По́ўня, по́вня, по́ўна, по́ўнае, по́ўная ’поўная фаза Месяца’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Др.-Падб., Клім., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), по́ўняе ’поўня’ (Ян.; барыс., валож., рагач., бых., ЛА, 2), по́ўната ’поўня’ (Касп.; в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ; Шатал.), по́ўна ’поўня’ (ЛА, 2). Ад по́ўны (гл.), паколькі ў час гэтай фазы Месяц бачны поўнасцю. Лексема по́ўнік ’поўня’ (ТСБМ, Янк. 3., Мат. Гом., пух., Сл. ПЗБ) утварылася паводле назвы іншай фазы Месяца — маладзі́к. Тое ж у іншых індаеўрапейскіх мовах, параўн. рус. полнолу́ние, літ. pìlnatis ’поўня’ (< pìlnas ’поўны’), англ. full moon ’поўня’ (< full ’поўны’, moon ’Месяц’), франц. pleine lune (< plein ’поўны’, lune ’Месяц’). Паводле Німчука (Давньорус., 29), укр. по́вня ’тс’ абстрагавана са спалучэння месꙗц въ пълнѣ (суч. місяць уповні), у якім выступае М. скл. нячленнага прыметніка м. р., што зусім не абавязкова на фоне прадуктыўных утварэнняў тыпу ро́ўня і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûm ’памяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)