крыптагра́фія

(ад крыпта- + -графія)

спосаб пісьма, зразумелы толькі для дасведчаных або разлічаны на адгадванне; тайнапіс.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),

1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж. усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным,парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).

2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РХЕС ((Borges) Хорхе Луіс) (24.8.1899, Буэнас-Айрэс — 14.6.1986),

аргенцінскі пісьменнік і літ.-знавец. Праф. ун-та ў Буэнас-Айрэсе (1955), гл. арг. Акадэміі л-ры (1962), старшыня арг. Пэн-клуба (1950—53). Творчасць Б. прадвызначыла тэндэнцыі развіцця лац.-амер. нерэалістычнай л-ры. Вядомасць прынеслі апавяданні, навелы, эсэ, адметныя глыбокім філас. падтэкстам, інтэлектуальнай метафарычнасцю, стылістычнай адточанасцю (зб-кі «Сусветная гісторыя знявагі», 1935; «Гісторыя вечнасці», 1936; «Выдумкі», 1944; «Алеф», 1949; «Новыя расследаванні», 1952; «Паведамленне Броўдзі», 1970; «Кніга пясчынак», 1975). У зб-ках вершаў «Тварэц» (1960), «Другі і ранейшы» (1964), «Хвала цемры» (1969), «Золата тыграў» (1972), «Тайнапіс» (1981) працягваў свае эксперыменты з прасторай, часам і культурай. Аўтар літ.-знаўчых і крытычных прац («Паэзія гаўча», 1955, і інш.). Прэмія М.Сервантэса (1979).

Тв.:

Рус. пер. — Проза разных лет. 2 изд. М., 1989;

Избр. стихотворения. М., 1993.

Літ.:

Тертерян И. Человек, мир, культура в творчестве Хорхе Луиса Борхеса // Борхес Х.Л. Проза разных лет. Пер. с исп. 2 изд. М., 1989;

Левин Ю.И. Повествовательная структура как генератор смысла: текст в тексте у Х.Л.Борхеса // Текст в тексте: Тр. по знаковым системам XIV. Тарту, 1981.

П.П.Акулаў.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)