Раско́л ’збойца, разбойнік’, ’гарэза, свавольнік’, ’вісус, шыбенік’ (Бяльк., Мат. Гом.; дзярж., Нар. сл.; Жд. 3, ТС, Янк. Мат.), ’злы, нялітасцівы чалавек’ (Сцяшк. Сл.), раско́ла ’хуліган’ (Сл. Брэс.), роско́л, роско́льнік ’шыбенік, свавольнік’ (ТС). Як здаецца, няма падстаў ідэнтыфікаваць з рус. роско́л, раско́льник, якія Фасмер (3, 444) выводзіць ад рас- і колоть у значэнні ’разбіваць, ламаць’; мяркуецца, што яны ўвайшлі ў мову пасля расколу ў праваслаўі пры патрыярху Нікане ў 1654 г., адсюль маглі набыць значэнне ’разбойнік’. Параўн. накольнік, гл.; развіццё семантыкі аналагічна да сэнсава блізкіх вісус, шыбенік (гл.), і, відавочна, азначала злачынцу, што павінен быў быць пасаджаны на кол (гл.), але змог застацца непакараным. Раско́л у значэнні ’сектант’ (Сержп. Казкі), відаць, запазычана з рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч. 1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... + грэч. phōnē гук),

1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл. Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц. матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш.нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.​Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.​Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.​Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл. Гамафонія).

2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.

Літ.:

Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;

Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;

Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калаўро́т ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., П. С., Сцяшк., Шат.), калаўротак ’тс’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам., Сцяц. Нар.; лях., Янк. 1, Сцяц. Нар., Сцяшк. МГ), калаўротка ’тс’ (івац., Бір. Працы IM, 6), калаўрот ’прыстасаванне для падымання грузаў: вал з ручкай, на які намотваецца канат, ланцуг’ (ТСБМ), ’свердзел’ (Касп.), ’рухавік з кола, якое прыводзіць у бег санкі на лёдзе’ (Касп.), ’месца на лёдзе, дзе кола надзета на забіты кол і пры дапамозе жэрдкі прыстасавана для катання санак па крузе’ (Яшк., эскцэрпцыя з БелСЭ), кылаўрёт ’частка самапрадкі’, ’прылада для разматвання маткоў’ (Бяльк.), ковроток ’самапрадка’ (Уладз.), калаваруот ’тс’ (Серж. Грам.), коворыдка, ковориток ’тс’ (Уладз.). Адносна гісторыі рэаліі параўн. у Нікіфароўскага, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Укр. усх.-палес. коловороток ’самапрадка’ і калаварот ’корба ў студні’, рус. шуйск., уладз. калаброд ’самапрадка’? ’кросны’?, кастр. калаброды ’у кроснах прыстасаванне для навівання цэвак’, рус. коловорот ’ручны свердзел’, дыял. коловрат як назва тэхнічных прыстасаванняў, пск. коловорот ’загіб, паварот ракі’ і пск., цвяр. коловрат ’тс’. Рус. паралелі не даюць падстаў сцвярджаць аб магчымасці існавання непаўнагалоснага варыянта ад прасл. *vr̥těti на ўсх.-слав. тэрыторыі. Рус. калаброд наогул выглядае як сапсаваная пры запазычанні лексема. Верагодна, для непаўнагалосных бел. слоў факт іх запазычання нельга аспрэчваць. Больш цяжка вытлумачыць тыя факты, дзе значэнне ’кола для катання санак’ можа ўказваць на спрадвечнасць слова. У такім разе замену поўнагалоснай формы няпоўнагалоснай можна разумець як уплыў запазычанай, сэнсава блізкай лексемы. Сумнявацца ў тым, што ў бел. мове былі і ёсць кантынуанты прасл. злучэння kolovortъ (аб якім гл. Слаўскі, 2, 373) няма прычын (параўн. калаварот), аднак паслядоўны паралелізм фармальна розных структур вытлумачыць без іншамоўнага ўплыву цяжка. Параўн. яшчэ коурат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каём, каёміна ’шустры, бойкі’ (Бяльк.), акаёман, акаёмын ’верхалаз’ (Бяльк.). Ілюстрацыя ў слоўніку дазваляе ўдакладніць дэфініцыю: «Увесь дзень, як акаёмын ходзіць па дрэвах». Рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, гультай; ашуканец, неслух і інш.’, окаёмиться ’адбіцца ад рук і інш.’ Даль тлумачыць окаём словам «изверженный», окаёмный «опричный, кромешный, находящийся вне чего-либо». Такім чынам ён аб’ядноўвае іх і окаёмак у адным артыкуле. У гэты ж артыкул Бадуэн дэ Куртэнэ ў трэцім выданні слоўніка Даля ўключыў тамб., ярасл. окоём ’скнара, скупянда’. Супраць Мартынаў (Бел.-рус. ізал., 69), які прапануе: акаём/окаём < прасл. kajati sę. Структура слова, паводле Мартынава, там жа, высвятляецца, калі лічыць, што яно з’яўляецца формай залежнага дзеепрыметніка прошлага часу на ‑ом (окаём да каять, як весом да весить). У такім выпадку акаёмын, каём этымалагічна і сэнсава будуць звязаны з акаянны. Краўчук (вусн. паведамл.) удакладняе, што гэтыя словы могуць быць звязаны іншым шляхам і прапануе: акаянны > *акаённы (праз *акаенны), якое ў выніку дысіміляцыі дае акаёмны (‑нн‑ > ‑мн‑). Да гэтай формы заканамерна магло б узыходзіць акаёман, якое ў такім выпадку з’яўляецца зыходным для іншых форм. Цыхун (Бел.-рус. ізал., 91) прапанаваў іншую этымалогію для бел. акаём. Мяркуючы па значэнню ’шустры, бойкі’, улічваючы структуру бел. акаём ’небасхіл, прастора, якую можна ахапіць вокам’, звязвае бел. акаём ’шустры, бойкі’ з усх.-слав. око і яти. Параўноўваючы бел. слова і рус. дыял. окоём ’ашуканец, нягоднік’, ’скнара, скупянда і да т. п.’, аўтар лічыць, што ўнутраную форму гэтых слоў адлюстроўвае фразеалагізм оком яти ’ахопліваць вокам’; у якасці прыкладаў прыводзяцца гродз. зазроны (ад zьrěti) ’скупы, зайздросны’, рус. завидовать ’зайздросціць’, балг. свидлив ’скупы’. У такім выпадку значэнне хуткасці, бойкасці магло развівацца ў сувязі з паняццем ’ахопліваць вокам’, ’хутка, як вокам схапіць’ (бел. вокамгненна, гл.). Аўтар, аднак, меў у якасці рус. адпаведнікаў толькі прыклады з ярасл. гаворак і заўважыў, што надзейнасць гэтай бел.-рус. ізалексы невысокая, калі ўлічыць даныя аб міграцыі бел. насельніцтва ў гэты рэгіён (гл. падрабязней Бел.-рус. ізал., 91–92). Прымаючы пад увагу, што бел. і рус. словы сустракаюцца па разарваных арэалах, можна лічыць акаём/акаем усх.-слав. архаізмам. Што датычыцца ўласна этымалогіі, то адносна фанетыкі (гл. вышэй меркаванні Краўчука) параўн. яшчэ рус. алан. каётный ’які каецца, шкадуе аб зробленым’ і, магчыма, церск. каёмиться ’цырымоніцца, адмаўляцца’. Гл. акаёман.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),

