ЛАНЬ, даніэль (Cervus dama),

млекакормячая жывёла сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы, акліматызавана ў Амерыцы і Аўстраліі. Жыве ў мяшаных і лісцевых лясах. 1 падвід — Л. іранская (C.d. mesopotamica) — у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 1,6 м, выш. ў карку да 1 м, маса да 120 кг, самкі драбнейшыя. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая з белымі плямамі, зімой шаравата-бурая. Каля хваста невял. белая пляма — «люстэрка». Рогі ў самцоў лапатападобныя, самкі бязрогія. Корміцца травяністай, хмызняковай расліннасцю, лісцем, парасткамі, галінкамі, карой лісцевых парод дрэў. Палігамы. Нараджаюць 1—2 цялят. Аб’ект палявання і гадоўлі.

Лань.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВЕ́РА

(Viverra),

род млекакормячых атр. драпежных. 3 віды: цывета буйнаплямістая (Viverra megaspila) з 2 падвідамі, цывета азіяцкая (Viverra zibetha), тангалунга (Viverra tangalunga). Пашыраны ў Паўд. i Паўд.-Усх. Азіі. Наземныя могуць добра лазіць па дрэвах і плаваць.

Даўж. цела 60—83 см, хваста 30—48 см, маса да 11 кг. Тулава падоўжанае, з бакоў пляскатае. Валасяное покрыва высокае, але рэдкае і грубае, рыжавата-карычневае або шараватае з чорнымі плямамі; хвост з чорнымі і белымі кольцамі. Кормяцца дробнымі млекакормячымі, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, насякомымі, пладамі і каранямі раслін. Трымаюць у няволі, сакрэт анальных залоз (мускус) выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Падвід цывета малабарская (Viverra megaspila civettina) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСВІ́НКА,

капібара (Hydrochoerus hydrochaeris), млекакормячае сям. вадасвінкавых атр. грызуноў. Пашырана ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Жыве на берагах вадаёмаў і на балотах у трапічных лясах.

Самы буйны з сучасных грызуноў — даўж. цела 100—130 см, выш. ў карку каля 50 см, маса да 60 кг і больш. Укрыта рэдкімі, доўгімі (да 10 см) і грубымі валасамі. Спіна рыжавата-бурая або шараватая, бруха жаўтавата-бурае. Канечнасці доўгія, галава выцягнутая, спераду тупая. Паміж пальцамі няпоўныя плавальныя перапонкі. Вядзе паўводны спосаб жыцця, добра плавае і нырае. Жыве групамі. Раз у год нараджае 2—8 дзіцянят. Корміцца прыбярэжнай і воднай расліннасцю. Аб’ект промыслу (мяса, скура). Добра прыручаецца, ёсць спробы зрабіць свойскай. Колькасць скарачаецца.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВО́КА

(Troglodytes troglodytes),

птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.

Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАА́РАВЫ КАЗЁЛ, барадаты казёл (Capra aegagrus),

парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.

Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́РЫ

(Vampyrum),

род кажаноў сям. амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.

Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)