НАРВЕ́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва Weserübung вучэнне на Везеры),
баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Даніі і Нарвегіі 9.4—8.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Мела на мэце захоп на Пн Еўропы стратэг. плацдарма супраць Вялікабрытаніі, а ў перспектыве і супраць СССР. План аперацыі (распрацоўваўся герм. камандаваннем са снеж. 1939, зацверджаны А.Гітлерам 1.4.1940) прадугледжваў раптоўную высадку ў Даніі і Нарвегіі герм. марскіх і паветр. дэсантаў пры садзейнічанні гал. сіл ВМФ і 5-га паветр. флоту. 9 крас.герм. ландверная і паліцэйская дывізіі, марскія і паветр. дэсанты захапілі ўсе апорныя пункты Даніі. Дацкія армія (5 малалікіх дыв.) і флот паводле загаду ўрада капітулявалі. У Нарвегіі супраць 6 разрозненых дыв. дзейнічалі лепш абучаныя і ўзброеныя ням. войскі, якія ўжо 9—10 крас. малымі сіламі (каля 10 тыс.чал.) захапілі ўсе гал. парты краіны. Ва ўмовах пагрозы брыт. марскім камунікацыям на дапамогу нарв. арміі 14—17 крас. ў Цэнтр. і Паўн. Нарвегіі высадзіліся экспедыцыйныя саюзныя англа-франка-польск. войскі. Пасля капітуляцыі нарв. войск у цэнтры краіны (3 мая) асн. баі працягваліся ў раёне Нарвіка (Паўн. Нарвегія), але 5—8 чэрв.саюзныя войскі эвакуіраваліся ў сувязі з цяжкім становішчам у Францыі (гл.Французская кампанія 1940). У выніку Н.а. Германія страціла каля 5 тыс.чал., больш за 20 баявых караблёў, Нарвегія — каля 2 тыс.чал., некалькі караблёў, саюзнікі — каля 2 тыс.чал., 18 баявых караблёў і інш.; у Даніі і Нарвегіі сфарміраваны калабарацыянісцкія ўрады (у апошняй на чале з В.Квіслінгам). Сярод польск. вайскоўцаў і маракоў, што змагаліся за Нарвегію, былі ўраджэнцы Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН (Baden),
гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст.ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л.Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГБадэн-Вюртэмберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,
паходы ўкр.сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс.чал.), пасля чаго ўкр.
войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ (ВСЭ),
буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс.арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс.арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс.арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПІ́СКАП (грэч. epickopos літар. наглядальнік),
1) вышэйшы духоўны сан у праваслаўнай, каталіцкай, англіканскай і стараж.-ўсх. цэрквах. Кіраўнік царк.-адм.тэр. адзінкі — епархіі ці яго памочнік (вікарый у праваслаўі, суфраган у каталіцызме). Е. — кіраўнікі вялікіх епархій ці акругоў акруг* з некалькіх епархій могуць мець ганаровыя тытулы: архіепіскап, мітрапаліт, экзарх, патрыярх і інш. Паводле царк. дагматыкі Е. — носьбіт таінства свяшчэнства, толькі ён можа выконваць хіратонію (пасвячэнне) дыяканаў і святароў. Палажэнне аб Е. вызначаецца ў кожнай царкве адпаведнымі канонамі. Е. мае спец. знакі епіскапскай годнасці і асаблівае адзенне. У яго тытул звычайна ўваходзіць назва горада, дзе знаходзіцца кафедра. Пасвячаюць у Е. пажыццёва, пазбаўляюць сану ў выключных выпадках. У шэрагу пратэстанцкіх аб’яднанняў, напр. лютэранстве, пяцідзесятнікаў і інш., некаторыя вышэйшыя асобы таксама наз. Е., але ў іх гэта пасада не мае сакральнага сэнсу.
2) У Стараж. Грэцыі паліт. агент, якога Афіны пасылалі ў саюзныя дзяржавы для нагляду за выкананнем імі саюзных дагавораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РНА,
горад на У Балгарыі. Адм. ц. Варненскай вобл. 308,6 тыс.ж. (1992). Гал. порт краіны на Чорным м. (звязаны паромам з укр. портам Ільічоўск). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., культ. і турыстычны цэнтр.Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, тэкст., швейная, харч. (мясная, кансервавая, вінаробная і інш.). ЦЭС. Прамысл. спадарожнік Варны — г. Дэўня (хім.прам-сць). ВНУ. НДІ акіянаграфіі і рыбнай гаспадаркі. Музеі. Тэатры. Рэшткі ант. і ранневізантыйскага горада. У раёне Варны прыморскія кліматычныя курорты Дружба, Залатыя Пяскі, Албена.
Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Адэсас, з 7 ст.балг. горад Варна. У 1391—1878 пад уладай Турцыі. 10.11.1444 каля Варны адбылася бітва тур. войск султана Мурада II з арміяй кааліцыі еўрап. дзяржаў (венграў, палякаў, валахаў) на чале з каралём Польшчы і Венгрыі Уладзіславам III і венг. ваяводам Янашам Хуньядзі; саюзныя войскі пацярпелі паражэнне, Уладзіслаў III загінуў, што прадвызначыла далейшы лёс Балканаў і Канстанцінопаля. У час рус.-тур. войнаў 18—19 ст.рус. войскі тройчы вялі аблогу Варны (1723, 1810, 1828), у 1828 авалодалі горадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1943—45,
баявыя дзеянні ўзбр. сіл Вялікабрытаніі і ЗША супраць ням.-фаш. і італьян. войск на тэр. Італіі ў 2-ю сусв. вайну. Пачалася з высадкі англа-амер. войск 10.7.1943 на в-аў Сіцылія. Да канца жн. 1943 яны авалодалі Сіцыліяй, 3 вер. высадзіліся на Пд Апенінскага п-ва. Працяглыя баі адбыліся на ўмацаванай лініі па рэках Гарыльяна і Сангра, у т. л. 17.1—4.6.1944 каля горнага кляштара Монтэ-Касіна (за 150 км на ПдУ ад Рыма), дзе вызначылася польская Андэрса армія. У гэтай арміі было нямала беларусаў і ўраджэнцаў Зах. Беларусі. Паводле наяўных звестак, у баях каля Монтэ-Касіна загінулі 264 беларусы з 1078 забітых вайскоўцаў Андэрса. 4.6.1944 саюзныя войскі занялі Рым. 17 жн. — г. Фларэнцыю. Паўн. Італія вызвалена саюзнікамі з дапамогай італьян. партызан у выніку Паўн.-Італьян. аперацыі (крас.—май 1945), якая завяршылася 2.5.1945 капітуляцыяй ням.-фаш. войск у Італіі. Агульныя страты ням.-фаш. войск склалі 536 тыс.чал., саюзнікаў — 320 тыс.
Літ.:
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: Трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎСССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаўсаюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАБУДО́ВАў СССР у 1985—91,
тэрмін, які ўвайшоў у шырокі ўжытак з сярэдзіны 1980-х г. і абазначаў курс на рэфармаванне сац.-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Пачата па ініцыятыве Ген. сакратара ЦККПСС М.С.Гарбачова і яго бліжэйшых паплечнікаў. Асн. зместам П. абвяшчалася ўмацаванне сацыяліст. ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканам. рэформу, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах студз. і чэрв. (1987) пленумаў ЦККПСС, XIX Усесаюзнай парт. канферэнцыі (чэрв. 1988), XXVII і XXVIII з’ездаў КПСС. У выніку П. разам з пэўнымі зрухамі ў дэмакратызацыі грамадства адбылося абвастрэнне крызісу ў многіх сферах жыцця, узніклі міжнац. канфлікты ў шэрагу рэгіёнаў, КПСС і кіраўніцтва СССР паступова страчвалі кантроль за падзеямі ў саюзных рэспубліках, у т. л. ў Расіі. Да канца 1989 ў асн. распалася сістэма краін сацыяліст. садружнасці, 6.11.1991 распушчана КПСС, да канца 1991 СССР спыніў існаванне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі, у т. л.БССР — Рэспублікай Беларусь; большасць з іх увайшлі ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Гл. таксама Камуністычная партыя Савецкага Саюза і Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Літ.:
Гарбачоў М.С. Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету Пер. з рус.Мн., 1988;
Хоскинг Дж. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995. С. 466—510.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮНКЕ́РКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва «Дынама»),
марская эвакуацыя саюзных (брыт. экспедыцыйных, часткі франц. і бельг.) войск з раёна г. Дзюнкерк (Францыя) у Вялікабрытанію 26.5—4.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Праведзена пасля прарыву ням.-фаш.танк. злучэнняў да ўзбярэжжа Ла-Манша каля г. Абвіль (20 мая), у выніку чаго ў Паўн. Францыі і Бельгіі пад пагрозай знішчэння апынуліся 18 франц., 12 бельг., 10 брыт. дывізій, якія не здолелі злучыцца з асн. сіламі франц. арміі (знаходзіліся на Пд ад р. Сома). Пад націскам 43 герм. дывізій саюзныя войскі адышлі да Дзюнкерка і стварылі вакол яго абарончы плацдарм. 26 мая пачалася эвакуацыя брыт. экспедыцыйных сіл, а 28 мая (пасля капітуляцыі Бельгіі) — саюзных франц. і бельг. войск. Эвакуацыю прыкрывалі брыт.ВПС і саюзная зенітная артылерыя. Усяго 26 мая — 4 чэрв. на 860 розных (пераважна брыт.) суднах вывезена 278,8 тыс.чал. (з іх 139,8 тыс. англічан, 139 тыс. французаў і бельгійцаў), а з улікам вывезеных перад аперацыяй 59,3 тыс. англічан — больш за 338 тыс.чал. У Дз. а. англічане страцілі 68 тыс.чал., 302 самалёты, 224 караблі, французы — каля 60 суднаў, 40 тыс.чал. палоннымі і інш.; на беразе засталася баявая тэхніка саюзнікаў.
Літ.:
Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ.М., 1991. Кн. 1, т. 2 С 333—357.
Да арт.Дзюнкеркская аперацыя 1940. Набярэжная ў Дзюнкерку пасля эвакуацыі брытанскіх, французскіх і бельгійскіх войск.