1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт. Літаратуразнаўства).

2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.

3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.​Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв. літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.

Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.​Буало, В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.​Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.​Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.​Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас. рэв. дэмакратаў (В.​Бялінскага, М.​Дабралюбава, М.​Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.​Весялоўскі, А.​Патабня, С.​Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.​Тынянаў, Б.​Эйхенбаум, В.​Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.​Жырмунскага, В.​Вінаградава, Дз.​Ліхачова, М.​Храпчанкі, М.​Гаспарава і інш.

На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.​Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.​Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.​Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.​Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.​Чачот і пра нар. вершаскладанне І.​Насовіч.

У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.​Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел. функцыян. П. папоўнілася працамі А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я.​Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.​Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.​Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.​Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.​Акушкі, публікацыях А.​Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, В.​Рагойша, І.​Ралько, В.​Славецкі, В.​Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.​Шпакоўскі, А.​Яскевіч), П. празаічных твораў (В.​Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.​Матрунёнак), стылю (М.​Арочка, В.​Бечык, Л.​Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.​Барташэвіч, Н.​Гілевіч, А.​Ліс, Л.​Салавей, А.​Фядосік. І.​Цішчанка, М.​Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.​Гутараў, М.​Лазарук, А.​Ленсу, А.​Майсейчык, М.​Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.​Макарэвіч, Рагойша).

Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.

Літ.:

Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;

Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;

Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;

Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;

Рагойша В.П. Паэтыка М.​Танка. Мн., 1968;

Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;

Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Коўтун В. Святло народнага слова. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)