шні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і снітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПАФІ́ТЫ [ад апа... + ...фіт(ы)],

абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бабо́ўнік, ‑у, м.

1. Тое, што і бабок. Тут былі снітка, асот, бабоўнік, трысцё, сітнік, дуброўка, дзядоўнік, аер, гарлачыкі жоўтыя, лілея белая, ліпа, дзьмухавец, званочкі, ключыкі. Дубоўка.

2. зб. Сцяблы бобу.

3. Дэкаратыўная кустовая расліна сямейства ружакветных, з насення якой вырабляецца міндальны алей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАРАСО́НАВЫЯ, сельдэрэевыя (Umbelliferae, Apiaceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін. Каля 300 родаў, больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. колькасць — ва ўмераных і субтрапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 33 роды, 51 від. У Чырв. кнігу занесена 6 відаў П.: астранцыя вялікая, баршчэўнік звычайны, бядрынец вялікі, дзікая пятрушка аленевая, сіела прамая, шчыталіснік звычайны.

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты або дрэўцы. Лісце звычайна простае, чаргаванае, моцна рассечанае. Кветкі дробныя ў складаных, часам простых, парасоніках ці галоўках. Плод — віслаплоднік. Ва ўсіх органах — эфіраалейныя ходы. Сярод П. шмат агароднінных (кмен, морква, сельдэрэй, пастарнак, пятрушка), тэхн. (каляндра, ферула), эфіраалейных (аніс, каляндра, фенхель), лек. (амі, кмен, ферула), дэкар. (астранцыя, баршчэўнік) раслін. Некат. моцна ядавітыя (балігалоў, цыкута), шэраг відаў (напр., снітка, цьмянец) пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 2. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 2). М., 1981.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.

В.​С.​Гельтман.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вёх ’цыкута’ (?) (гарад., Рам., 8), вілен. wech, wiech, wioch ’цыкута’, укр. вех ’тс’; ’паручайнік’, рус. вех, вёх: смал., кур., пенз., цвяр. ’цыкута’, уладз. ’какорыш звычайны’, горк.снітка’, уладз. ’стрэлкі’; ’амежнік’; ’зоркаўка’; ’балотная пятрушка’, смал., пск., раст. веха ’цыкута’, чэш. vích, věch ’вехаць’. Наяўнасць пары věxъvěxa сведчыць аб архаічнасці лексемы (Ільінскі, AfslPh, 29, 162). На ўсх.-слав. тэрыторыі вех, вёх ужываецца пераважна для называння раслін з сямейства парасонавых. Можна меркаваць аб семантычнай інавацыі на ўсх.-слав. тэрыторыі. Да вяха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛАРКТЫ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

фларыстычная і зоагеагр. вобласць сушы. Для раслін і жывёл межы галарктычнай біягеаграфічнай вобласці не супадаюць. Самая вял. займае больш за палову ўсёй сушы: Еўропу, б. ч. Азіі, Паўн. Афрыку, Паўн. Амерыку. У складзе галарктычнай біягеаграфічнай вобласці вылучаюць самаст. падвобласці Палеарктыку і Неарктыку.

