СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),

від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.

Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.​Багіраў, Я.​Далінін (1992, 1995), В.​Данілаў (1992, 1993, 1994), І.​Казанцава (1992, 1993), В.​Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.​Масквіна (1994, 1995, 2000), С.​Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.​Сямёнаў (2000), М.​Цыпандзін (1992, 1994), В.​Юркевіч (1996).

Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

са́мба​3

(парт. samba)

бразільскі хуткі парны танец вольнай кампазіцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

са́мба​2

(ісп. zambo)

нашчадкі ад шлюбаў індзейцаў з неграмі ў Лац. Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

са́мба​1

(рус. самбо, ад самозащита без оружия)

спартыўная барацьба, якая дапускае ўжыванне болевых прыёмаў і дазваляе аказаць паспяховае супраціўленне больш моцнаму або ўзброенаму праціўніку; самаабарона без зброі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

самбі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Спартсмен — спецыяліст па барацьбе самба.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

са́мбо спорт. са́мба нескл., ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

самбі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца самба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

samba [ˈsæmbə] n. са́мба (бразільскі танец)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

БЯДРЫ́ЦКАЯ (Людміла Аляксандраўна) (н. 11.12.1970, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. спартсменка (барацьба дзюдо, самба). Скончыла Аршанскае медвучылішча (1987). Чэмпіёнка свету па самба (1993).

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ХВАЛ (Віктар Эдмундавіч) (н. 1.8.1960, Мінск),

бел. спартсмен (барацьба самба). Майстар спорту міжнар. класа (1981). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1981). Чэмпіён свету (1985) і пераможца Кубка свету (1981, 1987) па самба.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)