меліярацыйная сістэма для асушэння балот і пераўвільготненых тэрыторый. У склад асушальнай сістэмы ўваходзяць асушаныя землі, водапрыёмнікі, асушальная сетка (праводная, агараджальная, рэгулявальная), гідратэхнічныя збудаванні, эксплуатацыйныя і прыродаахоўныя збудаванні і інш.
Паводле спосабу адвядзення вады асушальныя сістэмы падзяляюць на самацёчныя (вада з асушальнай сеткі паступае ў водапрыёмнік самацёкам, найб. пашыраны на Беларусі), з мех. водапад’ёмам (ваду адводзяць з дапамогай помпавых станцый) і змешаныя. Паводле віду рэгулявальнай сеткі асушальныя сістэмы падзяляюцца на адкрытыя (каналы) і закрытыя (дрэны). Каб забяспечыць асушэнне ці ўвільгатненне зямель, будуюць асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧАвугалю,
падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.
Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл.Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),
спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн.тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл.Гідраўлічны транспарт).
Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл.Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.
Літ.:
Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;
Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;
Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,
кіруючыя парт.-паліт. органы КПСС—КПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт. кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж.вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л.БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. З лют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦКВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦККПСС у 1957 скасаваў П.а.
ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
скат1, ‑а, М скаце, м.
Спец. Камплект кол для воза, вагона, паравоза. — Давай работу, давай! — жартаўліва кінуў .. [Багуцкі] групе рабочых, якія мянялі паравозныя скаты.Лынькоў.// Кола аўтамабіля, а таксама камплект гумавых дэталей аўтамабільнага кола. Машына была нібы і цэлая, але на ёй не было капота, радыятара і стаяла яна значна ніжэй, чым раней, бо скаты былі прастрэлены.Кулакоўскі.Шафёр .. паказаў на задні скат — ён асеў: спусціла камера.Сачанка.
скат2, ‑а, М скаце, м.
Буйная драпежная марская рыба атрада акулападобных з пляскатым целам і вострым хвастом.
•••
Электрычны скат — скат, у якога на галаве размешчаны органы, што ўтвараюць электрычным разрады.
[Скандынаўскае skata.]
скат3, ‑а, М скаце, м.
1.Разм. Пакаты спуск. Па скатах пясчаных узгоркаў На Нарачы бераг ідуць рыбакі.Танк.Назва Высокі Бераг добра перадае выгляд берага Нёмана з высокім пясчаныя, скатам.С. Александровіч.
2.Спец. Нахільная падземная горкая выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску руды або пустой пароды самацёкам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)