяле даследчыкаў фальклору і сабранага ў экспедыцыях Паповым. Сярод танцаў «Варатынская кадрыля», «Падушачка», «Таўкачыкі», карагоды «Званочкі», «Ляляшы» і інш. Творчасці калектыву прысвечаны дакумент. фільм Магілёўскага тэлебачання «Танцуе «Рунь». Ансамбль — лаўрэат і дыпламант больш як 30 рэсп. і міжнар. конкурсаў і фестываляў, у т. л. ў Францыі (г. Пуацье, 1990), Вялікабрытаніі (г. Сідмут, г. Білінгем, 1991), Італіі (г. Гарыцыя, 1992, Гран-пры), Германіі (г. Марбург, 1996), Іспаніі (г. Барселона, 2000), Беларусі: 1-га Рэсп. фестывалю бел. нар. танца (г. Гродна, 1990), Рэсп. фестывалю бел. нар. танца «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992), 1-га Міжнар. фестывалю харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель, 1997), 1-га фестывалю нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (Мінск, 1998). Пры ансамблі працуе харэагр. студыя «Зярнятка» (кіраўнік Т.​Папова).

А.​А.​Скарына.

Харэаграфічны ансамбль «Рунь».

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Таўка́ч1 ’качалка з патоўшчаным круглым канцом, мяла’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Варл., Растарг., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ’пра някемлівага, дурнога чалавека’ (ТСБМ, Шат.), ’пра непаваротлівага, няспрытнага чалавека’ (Скарбы), ’той, хто замінае, таўчэцца пад рукамі; маруда’ (Сцяц. Сл.), ’целяпень, нязграбны чалавек’ (Гіл., Мат. Гом.), тоўка́ч, товка́ч ’мяла (у ступе), качалка’ (ТС, Арх. Вяр., Вруб., Сл. ПЗБ), таўка́чка ’тс’ (Ян.), ст.-бел. толка́ч ’тс’: толкачи до них железныи два (1518 г., КГС). Укр. товка́ч ’тс’, рус. дыял. толка́ч ’тс’, польск. дыял. tłukacz ’мяла для размінання бульбы для свіней’, ст.-слав. тлъкачь ’мяла’. Назоўнік, вытворны ад таўчы, што да прасл. *telkti, гл. таўкці, таўчы. Меркаванне пра незалежны характар утварэння таўка́ч ’дурань’ гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1166: утварэнне з суф. ‑ач, што абазначае суб’ект дзеяння са значэннем непавагі, грэблівасці, відаць, суадноснае з таўчыся ’сноўдацца без справы’.

Таўка́ч2 ’пачатак кукурузы’ (Сл. ПЗБ), ’катах рагозу’ (Сл. ПЗБ; дзятл., Жыв. сл.; ЛА, 1), товка́ч ’галоўка чароту’ (драг., Нар. ск.), таўка́чык, таўка́чыкі ’палявы хвошч, Equisetum arvense L.’ (Касп., Бяльк., Яўс., Бяльк., ЛА, 1), ’насеннікі бярозы’ (свісл., Шатал.), таўка́чыкі ’катахі рагозу’ (зэльв., слонім., ЛА, 1), ’мох у выглядзе збаночкаў’ (Меер Крыч.), таўка́чнік ’хвошч’ (Кіс.). Вобразны перанос з таўкач1.

Таўка́ч3 ’плавальны пузыр’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пухір у рыбы’ (віл., лаг., ЛА, 1), туўка́ч ’тс’ (шарк., мёрск., ЛА, 1), талка́ч ’тс’ (полац., ЛА, 1). Відаць, з-за знешняга падабенства да таўкач1, гл.

Таўка́ч4 ’круг, кальцо (каўбасы)’ (лід., Сл. ПЗБ). Аналагічна да папярэдняга слова, гл.

Таўка́ч5 (тыўка́ч) ’драўляны гузік прадаўгаватай формы’ (Шатал.), таўкачо́к ’бірка (зашпілька)’ (Сл. ПЗБ; рас., в.-дзв., полац., шуміл., ЛА, 4). Да таўкач1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,

адзін з найб. стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.

Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав. карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.

Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб. стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж. акад. нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.

Літ.:

Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».

т. 11, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)