Фауна на Крайняй Пн бедная і аднастайная, да Пд багацейшая. Агульныя віды для Паўн. Амерыкі і паўн. Еўразіі: бабёр, воўк, буры і белы мядзведзі, гарнастай, лось, высакародны алень, снежны баран, ліс і інш. Сярод эндэмікаў млекакормячыя (віларогі, грызуны апланадонтавыя, селявініевыя і інш.), птушкі (цецеруковыя, гагары, чысцікі і інш.), рыбы (ласасёвыя, асетрападобныя і інш.). Тэр. Беларусі ўваходзіць у падвобласць Палеарктыкі і падзяляецца на 3 правінцыі (раёны); паўн., пераходную і палескую. Пашыраны зубр, бабёр, глушэц, высакародны алень і інш.; сярод эндэмікаў хахуля, бабёр, казуля, сіпуха і інш. Для флоры галарктычнай біягеаграфічнай вобласці характэрны сям. складанакветных, злакавых, асаковых, бабовых, казяльцовых, крыжакветных, губакветных і інш. Больш за 30 эндэмічных сям. раслін: гінкгавыя, адоксавыя, шэйхцэрыевыя і інш. Тэр. Беларусі ўваходзіць у Барэальную падвобласць. Вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі: Усх.-Еўрап. (займае большую ч. тэр.), Цэнтр.-Еўрап. (Белавежская пушча) і Паўн.-Еўрап. (на Пн). Пашыраны складанакветныя, злакавыя, асаковыя і інш., з дрэвавых — бярозавыя, хваёвыя, вярбовыя і інш. Эндэмікі: луннік, снітка, маркоўнік, медуніца і інш.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Снято́к ‘дробная азёрная рыбка сямейства корушкавых’ (ТСБМ; віц., З нар. сл.; Жук.), ‘гальян азёрны’ (маг., Жук.), снядкі (снѣдки) ‘сорт рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), снітка ‘нейкая рыба’ (пін., там жа). Рус. наўг. снито́к, снято́к, паўн.-усх. снето́к. Ст.-рус. снѣтъ (XVI–XVII стст.). Дапускаецца запазычанне са швед. дыял. stint ‘дробная марэна’, дац. stint ‘рыба накшталт вугра’, або с.-н.-ням., н.-ням. stint, адкуль ням. Stint ‘корушка’, або з фін. sintti ‘сняток’ з наступнай мэтатэзай; гл. Міклашыч, 312; Праабражэнскі, 2, 347; Тапароў, Этимология–1978, 158 і наст. Фасмер (3, 698) мяркуе таксама аб магчымасці запазычання ў ст.-рус. форме *смѧтъ з нейкай скандынаўкай крыніцы і потым пераходу ў *снѧтъ аналагічна ст.-рус. імені Къснѧтинъ = Константин. Для славен. snẹ̑tec, серб.-харв. snetac Бязлай (3, 280) дапускае запазычанне з рускай. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 333–334. Параўн. стынка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снет ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у калодны вулей’ (Маш.; чэрв., З нар. сл., ТС), сні͡ет ‘верхняя накрыўка борці’, ‘накрыўка ў вуллі, наверсе востра абчасаная’ (Маш.), ‘(у борці зверху) дубовая дошка даўжынёй да 1,5 м, шырынёй 15 см і таўшчынёй 8–10 см’ (Пятк. 1), снедзь ‘дошка для закрывання лятка, уваходу’ (ТС, Мат. Гом.), сні͡едь ‘тс’ (Сержп. Борт.), сні͡ед ‘тс’ (Сержп. Грам.), снет, снёт, сніт, сне́то, снето́к ‘дзверцы ў стаячым вуллі’ (ЛА, 1), сніт ‘лінія, па якой распілоўвалася дрэва ўдоўж ці ўпоперак’ (беласт., Сл. ПЗБ), сніці́на ‘снет’ (зэльв., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, сні́тка ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Укр. сніт ‘дошка, цурбан’, рус. снеть (снедь — са знакам пытання ў Даля) ‘дошка, якая закрывае бакавы ўваход у вулей’, польск. śniat, śniad ‘ствол дрэва’, ‘на адсечаным дрэве тое месца, дзе яно адсечана ад кораня’, ‘дошчачка для закрывання даўжэі ў борці’, каш. sńat ‘калода, дрэва’, н.-луж. snět ‘кусок дрэва (толькі ва ўласных імёнах)’, чэш. snět ‘ствол дрэва’, дыял. ‘галінка’, ‘звязка або слой бярвенняў у плытагонаў’, славац. sneť, snietka ‘галінка’. Прасл. *snětъ < і.-е. *snoi̯to‑, што ўзыходзіць да і.-е. кораня *snei̯t‑ ‘рэзаць’, кантынуантамі якога з’яўляюцца таксама гоц. sneiꝥan, ст.-ісл. sniđa ‘рэзаць, жаць’, ст.-в.-ням. snīdan (сучаснае schneiden) ‘рэзаць’, ст.-ісл. sneiđ ‘адрэзаны кавалак’, швед. дыял. sneis ‘тонкая галінка’. Гл. Покарны, 974; Фасмер, 3, 698; Махэк₂, 564; Шустар-Шэўц, 1328; SEK, 4, 341; ЕСУМ, 5, 336.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)