ЛА́ПЦЕЎ (Харытон Пракопавіч) (1700—63/64),

расійскі даследчык Арктыкі. Капітан 1-га рангу. Стрыечны брат Дз.Я.Лапцева. На флоце з 1718. У 1739—42 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі, правёў пры ўдзеле С.І.Чэлюскіна, Н.​Чэкіна і Г.​Мядзведзева апісанне п-ва Таймыр паміж вусцямі рэк Хатанга і Пясіна, адкрыў і апісаў некаторыя бліжэйшыя астравы. Па заканчэнні экспедыцыі служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы: марскі бераг на п-ве Таймыр, мыс на п-ве Чэлюскін і інш.; у гонар Х.П. і Дз.​Я.​Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКІ́ЦКІ (Барыс Андрэевіч) (3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),

рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І.Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІДЭНДО́РФ (Аляксандр Фёдаравіч) (18.8.1815, С.-Пецярбург — 28.1.1894),

расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1850). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1837). У 1842—45 здзейсніў падарожжа па Паўн. і Усх. Сібіры, Д.​Усходзе, наведаў п-аў Таймыр, Удска-Тугурскае Прыахоцце і Прыамур’е, Шантарскія а-вы і інш. Справаздача М. была найб. поўным прыродна-гіст. апісаннем Сібіры. У 1870 даследаваў Барабінскі стэп, у 1878 — Ферганскую даліну. У 1883—85 узначальваў экспедыцыю па даследаванні жывёлагадоўлі ў цэнтр. і ўсх. губернях еўрап. ч. Расіі. Займаўся селекцыяй. Імем М. наз. мыс на паўн. в-ве Новая Зямля і заліў каля п-ва Таймыр.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКІ́ЦКАГА ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж п-вам Таймыр і в-вам Паўн. Зямля. Злучае моры Карскае і Лапцевых. Даўж. 104 км, шыр. 55 км, глыб. да 210 м. Б. ч. года ўкрыты плывучымі льдамі. Адкрыты ў 1914 рус. гідраграфічнай экспедыцыяй і названы імем Б.А.Вількіцкага.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫРА́НГА,

горы на Пн п-ва Таймыр, у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Сістэма паралельных або кулісападобных хрыбтоў і хвалістых плато працягласцю да 1100 км, шыр. больш за 200 км. Выш. да 1146 м. Складзены пераважна з габрадыябазаў. На У ледавікі (агульная пл. 30,5 км²). Камяністая тундра і арктычная горная пустыня.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНІСЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў у Карскім м., паміж Гыданскім п-вам і п-вам Таймыр. Даўж. каля 225 км. шыр. каля ўваходу 150 км. глыб. 6—20 м. Упадае р. Енісей. Свабодны ад лёду 3 летнія месяцы. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (нельма, омуль), промысел цюленя, бялухі. На ўсх. беразе каля ўваходу ў Е.з. порт Дыксан.

т. 6, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НЧЫШЧАЎ (Васіль Васілевіч) (1702—29.8.1736),

расійскі мараплавец. Са старадаўняга шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Маскоўскую школу матэм. і навігацыйных навук (1718). У 1733 лейтэнант і кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі па апісанні берагоў Паўн. Ледавітага ак. ад вусця р. Лена да вусця р. Енісей. У 1735 на парусна-вяслярнай дубель-шлюпцы «Якуцк» прайшоў па р. Лена з Якуцка да вусця, з правядзеннем інструментальнай здымкі гэтай ч. ракі. У 1736 даследаваў усх. бераг п-ва Таймыр і ўздоўж яго падняўся на Пн да 77°29 паўн. ш., адкрыў в-аў Пятра і ўсх. групу а-воў Самуіла (цяпер — Камсамольскай Праўды). На зваротным шляху П. памёр ад цынгі. У плаваннях П. прымала ўдзел яго жонка Марыя Прончышчава — першая рас. палярная падарожніца. Імем П. названы ч. ўсх. берага п-ва Таймыр, краж паміж вусцем рэк Алянёк і Анабар. У гонар М.​Прончышчавай — бухта ў м. Лапцевых.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКСУ́Н (Coregonus muksun),

паўпрахадная рыба роду сігаў сям. ласосяў. Пашыраны ў апрэсненых і прыбярэжных водах Паўн. Ледавітага ак., нерастуе ў рэках Сібіры. На п-ве Таймыр жыве азёрная форма.

Даўж. да 75 см, маса да 8, зрэдку да 13 кг. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Корміцца пераважна заабентасам, ракападобнымі, зрэдку рыбай. Нераст не кожны год. Аб’ект промыслу і развядзення.

Муксун.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс. км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб. глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр. ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЦАБЫ́К, мускусны бык (Ovibos moschatus),

жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.

Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.

Аўцабык.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)