ДЖЭ́РСІ́ (англ. jersey ад назвы в-ва Джэрсі),

асновавязаная тканіна (трыкатаж) з шарсцяных, баваўняных, шаўковых ці сінт. нітак; а таксама адзенне з такой тканіны.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КАМБІНА́Т ШАЎКО́ВЫХ ТКАНІ́Н.

Створаны ў 1955 у Віцебску як шаўкаткацкая ф-ка. У 1965—72 уведзена аддзелачная вытв-сць. З 1968 шаўковы камбінат, з 1976 сучасная назва. У 1984—85 рэканструяваны, расшырана ткацкая вытв-сць. З 1994 — калектыўнае прадпрыемства. Цэхі: падрыхтоўчы, ткацкі, аддзелачны. Асн. прадукцыя (1996): шаўковыя тканіны (усяго 6 млн. м гатовых тканін), з прымессю штучных валокнаў, з сінт. нітак і валокнаў, з штучных і з сінт. нітак з інш. валокнамі, з штапельнага валакна; сукеначныя, парцьерныя, касцюмныя і блузачныя, падкладачныя, а таксама тэхнічныя.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫСТА́ТЫКІ,

хімічныя злучэнні, якія зніжаюць статычную электрызацыю палімерных рэчываў. Дзеянне антыстатыкаў павышае электраправоднасць сінт. матэрыялаў і абумоўлівае ўцечку зараду з іх. Як антыстатыкі выкарыстоўваюцца высокадысперсныя электраправодныя рэчывы (напр., сажа, графіт, аксіды металаў), паверхнева-актыўныя рэчывы, плёнкаўтваральныя палімеры (напр., поліакрылавая кіслата, полістыролсульфакіслата). Антыстатыкі наносяць на паверхню сінт. валокнаў, пластмасаў, тэкст. вырабаў ці ўводзяць у састаў матэрыялу (да 50% ад масы). Статычная (наведзеная) электрычнасць дрэнна ўплывае на чалавека (выклікае стомленасць і дыскамфорт), на паказанні высокаадчувальнай электроннай апаратуры. Для бытавых патрэб пажаданы выпуск антыстатыкаў у выглядзе аэразоляў.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНА́ТЫ,

солі і эфіры вугальнай кіслаты H2CO3.

К. неарганічныя — сярэднія (з аніёнам CO3−2) і кіслыя (з аніёнам HCO3) солі (гл. Гідракарбанаты). Сярэднія К. — крышт. рэчывы, тэрмічна няўстойлівыя (акрамя К. шчолачных металаў). Пры награванні раскладаюцца да аксіду металу і дыаксіду вугляроду (напр., CaCO3 = CaO + CO2). У вадзе (акрамя К. шчолачных металаў, амонію і аднавалентнага талію Tl2CO3) не раствараюцца. У прыродзе складаюць адну з груп мінералаў, важнейшыя з іх — кальцыт, магнезіт, сідэрыт, смітсаніт і некат. інш. Выкарыстоўваюць прыродныя К. як каштоўныя метал. руды (напр., К. цынку, жалеза, марганцу, медзі), У буд-ве (вапняк, магнезіт, вітэрыт); сінт. — у асн. натрыю К. (гл. Coda). К. арганічныя — ацыклічныя і цыклічныя складаныя эфіры. Ацыклічныя К. бясколерныя вадкасці з эфірным пахам (напр., метылэтылкарбанат, tкіп 107 °C). Цыклічныя К. — вадкія ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы (напр., OCH2CH2OCO этыленкарбанат, tпл 39 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смол; манамеры ў вытв-сці сінт. каўчуку, валокнаў, пластмас; зыходныя рэчывы для сінтэзу гліколяў, пластыфікатараў, лек. сродкаў і сродкаў аховы раслін.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТЭКСЫ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,

водныя дысперсіі сінт. палімераў. У Л.с. макрамалекулы палімера знаходзяцца ў выглядзе глобул (сярэдні дыяметр 0,01—0,1 мкм). Калоідная сістэма стабілізавана паверхнева-актыўнымі рэчывамі (эмульгатарамі).

