БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,
збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.
т. 3, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБА́Р,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 939 км. Пл. басейна 100 тыс. км². Вытокі на Анабарскім плато, цячэ на Паўн.-Сібірскай нізіне, упадае ў мора Лапцевых. Гал. Прытокі: М.Куанамка, Уджа (справа), Суалама, Харабыл (злева). Ледастаў з канца вер. да мая. Зімой на перакатах прамярзае да дна. У вусці шмат рыбы (нельма, муксун, рапушка, омуль і інш.).
т. 1, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЫДА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
на Пн Зах.-Сібірскай раўніны, паміж Тазаўскай і Обскай губамі і Енісейскім зал. Карскага м. Даўж. каля 400 км, шыр. да 400 км, выш. да 200 м. Узгоркавая раўніна, складзеная з марскіх і ледавіковых адкладаў; на Пд пераходзіць у Танамскае ўзвышша. Клімат суровы. Тундра, на Пд лесатундравае рэдкалессе. Аленегадоўля, паляванне, рыбалоўства. Радовішчы прыроднага газу.
т. 5, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ХТАВЫ БАЛЬЗА́М,
прадукт перапрацоўкі жывіцы піхты сібірскай ці каўказскай. Атрымліваюць адгонкай шкіпінару з ачышчанай і абязводжанай жывіцы. Празрыстая светла-жоўтага колеру вязкая вадкасць ці цвёрдае рэчыва (т-ра размякчэння 65—75 °C). Раствараецца ў дыэтылавым эфіры, этаноле, араматычных вуглевадародах, рыцыне. Выкарыстоўваюць для склейвання аптычнага шкла і вырабу мікрапрэпаратаў, лячэбны П.б. (раствор П.б. ў рыцыне) як лек. сродак з танізавальнымі і біягеннастымулюючымі ўласцівасцямі.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́СІНА,
рака ў Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе Расіі. Даўж. 818 км, пл. басейна 182 тыс. км². Выцякае з воз. Пясіна, цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне, у нізоўях прарываецца цераз горы Быранга. Упадае ў Пясінскі зал. Карскага м., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Дудыпта (справа), Агапа (злева). Сярэдні расход у ніжнім цячэнні каля 2,6 тыс. м³/с. Ледастаў ад канца вер. — пач. кастр. да чэрвеня. Рыбалоўства. Суднаходная.
т. 13, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЛІЗІ́НЫ,
антыцелы, якія выклікаюць разбурэнне і растварэнне клетак бактэрый (бактэрыёліз). Дзейнічаюць пры ўдзеле камплементу — бялковага комплексу свежай сывараткі крыві (фактар прыроднага імунітэту ў жывёл і чалавека), з якім звязана ўстойлівасць арганізма да хваробатворных мікробаў. Бактэрыялізіны выдзяляюцца жывёльнымі арганізмамі і многімі бактэрыямі, напрыклад сінягнойная палачка выдзяляе бактэрыялізін, які растварае бактэрыі сібірскай язвы, брушнога тыфу, дыфтэрыі. Бактэрыялізіны — адзін з фактараў імунітэту пры халеры, тыфапаратыфозных і інш. захворваннях. Бактэрыцыднае дзеянне бактэрыялізінаў павялічвае лізацым (выклікае неспецыфічны бактэрыёліз).
т. 2, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ЮГА́Н,
рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, левы прыток Обі. Даўж. 1063 км, пл. бас. 34,7 тыс. км². Пачынаецца ў балотах Васюгання, цячэ па цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, упадае ў Юганскую пратоку. Асн. прыток — Малы Юган (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з кастр.—ліст. да канца крас. — пачатку мая. Сярэдні расход вады 230 м³/с. У бас. Вялікага Югана больш як 7,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 457 км ад вусця.
т. 4, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАЦЕ́НКА (Раман Ісідаравіч) (12.10.1857, Тбілісі — 15.12.1904),
расійскі ваен. дзеяч, герой абароны Порт-Артура. Ген.-лейт. (1904). Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1877), Інж. акадэмію (1882) і Акадэмію Генштаба (1886). Камандаваў (з 1903) 7-й Усх.-Сібірскай стралк. брыгадай. У рус.-яп. вайну 1904—05 нач. абароны сухап. фронту крэпасці Порт-Артур, пад яго кіраўніцтвам нанава створана сістэма абароны крэпасці. Кіраваў стварэннем новых відаў узбраення (ручныя гранаты, мінамёты), прыдумаў электрызацыю драцяных загарод. Загінуў пры артыл. абстрэле.
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́Й,
рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км². Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.
т. 8, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НДА,
рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.
т. 8, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)