МІЖНАРО́ДНЫЯ МЕТРАЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

арганізацыі, створаныя на аснове міжнар. пагадненняў для ажыццяўлення і захоўвання эталонаў асн. адзінак фізічных велічынь і забеспячэння міжнар. адзінства мер і вымярэнняў. У адпаведнасці з Метрычнай канвенцыяй (падпісана ў 1875 у Парыжы 17 дзяржавамі) Генеральныя канферэнцыі па мерах і вазе склікаюцца не менш як 1 раз у 6 гадоў і з’яўляюцца найвышэйшым органам па ўстанаўленні адзінак фіз. велічынь.

Першая Ген. канферэнцыя адбылася ў 1889. Работу па падрыхтоўцы рашэнняў канферэнцый вядзе Міжнародны камітэт мер і вагі, пры якім працуюць 7 кансультатыўных камітэтаў (па электрычнасці, фота- і радыёметрыі, тэрмаметрыі, па вызначэнні метра, секунды, па эталонах для вымярэння іанізуючых выпрамяненняў, па адзінках). Ён таксама кіруе работай Міжнароднага бюро мер і вагіміжнар. навуковай метралагічнай арг-цыі, створанай у 1875 (г. Сеўр, Францыя). У 1956 створана Міжнародная арганізацыя па заканадаўчай метралогіі, якая распрацоўвае мерапрыемствы па ліквідацыі перашкод у міжнар. гандл. і навук-тэхн. супрацоўніцтве, выкліканых няўзгодненасцю нарматыўных дакументаў розных краін. Пытанні метралогіі вывучаюць Міжнар. электратэхн. камісія (засн. ў 1906), Міжнар. арг-цыя па стандартызацыі (засн. ў 1947) і інш. Гл. таксама Метрычная сістэма мер.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАТУ́ (Poitou),

гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс. км². Нас. каля 1,2 млн. чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.

У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст. Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разам з якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. з г. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТР (франц. métre ад грэч. metron мера),

1) адзінка даўжыні, адна з 7 асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца м. 1 м = 100 см = 1000 мм. У СІ М. з’яўляецца таксама адзінкай даўжыні хвалі, фокуснай адлегласці і інш. велічынь, што маюць фіз. сэнс даўжыні.

2) Мера даўжыні, што ўзнаўляе адзінку даўжыні — М. Паводле вызначэння, прынятага 17-й Ген. канферэнцыяй па мерах і вазе (1983), М. — даўжыня шляху, які праходзіць святло ў вакууме за 1/299792458 долю секунды.

Першапачаткова (1791, Францыя) М. вызначаны як 1/10 000 000 частка 1/4 даўжыні зямнога мерыдыяна. Для дакладнага вызначэння М. ў 1792—99 праведзены геад. вымярэнні дугі Парыжскага мерыдыяна. Першы эталон М. зроблены ў 1792 у выглядзе плацінавай лінейкі, адлегласць паміж канцамі якой раўнялася 1 м. Ён перададзены на захоўванне ў Нац. архіў Францыі і атрымаў назву «архіўны М.». З 1889 міжнар. прататыпам М. служыў плаціна-ірыдыевы брус з нанесенымі на адной з яго плоскасцей штрыхамі, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр каля Парыжа. У 1960—83 М. вызначылі як даўжыню, роўную 1 650 763,73 даўжыні хвалі ў вакууме эл.-магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж узроўнямі 2p​10 і 5d​5 атама крыптону-86. Натуральныя першасныя эталоны М., прынятыя ў 1960 і 1983, даюць магчымасць узнаўляць меры даўжыні з хібнасцю да ±10​−8 м. М. пакладзены ў аснову метрычнай сістэмы мер. У практыцы вымярэнняў шырока выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіламетр, дэцыметр, сантыметр, міліметр, мікраметр, нанаметр і інш.

А.​І.​Балсун.

т. 10, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)