Атрымліваюць Л.с. пры полімерызацыі (суполімерызацыі) адпаведных манамераў у водным асяроддзі ці пры эмульгаванні ў вадзе раствораў палімераў (напр., бутылкаўчуку, сінт. поліізапрэну) у арган. растваральніках (такія латэксы наз штучнымі). Паводле хім. саставу палімера адрозніваюць бутадыен-стырольныя, бутадыен-нітрыльныя, хларапрэнавыя і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання латэксных вырабаў (пальчаткі, метэаралагічныя абалонкі, гумавыя ніткі), кляёў, фарбаў; для апрэтавання і прамочвання тэкст. вырабаў, апрацоўкі паперы, лакіравання натуральнай і штучнай скуры, надання эластычнасці бетону і інш.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),

мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.​Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.​Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІДЫЯБЕТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антыдыябетычныя сродкі,

лекавыя сродкі для лячэння дыябету цукровага. Зніжаюць колькасць глюкозы ў крыві. Да іх адносяць прэпараты інсуліну (з падстраўнікавых залоз свойскіх жывёл), цукразніжальныя сінт. прэпараты. Адрозніваюць прэпараты інсуліну кароткачасовага дзеяння — 6—8 гадз. (просты інсулін, суінсулін), сярэдняй працягласці — 12—18 гадз (Б-інсулін, суспензія цынк-інсуліну аморфная) і працяглага дзеяння — 24—30 гадз (суспензія цынк-інсуліну). Ужываюць таксама прэпараты чалавечага інсуліну (у параўнанні з жывёльнымі радзей выклікае пабочныя эфекты), напр., хумалог, хумулін, ультратард. Да сінт. П.с. адносяць вытворныя сульфанілмачавіны (бугамід, хлорпрапамід, букарбан і інш.) і бігуаніды (напр., глібутыд).

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАНЧО́ШНА-ТРЫКАТА́ЖНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «КІМ» Створана ў 1931 у Віцебску як панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Камуніст. інтэрнацыянала моладзі). У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Ульянаўск (Расія). Адноўлена ў 1945, рэканструявана. З 1986 камбінат, з 1994 акц. т-ва «КІМ» («Класіка індустрыі моды»). Асн. вытв-сці: швейна-вязальная і фарбавальна-аддзелачная, цэхі рамонтна-мех., парасілавая гаспадарка, электрацэх, трансп. цэх, мех. майстэрні. Асн. прадукцыя (1996); панчошна-шкарпэткавыя вырабы (мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя) з натуральнай і сінт. пражы, верхні трыкатаж і бялізна з сінт. і штучных нітак. Выпускае больш за 25% панчошна-шкарпэткавых вырабаў у Беларусі (26 млн. пар у 1994).

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Сяргей Васілевіч) (25.7.1874, г. Люблін, Польшча — 2.5.1934),

савецкі хімік, распрацоўшчык прамысл. спосабу атрымання сінт. каўчуку. Акад. АН СССР (1932, чл.-кар. 1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900) і працаваў у ім (з 1902), адначасова (з 1916) праф. Ваенна-мед. акадэміі. Навук. працы па даследаванні полімерызацыі, ізамерызацыі і гідрагенізацыі ненасычаных вуглевадародаў раду дывінілу і алену (1908—13). Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання бутадыену з этылавага спірту, першы ў свеце метад атрымання сінт. каўчуку (1926—28), гумы і гумава-тэхн. вырабаў на яго аснове (укаранёны з 1932).

Літ.:

Академик С.​В.​Лебедев: К 80-летию со дня рождения. М., 1954;

Пиотровский К.Б. Сергей Лебедев. М., 1960.

С.В.Лебедзеў.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬВЕ́Т (ад англ. velvet аксаміт),

вельвецін, шчыльная баваўняная ці сінт. тканіна, якая мае на добрым баку падоўжныя рубчыкі з уточнага ворсу. Вельвет-корд мае шырокія, вельвет-рубчык — вузкія рубчыкі. З вельвету шыюць курткі, касцюмы і інш.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)