ДЫФТЭРЫ́Я (ад грэч. diphtherion скурка, плеўка),

інфекцыйная хвароба чалавека з фібрынозным (плеўкавым) запаленнем і агульнай інтаксікацыяй.

Узбуджальнік Д адкрыты ням. бактэрыёлагамі Э.​Клебсам і Ф.​Лёфлерам у 1883. Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бацыланосьбіты. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Адрозніваюць Д. зева, носа, гартані, вачэй, вонкавых палавых органаў (у дзяўчынак); бываюць камбінаваныя формы. Найчасцей бывае Д. зева (у 60—70%; лакалізаваная, пашыраная і таксічная). Прыкметы: пасля інкубацыйнага перыяду (2—14 дзён) т-ра цела 38 °C, паніжэнне апетыту, боль галавы і пры глытанні, пачырваненне, шэра-белыя плеўкі на слізістай абалонцы. Ускладненні: рэзкае звужэнне прасвету гартані (стэноз), расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.

Лячэнне: шпіталізацыя, процідыфтэрыйная сываратка; іншы раз — хірургічнае. Абавязковыя прышчэпкі супраць Д. коклюшна-дыфтэрыйна-слупняковай (КДС) вакцынай.

П.​Я.​Новікаў.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́КІ СЭ́РЦА,

паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.

Літ.:

Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;

Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.

М.​А.​Саўчанка.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

краніястэно́з

(ад гр. kranion = чэрап + стэноз)

прыроджаная недастатковасць развіцця арганізма, якая выражаецца ў дачасным зарошчванні швоў чэрапа, што абумоўлівае неадпаведнасць паміж ёмістасцю чарапной поласці і аб’ёмам мозгу і вядзе да павышэння ўнутрычарапнога ціску, атрафіі зрокавых нерваў, змянення формы чэрапа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)