ГАПЛО́ІД (ад грэч. haploos адзіночны + eidos від),
арганізм (клетка, ядро) з адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом. Абазначаецца лац. літарай n. Утвараецца пры ўдзеле храмасомнага набору адной бацькоўскай гаметы, таму мае толькі па адной храмасоме кожнага тыпу. У многіх мікраарганізмаў і ніжэйшых раслін гаплоід у норме прадстаўляе адну са стадый жыццёвага цыкла (гаплафаза, гаметафіт), а ў некат. відаў членістаногіх гаплоідамі з’яўляюцца самцы. У большасці жывёл (і чалавека) гаплоідныя толькі палавыя клеткі. Для гаплоіда характэрна стэрыльнасць пры палавым размнажэнні.
т. 5, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. contraceptio літар. процізачацце),
метады і сродкі папярэджання цяжарнасці. Адрозніваюць К. фізіял. і штучную. Фізіял. К. заснавана на палавым устрыманні ў авуляцыйны перыяд (з 12-га да 16-га дня пры 28-дзённым менструальным цыкле), калі зачацце найб. верагоднае. Тэрміны авуляцыі могуць вар’іраваць, што робіць К., заснаваную на фізіял. асаблівасцях, не вельмі надзейнай. Часовая стэрыльнасць (немагчымасць зачацця) бывае ў многіх жанчын пры кармленні грудзьмі, асабліва ў першыя месяцы пасля родаў. Штучная К. ўключае мех., хім., біял., хірург. і камбінаваныя сродкі і метады. К. мае значнае сац. значэнне як адзін з асн. метадаў прафілактыкі аборту, планавання сям’і, рэгулявання росту народанасельніцтва і інш. Гл. таксама Процізачаткавыя сродкі.
І.У.Дуда.
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аўтастэры́льнасць
(ад аўта- + стэрыльнасць)
няздольнасць пылку раслін прарастаць на рыльцы песціка сваёй кветкі, другіх кветак раслін таго ж сорту.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІБРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
скрыжаванне генетычна разнародных арганізмаў (раслін і жывёл) з мэтай атрымання лепшых па якасцях сартоў, відаў, парод; адзін з важнейшых фактараў эвалюцыі біял. форм у прыродзе. Скрыжаванне асобін аднаго і таго ж віду наз. ўнутрывідавой гібрыдызацыяй, а розных відаў або родаў — аддаленай гібрыдызацыяй. У эксперыменце магчыма гібрыдызацыя паміж непалавымі (саматычнымі) клеткамі вельмі аддаленых відаў (напр., чалавека і мышы, соі і гароху). Гібрыдызацыя саматычных клетак адкрывае падыходы да такіх праблем, як зменлівасць на клетачным узроўні, працэсы антагенезу, узнікненне пухлін і інш. У малекулярнай біялогіі шырока выкарыстоўваюць гібрыдызацыю малекул нуклеінавых кіслот рознага паходжання (гл. Генетычная інжынерыя).
У аснове гібрыдызацыі ляжыць здольнасць раслін і жывёл да палавога ўзнаўлення шляхам апладнення. Натуральная гібрыдызацыя адбываецца спантанна ў прыродных умовах, штучная гібрыдызацыя кіруецца чалавекам шляхам падбору пар з пэўнымі прыкметамі і ўласцівасцямі, якія неабходна атрымаць у патомкаў (якасць, буйнаплоднасць, прадукцыйнасць, ранняспеласць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, марозаўстойлівасць і інш.). У селекцыі раслін найб. пашырана ўнутрывідавая гібрыдызацыя. Нескрыжавальнасць пар і стэрыльнасць гібрыдаў пры аддаленай гібрыдызацыі пераадольваюцца метадамі поліплаідыі і бекросу, папярэднім вегетатыўным збліжэннем і інш. У жывёлагадоўлі адрозніваюць уласна гібрыдызацыю (атрыманне гібрыдаў паміж відамі і родамі розных жывёл, напр., буйной рагатай жывёлы з якам і зебу, свойскай свінні з дзіком і інш.) і міжнароднае скрыжаванне (унутрывідавую гібрыдызацыю, якая з’яўляецца метадам прамысл. развядзення жывёл). Развіваецца таксама ўнутрыпародная (міжлінейная) гібрыдызацыя адселекціраваных па пэўных прыкметах парод, тыпаў, ліній.
А.Т.Купцова.
т. 5, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. isolatión аддзяленне, раз’яднанне) у біялогіі, выключэнне або абмежаванасць свабоднага скрыжоўвання паміж асобінамі аднаго віду; адзін з элементарных фактараў эвалюцыі, відаўтварэння. Вядзе да адасаблення ўнутрывідавых груп і новых відаў. У макраэвалюцыйным плане (гл. Макраэвалюцыя) абумоўлена нескрыжавальнасцю розных відаў або мае пераважна характар рэпрадуктыўнай І., пры якой узнікаюць незалежныя генафонды дзвюх папуляцый (потым папуляцыі могуць стаць самаст. відамі). У мікраэвалюцыйным плане (гл. Мікраэвалюцыя), або на ўнутрывідавым узроўні, адрозніваюць 2 асн. групы І.: тэрытарыяльна-механічную, да якой належаць усе выпадкі ўзнікнення перашкод паміж рознымі ч. насельніцтва ці папуляцыямі (напр., водныя бар’еры для сухапутных, суша для водных арганізмаў і інш.), і біялагічную, у якой вылучаюць 3 падгрупы І.: экалагічную (індывіды двух ці больш біятыпаў рэдка або зусім не сустракаюцца ў час рэпрадукцыйнага перыяду); морфа-фізіялагічную (апладненне, абцяжаранае ці немагчымае па марфал. ці паводзінскіх прычынах); генетычную, якая абумоўлена несумяшчальнасцю палавых клетак або непаўнацэннасцю гібрыдаў (паніжэнне жыццяздольнасці, плоднасці або поўная стэрыльнасць). Віды І. ўзнікаюць незалежна адзін ад аднаго і могуць спалучацца ў любых камбінацыях. Тэр.мех. І. (на вял. тэрыторыях геаграфічная) вядзе да алапатрычнага формаўтварэння (гл. Алапатрыя), а пры працяглым дзеянні звычайна выклікае з’яўленне біял. 1. якой-н. формы. Выпадкі першаснага ўзнікнення біял. І. могуць прывесці да сімпатрычнага формаўтварэння (гл. Сімпатрыя).
Літ.:
Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч. М.;Л., 1939. Т. З; Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969; Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980.
т. 7, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)