Сто́ль1 ‘пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе’, ‘паверхня гэтага пакрыцця з боку гарышча’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., ТСБМ, Ласт., Шат., Нік. Очерки, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., Варл.), ‘гарышча’ (Жд. 3), сто́ля ‘столь’ (Касп.), ‘столь; гарышча’ (ТС, ПСл, Мат. Гом., Сл. Брэс.), сюды ж сталява́нне ‘насціланне столі’, ‘столь’ (Нас.), сталява́ць ‘насцілаць столь’ (Нас., Касп.), сталі́ць сто́лю ‘тс’ (гарад., Хрэст. дыял.). Укр. сте́ля, стіль, сто́ля, рус. дыял. сте́ль ‘тс’. Да сцяліць, з чаргаваннем у беларускім слове. Гл. Фасмер, 3, 753; ЕСУМ, 5, 407. Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38) формы з ‑о‑ лічыць больш архаічнымі, захаванымі таксама ў в.- і н.-луж. postola, postoła ‘пасцель, ложак’ пры больш новых *postelь, *postelʼа (гл. пастель).

Столь2, сто́ля ‘столка’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гл. столка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Старана́ ‘бок’; ‘напрамак свету’, ‘край, краіна’, ‘бок (у судзе)’, ‘бок (у адзенні)’, ‘бок гумна; прыстаронак’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сторона́ ‘бок, бакавіна’, ‘край, мясцовасць’ (ТС), ст.-бел. сторона ‘край, краіна’, ‘напрамак’, ‘супрацьстаўныя групы’, ‘юрыдычная асоба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 69). Параўн. укр., рус. сторона́, стараж.-рус. сторона, польск., в.-луж., н.-луж. strona, палаб. stárna, чэш., славац. strana, серб.-харв. стра́на, славен. strána, балг. страна́, макед. страна, ст.-слав. страна. Прасл. *storna утворана з суф. ‑na ад прасл. *sterti (гл. прасціраць), якое, у сваю чаргу, ад і.-е. *ster‑ ‘тс’. Гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Шустар-Шэўц, 1364–1365; Бязлай, 3, 323. Роднасныя лат. stara ‘паласа’, ст.-інд. str̥ṇā́ti, str̥ṇā́ti ‘разлёгся’, лац. sternō ‘рассыпаць, распасцерці’, sternere ‘сыпаць, сцяліць’. Гл. Фасмер, 3, 768 з літ-рай; Глухак, 586–587.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слаць1 ‘пасылаць, адпраўляць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Варл., ТС). Параўн. укр. сла́ти, рус. слать, ст.-рус. сълати, польск. słać, в.-луж. słać, н.-луж. słaś, чэш. posláti, славац. slať, серб.-харв. сла̏ти, славен. posláti, ст.-слав. сълати. Прасл. *sъlati роднаснае гоц. saljan ‘прыносіць, ахвяраваць’, ст.-ісл. selja ‘перапраўляць, пераносіць, прадаваць’ (Траўтман, 292; Мікала, Ursl. Gr, 1, 79) і, далей, алб. sūljem ‘кідаюся, бягу’, гал. hollen ‘бегчы рыссю’ (гл. Фасмер, 3, 667; там жа і іншыя, менш верагодныя, збліжэнні). Сной₁ (474) адзначае, што прымальнай этымалогіі *sъlati няма. Ондруш (Studia Slavica, 6, 1960, 193 і наст.) спрабуе звязаць яго з літ. setė́ti ‘прыйсці’, salti ‘цячы’, семантычна абгрунтоўваючы гэта на прыкладзе хец. piyami ‘пасылаю’ < paimi ‘іду’, г. зн. ‘пасылаць’ <— ‘загадаць ісці’. Гл. яшчэ Махэк₂ (552), які на іншых і.-е. прыкладах разглядае аналагічнае семантычнае развіццё. Борысь (557) узводзіць да і.-е. *sel‑/*sol‑/*sl‑ ‘узяць; хапаць’; праславянскае слова, на яго думку, развілося ад першаснага каузатыўнага дзеяслова са значэннем ‘рабіць так, што хто-небудзь штосьці бярэ’ → ‘пасылаць, каб нехта штосьці атрымаў’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 296 з аглядам літ-ры.

Слаць2, сцялі́ць ‘класці, раскладваць, распасціраць, укладваць’ (ТСБМ, Нас., Сержп. Прымхі, ТС, Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр. сла́ти, стели́ти, рус. стлать, стели́ть, стараж.-рус. стьлати, польск. słać, ścielić, в.-луж. słaćсцяліць’, н.-луж. słaś, stłaś, чэш. stlát, славац. stlať, славен. stláli, балг. сте́ля, ст.-слав. стьлати. Прасл. *stьlati, *steljǫ роднаснае лат. slāt, slāju ‘накладваць, упакоўваць’, грэч. στέλλω “рыхтую, пасылаю’, лац. lātus ‘шырокі’ (< stlatus); да і.-е. *stel‑ ‘расцілаць’; гл. Траўтман, 286; Мюленбах-Эндзелін, 3, 924; Фасмер, 3, 753–754; Сной₁, 609; Борысь, 557; ЕСУМ, 5, 296–297; Міклашыч, 324; Покарны, 1018–1019; Махэк₂, 578. Фасмер (там жа) адзначае, што побач з і.-е. коранем *stel‑ прадстаўлены і *stern‑: лац. sternā, ‑ere, strātum ‘расцілаць, насыпаць’, грэч. στόρνῡμι ‘тс’ (параўн. прасл. *storna, гл. старана); Шустар-Шэўц, 1301–1302; Глухак, 558; Бязлай, 3, 317–318.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стра́ва ‘прыгатаваныя для ежы прадукты харчавання, блюда’, ‘суп, вадкая вараная ежа’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Растарг., Стан., Бяльк., Нік. Очерки, Байк. і Некр., Скарбы, Сержп., Касп., Пятк. 2, Вешт., ЛА, 4), ‘патрава’ (Нас.). Укр. стра́ва, рус. зах. стра́ва, стро́ва, стараж.-рус. истрава, страва (1407 г.), польск. strawa, чэш., славац. strava, старое н.-луж. strawa ‘ежа, корм’, славен. strava ‘памінкі’. Прасл. *sъtrava ‘ежа, пракармленне’, аддзеяслоўны назоўнік ад праславянскага прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑traviti ‘знішчыць, стравіць’, параўн. страві́ць ‘скарміць’ (Бяльк.), ‘спажыць’ (ТС), якія далей да трава, травіць, гл. (Фасмер, 3, 770; Борысь, 579). Паводле Трубачова (Этногенез₂, 316), першасная форма ўзыходзіць да прасл. *jьztrava, аддзеяслоўнага назоўніка ад *jьztraviti, утворанага з *jьz‑ і *traviti (гл. з і травіць). Назоўнік *strava у значэнні ‘пір (на памінках)’ захаваўся ў апісанні пахавання Атылы з V ст. і адпавядае заходнеславянскай форме, што ўзыходзіць да *jьztrava, а не *sъtravay гл. Трубачоў, ЭССЯ, 9, 81. Пярэчанні гл. Гіндзін, Сов. сл., 1990, 2, 65 і наст.; Балто-слав. этнокульт. и археол. древн., 30–31; Мартынаў, там жа, 56 (этымалагізуецца на падставе гоц. straua < straujan па тыпу стол < сцяліць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)