ДЭШТ (перс. пустыня),

назва пустынных раўнін на Іранскім нагор’і, у Сярэдняй Азіі і Зах. Кітаі. Пераважаюць бязводныя, друзаватыя і галечнікавыя паверхні, саланчакі. Тэрмін «Д.» уваходзіць у састаў уласных назваў пустынь Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго і інш.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКГАДЫКГА́ДЗІ (Makgadikgadi),

Макарыкары, бяссцёкавая ўпадзіна ў Паўд. Афрыцы, на Пн Калахары, у Батсване, на выш. каля 900 м. Большая ч. занята салёнымі азёрамі Нтветве і Соа, якія ў сухі час года ператвараюцца ў саланчакі. Злакавыя саванны, шыракалістыя лясы. Аднайменны заказнік.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ШТЫ-МАРГО́,

пустыня на ПдЗ Афганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс. км² Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗ — масівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАЗАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. intra унутры + зона),

пашырэнне якога-н. ландшафту або кампанентаў прыроды на асобных участках, якія ствараюць заканамерныя ўкрапванні ў межах зон геаграфічных; асобны выпадак азанальнасці. Напр., сфагнавыя балоты ў тайзе і тундры, саланчакі ў зонах пустынь і стэпаў. Абумоўлена мясц. прычынамі (лакальнае засаленне або пераўвільгатненне горных парод і інш.).

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА АЗЁР,

міжгорная ўпадзіна паміж Габійскім Алтаем і Хангаем, на ПдЗ Манголіі. Даўж. каля 500 км, шыр. да 100 км. Выш. 1000—1400 м. Днішча ўпадзіны — ланцуг замкнёных катлавін, складзеных з рыхлых адкладаў і падзеленых узгоркамі і скалістымі градамі. Шматлікія бяссцёкавыя азёры (Бонцаган-Нур, Арог-Нур і інш.). Пераважаюць апустыненыя ландшафты: кучавыя пяскі, саланчакі, такыры.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭЙША́НЬ,

нагор’е ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, паміж пустыняй Алашань і ўсх. краем Цянь-Шаня. Даўж. каля 700 км, шыр. каля 250 км. Выш. да 2791 м (г. Мацзуншань). Складаецца з пераважна нізкагорных, моцна разбураных выветрываннем глыбавых масіваў і хрыбтоў з стараж. метамарфічных і крышт. парод. Міжгорныя паніжэнні запоўнены кайназойскімі грубаабломкавымі адкладамі. Пашырана эолавае выветрыванне. Клімат умераны, вельмі сухі. Ападкаў 40—80 мм за год. Частыя пылавыя буры. Пераважаюць ландшафты камяністых пустыняў, паўпустыні, саланчакі; месцамі тугайныя зараснікі.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМСІ́Р, Дэштэстан,

паласа прыбярэжных пустынных раўнін уздоўж берагоў Аманскага заліва і Армузскага праліва, у Іране і Пакістане. Агульная даўж. больш за 1000 км, шыр. да 80 км. У рэльефе — нахіленая раўніна з пясчанымі ўзвышшамі, якая пераходзіць у прыморскую нізіну, месцамі забалочаную. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра студз. (г. Джаск) 19,4 °C, ліп. 32,5 °C, ападкаў каля 120 мм за год. Пераважаюць глебы пустынь, месцамі — саланчакі. Пустынная хмызнякова-эфемерная расліннасць, месцамі каля берагоў — мангравыя зараснікі. Пашавая жывёлагадоўля.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСАНА ПУСТЫ́НЯ (Gibson Desert),

пустыня на З Аўстраліі, паміж. Вял. Пясчанай пустыняй на Пн і Вял. пустыняй Вікторыя на Пд. Пл. 240 км². Паверхня — друзаватае плато выш. 300—500 м, складзенае з дакембрыйскіх парод; на У — астанцавыя кражы з гранітаў і пясчанікаў выш. да 762 м, на Зсаланчакі. Клімат трапічны пустынны. Ападкаў менш чым 250 мм за год. Рэдкія зараснікі хмызняковай акацыі і злака спініфекс. Пашавая жывёлагадоўля. Адкрыта ў 1873 англ. экспедыцыяй Э.​Джайлса. Названа імем загінуўшага ўдзельніка экспедыцыі А.​Гібсана.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ШТЭ-ЛУТ,

пустыня ў цэнтры Іранскага нагор’я, на У Ірана. Даўж. каля 550 км, шыр. да 200 км. Пл. 80 тыс. км². Пераважныя выш. 500—600 м. Шэраг пласкадонных бяссцёкавых упадзін (дно на выш. 200—250 м) і горных перамычак выш. 1000—2000 м (да 2992 м). Паверхня ў асн. гліністая і друзаватая. Трапляюцца саланчакі, такыры. На Пд і У барханныя і градава-ўзгорыстыя пяскі, якія слаба замацаваны саксаулам, джузгунам і салянкамі. Фіз. выветрыванне ўтварыла шматлікія «стаўбы», «грыбы» і інш. формы рэльефу. Па ўскраінах зрэдку аазісы з фінікавымі пальмамі.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУНГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Джунгарыя,

раўнінная вобласць паміж гарамі Алтая і Усх. Цянь-Шаня, на ПнЗ Кітая. Пл. каля 700 тыс. км², пераважныя выш. 600—800 м. Складзена з магутнага покрыва рыхлых адкладаў. Пустыні з масівамі градавых і барханавых пяскоў, саланчакі. Асобныя невысокія горныя кражы і драбнасопачнік. Клімат умераны кантынентальны, з гарачым сухім летам і халоднай сухой зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 да -25 °C, ліп. ад 20 да 25 °C з рэзкімі ваганнямі на працягу сутак. Рачная сетка рэдкая. Разрэджаная ксерафітная расліннасць (саксаул, тамарыск, палыны, салянкі). Пашавая жывёлагадоўля, месцамі аазісы. Радовішчы нафты.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)