Труска́лкі, труска́ўкі, труска́вкы ‘клубніцы, Fragia viridis Duch.’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Выг., Сл. Брэс., Скарбы, Жд. 2; карэліц., Янк. Мат.; гродз., маг., мін., Кіс.; зах.-бел., Сл. ПЗБ); труска́вчына ‘ягада клубніц’ (Клім.); труска́лка ‘тс’ (Нік., Оч.), труска́ўка ‘тс’ (Кіс.), тру́скаўкі ‘суніцы, Fragaria ananassa Duch.’ (маг., мін., гродз., Кіс.; бяроз., ЛА, 1). Этымалогія няпэўная, звязваецца з назвамі іншых раслін, параўн. укр. тру́скавкасуніца’, труск, траскавка ‘тс’, польск. truskawka ‘клубніца’, вял.-польск. truśkawki, tryśkawki ‘тс’, truskawiec, truskawice ‘птушыны драсён, Polygonum aviculare L.’, truskowie ‘палын палявы, Artemisia campestris L.’; в.-луж. truskalcaсуніца’, ‘клубніца’, чэш. truskavec ‘драсён птушыны’, jahodník truskavec ‘клубніца’, ст.-чэш. truskavicě ‘тс’, славац. truskavica ‘тс’, drúzgavica ‘чарэшня’, druzgavec ‘суніцы’, truskavec ‘хваснік, пярыльцы, Hippuris vulgaris L.’, славен. tróska, trúskavica, truska(vka), tróskvaсуніца’, серб. труска, харв. truska, trȍskot, druzgavac ‘тс’. Паўн.-слав. *truskavъka/*truskavica (паводле Борыся, 645). У паўднёвых славян можа выступаць галосная ‑o‑ ў аснове. Зыходзячы са славянскага матэрыялу, нельга растлумачыць матывацыю назвы. Дапускаюць, што назва абумоўлена: трашчаннем на зубах насення пладоў (ЕСУМ, 5, 659); спецыфічным шумам (трэскам) пры зрыванні пладоў (Махэк₂, 655; Шустар-Шэўц, 1539); трэскам пры ламанні сцяблінак з лістамі — аналогіі маюцца ў розных мовах: укр. хрускавка, хру́ставка ад хрускати, хрусті́ти ‘хрусцець’, чэш. praskavec < praskati ‘трэскацца, лопацца, трашчаць’, в.-луж. pruskelcy < pruskotać ‘трашчаць’, літ. braškė ‘клубніца’ < braškė́ti ‘трашчаць’, нова-в.-ням. Knackbeere < knacken ‘хрусцець’, польск. truskawka < trusk ‘трэск, хруст’, ст.-рус. трускъ ‘трэск’, рус. дыял. труск ‘тс’ (Брукнер, 578; Махэк, 104–105; Борысь, 645). У беларускай мове (як і ў іншых славянскіх мовах) назва клубніц была перанесена з назвы суніц у першай палове XVIII ст., калі шляхам перакрыжавання віржынскіх і чылійскіх суніц былі выведзены гатункі клубніц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2-3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суні́цы ’расліна Fragaria vesca L. і яе плады’ (ТСБМ, Кіс., Ласт., Нік., Оч., Растарг., Сержп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ’тс’, ’клубніцы’ (ТС), суні́ца ’ягада расліны Fragaria vesca L.’ (Нас., Некр. і Байк., Нік., Оч., Федар. 4, Пятк. 2, Шымк. Собр., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’ягада клубніц, Fragaria collina L.’ (Ласт.), зуніца ’ягада Fragaria vesca L.’ (Меер Крыч.), суні́чка ’тс’ (Тур.). Укр. суни́ця, рус. паўдн. і зах. суни́ка, суни́ца (толькі смал. і бранск., г. зн. беларусізмы, гл. Мяркулава, Очерки, 117–118), польск. дыял. sunica, sonica, ст.-польск. sunica, sumnica, sumniczki, н.-луж. sunica, палаб. saunaićă (*sunica) ’клубніцы’, серб.-харв. sȕnica ’маліна’, балг. дыял. суни́ца ’суніцы; брусніцы’, рэдка ’садовыя клубніцы’, дыял. зу́ница ’маліна’, макед. суница ’лясныя ягады, Fragaria vesca L.’. Славянскія рэліктавыя словы ў адпаведных нямецкіх дыялектах: Saneitschen, Szameitschen, Schärneitschen, Sannerzen, Somgetzen (гл. Шустар-Шэўц, 1378). Існуе некалькі этымалагічных версій, аднак цяжка якой-небудзь з іх аддаць перавагу. Прасл. *sunica ’суніцы; клубніцы’, якое, як мяркуюць, роднаснае ст.-інд. śōna‑ ’чырвоны, ярка-чырвоны’, çōņitam ’кроў, смала дрэва’ (гл. Патабня, РФВ, 4, 283; Развадоўскі, RO, 1, 94), якія далей да і.-е. *ḱeu‑no‑s ’светлы, бліскучы’; гл. Покарны, 594; Скок, 3, 362; Шустар-Шэўц, Зб. Слаўскаму, 335–338. Брукнер (526), Бярнар (RÉS, 27, Зб. рэканструявалі назву як *sǫ‑ і *nicь да прасл. *niknǫti ’нікнуць’, параўн. тлумачэнне Ластоўскага: “суніцыя ягады, якія пахілены ніц, тварам уніз” (Ласт., 794). Да гэтай жа версіі схіляецца Мяркулава (там жа), якая ўзнаўляе як прасл. *sǫnica ’ягада, якая нікне да зямлі’ (параўн. пазёмкі, рус. земляніка). Бязлай (Eseji, 135) на падставе славен. samónica ’брусніцы, Vaccinium vitis-idaea L.’, ст.-польск. sumnice, sumniczki ’суніцы’ мяркуе пра зыходнае *samonikva, г. зн. ’ягады, якія растуць (з’яўляюцца, прарастаюць, гл. узнікаць) самі па сабе’, гл. таксама ў Праабражэнскага (1, 607), сумненні ў Фасмера (3, 804). Паводле Бонка (SEPS, 5, 237), у аснове матывацыі — размнажэнне пры дапамозе адросткаў (“вусоў”), у выніку чаго расліна “sunie się (płoży się) po ziemi” (гл. сунуць). Непрымальная думка Эндзеліна (RS, 10, 221), які параўноўваў з лат. sūna(s) ’мох’, sûnûkslis ’нарыўным пузырок’, якія таксама не маюць пэўнай этымалогіі, да таго ж суніцы не растуць у моху. Пра ранейшыя спробы этымалагізацыі, у тым ліку вывядзенне са ст.-прус. sunis ’сабака’ (як бы ’сабачыя ягады’), гл. Папоў, Из истории, 51. Гл. таксама Крывіцкі, PC, 2002, 8, 39–41 (мяркуецца пра інавацыю перыяду ВКЛ, што пярэчыць агульнаславянскаму распаўсюджанню). Гл. таксама сініца2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)