ВО́РАНАЎ (Юрый Пятровіч) (13.1.1929, С.-Пецярбург — 5.2.1993),

рускі паэт. У гады Вял. Айч. вайны ў блакадным Ленінградзе. Скончыў Ленінградскі ун-т (1952). Працаваў на камсамольскай рабоце, гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1959—65), адказным сакратаром газ. «Правда» (1965—68), сакратаром праўлення СП СССР (1982—86). Аўтар кніг «Сіла жыцця» (1966), «Блакада» (1968; Дзярж. прэмія Расіі 1985), «Памяць» (1971), «Вуліца Росі» і «Белыя ночы» (абедзве 1979), «Шалі» (1986). Большасць вершаў прысвечана блакаднай тэме. На рус. мову перакладаў вершы Г.​Пашкова. Творы Воранава на бел. мову перакладалі Я.​Семяжон, Пашкоў.

Тв.:

Избранное. М., 1987;

Бел. пер. — Масты памяці. Мн., 1991.

Ю.П.Воранаў.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРУЛА́ВА (Хута Міхайлавіч) (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),

грузінскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.​Бураўкіна, А.​Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Вольскі, Грачанікаў, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, В.​Лукша, У.​Паўлаў, Я.​Семяжон і інш.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ (Пятро Ігнатавіч) (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),

украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, П.​Глебкі, П.​Прыходзькі, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — З дняпроўскіх круч. Мн., 1969.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎД ((Raud) Март) (14.9.1903, Айду, Эстонія — 6.7.1980),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Вучыўся ў Тартускім ун-це (1924—25). Друкаваўся з 1919. Першы зб. вершаў — «Міражы» (1924). У раманах «Сякера і месяц» (1935), «Кірмаш» (1937) крах рамант. свядомасці людзей мастацтва ў сутыкненні з прагматызмам тагачаснага грамадства. Аўтар зб-каў вершаў «Далёкі круг» (1935), «Новыя масты» (1945), «Усе дарогі» (1953), «Залатая восень» (1966), «Які адыходзіць» (1978), зб. навел «Твар у твар» (1959), вершаванай п’есы «Летняя ноч наяве» (паст. 1962), паэм, балад, баек і інш. На бел. мову яго асобныя навелы пераклаў А.​Кулакоўскі, вершы — А.​Разанаў, Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1957;

Каменистые борозды. М., 1970.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЗІ, Ады (Ady) Эндрэ (22.11.1877, с. Эрміндсент, Венгрыя — 27.1.1919), венгерскі паэт, публіцыст. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Першы зб. «Вершы» (1899). У зб-ках «Новыя вершы» (1906), «Кроў і золата» (1907), «Хацеў бы, каб мяне любілі» (1909), «На чале мерцвякоў» (1918), прасякнутых рэв.-рамант. сімволікай, вытокі якой у фалькл. і біблейскіх вобразах, — непрыняцце тагачаснай рэчаіснасці, душэўная драма і пакуты чалавека 20 ст., трагізм венгерскай гісторыі, пратэст супраць сусв. вайны і адначасова вера ў ачышчальную сілу дэмакр. рэвалюцыі. У вершах традыцыі класічнай венг. паэзіі цесна перапляталіся з мадэрнісцкімі павевамі. Пасмяротны зб. «Апошнія караблі» (1923). На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі М.​Аўрамчык, М.​Калачынскі, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1975;

[Стихи] // Венгерская поэзия, XX век. М., 1982.

Э.Адзі.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІ́МАДА ((Quasimodo) Сальваторэ) (20.8.1901, г. Сіракузы, Італія — 14.6.1968),

італьянскі паэт. Вучыўся ў Рымскім політэхн. ін-це. З 1941 праф. Міланскай кансерваторыі імя Дж.​Вердзі. У 1930-я г. далучыўся да герметызму з яго матывамі тугі і адзіноты (зб-кі «Вада і зямля», 1930; «Патанулы габой», 1932; «Эрата і Апаліён», 1936; «Вершы», 1938). У перыяд антыфаш. Супраціўлення звярнуўся да сац. рэчаіснасці (зб-кі «І надышоў вечар», 1942; «Дзень за днём», 1947). У пасляваен. творчасці пераважаюць грамадз. і патрыят. тэмы, вера ў народ (зб-кі «Жыццё не сон», 1949; «Фальшывая і сапраўдная зеляніна», 1954; «Непараўнальная зямля», 1958; «Даваць і мець», 1966). Аўтар зборнікаў публіцыстыкі, эсэ, перакладаў з грэч. мовы Сафокла, Эсхіла, Авідзія. Нобелеўская прэмія 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Моя страна — Италия. М., 1961;

Избр. лирика. М., 1967.

С.​В.​Логіш.

С.Квазімада.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАЎ (сапр. Ліповіч) Марк Давыдавіч

(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),

расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед. ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.​Жук, М.​Калачынскі, Г.​Кляўко, Я.​Семяжон.

Тв.:

Избранное. М., 1982.

Г.​Е.​Барысаў.

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШАЛ ((Marshall) Алан) (2.5.1902, Нурат, Аўстралія — 22.1.1984),

аўстралійскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920-я г. Вядомасць набыў аўтабіягр. трылогіяй «Я магу скакаць цераз лужыны» (1955, экранізацыя 1970), «Гэта трава, што расце ўсюды» (1962), «У сэрцы маім» (1963), у цэнтры якой гісторыя дзяцінства і юнацтва, барацьбы з хваробай, выбар жыццёвага шляху. Аўтар зб-каў апавяд. «Раскажы нам пра індыка, Джо» (1946), «Як ты там, Эндзі?» (1956), «Дзікія чырвоныя коні» (1976), «Людзі мары» (1978), кніг нарысаў «Мы таксама людзі» (1948), «Аўстралія Алана Маршала» (1981), твораў пра дзяцей і жывёл. Сабраў і апрацаваў легенды і міфы абарыгенаў (зб. «Людзі з давён-даўна», 1952). На бел. мову прытчу М. пра абарыгенаў «Дынга і Кенгуру» пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Страдай молча. М., 1966;

Я умею прыгать через лужи: Повесть.Рассказы. Легенды. 2 изд. М., 1982.

т. 10, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),

казахскі паэт. Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед. ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.​Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.​Жычка, А.​Звонак, М.​Маляўка, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч, А.​Шымук і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski-Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),

польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.​Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.​Гайдук, М.​Кавыль, А.​Лойка, Я.​Семяжон.

Тв.:

Wybór poezji. Warszawa, 1960;

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)