рассу́нуць, -ну, -неш, -не; -су́нь: -нуты; зак.

1. што. Рухаючы, сунучы ў розныя бакі, раз’яднаць, адсунуць, расхіліць.

Р. парты.

Р. шторы.

Р. пясок.

2. што. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што-н. складное).

Р. стол.

3. каго-што. Прымусіць расступіцца.

Р. натоўп.

|| незак. рассо́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. рассо́ўванне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разда́цца², -да́мся, -дасі́ся, -да́сца; -дадзі́мся, -дасце́ся, -даду́цца; -да́ўся, -дала́ся, -дало́ся; -да́йся; зак.

1. Стаць большым, шырэйшым.

Р. ў плячах.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расступіцца, рассунуцца ў бакі.

Натоўп раздаўся ў бакі.

3. Раскалоцца, распароцца па шве.

Мех раздаўся.

|| незак. раздава́цца, -даю́ся, -дае́шся, -дае́цца; -даёмся, -даяце́ся, -даю́цца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

расхіну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак.

1. што. Адвесці ў бакі, адхінуць захінутае; распасцерці.

Р. полы плашча.

Р. кусты.

2. што. Раскрыць (дзверы, акно, заслону і пад.).

3. што. Разгарнуць (што-н. загорнутае, складзенае, скручанае).

Р. торбу са снеданнем.

4. каго-што. Прымусіць расступіцца.

Р. натоўп.

|| незак. расхіна́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. расхіна́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разда́тьсяI сов.

1. (расступиться) прям., перен. расступі́цца;

2. (растянуться) разг. разда́цца, расцягну́цца;

3. (потолстеть) разг. разда́цца, патаўсце́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

расхіну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; зак.

1. Раскінуць на сабе адзенне.

Расхініся, калі горача.

2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Разысціся ў бакі, адхінуўшыся (пра краі, крыссе адзення).

Полы курткі расхінуліся.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскрыцца (пра дзверы, акно, заслону і пад.).

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца (пра што-н. загорнутае).

Пакунак расхінуўся.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расступіцца ў бакі, даўшы праход, месца.

Натоўп расхінуўся.

|| незак. расхіна́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разда́цца 1, ‑дасца; ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

Прагучаць, пачуцца. Зусім недалёка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Над шалашом раздалася дзіўная песня. Якімовіч.

разда́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

1. Стаць большым, шырэйшым, расшырыцца. Яўген наліваецца сілаю, раздаўся ў плячах. Карпаў. Цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку, пупышкі на ім крыху раздаліся і выпусцілі малінавыя зорачкі цвету. Лужанін.

2. Расступіцца, рассунуцца, утварыўшы прастору ў сярэдзіне. Народ раздаўся ў бакі.

3. Раскалоцца, раздзяліцца. І трэск аўтаматаў яшчэ не замоўк, Калі разарваўся На купіне мох, — Як бы раздалася Яна папалам, І ўстала дзяўчына З гранатаю там. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Пасунуўшыся, аддаліцца адзін ад аднаго, вызваліўшы паміж сабой месца, прастору. Хто сядзеў, дык тыя рассунуліся на лаўцы, і .. [баец] прысеў. Брыль. // Раз’яднацца, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Некалькі хвілін ніхто не паказваўся з вагонаў, а пасля ў адным з іх дзверы рассунуліся і на платформу саскочыў салдат. Арабей. У гэты час заслона рассунулася, і .. [Віцю] здалося, што проста на яго паплыла ўся зала. Нядзведскі. // Расступіцца, расхіліцца ў бакі. Раптам чарот рассунуўся, і з яго вынырнула невялікая лодка. Гамолка. / у перан. ужыв. Ноч разам пасвятлела, мрок рассунуўся, стала светла, як.. перад усходам сонца. Колас.

2. Разм. Разваліцца, разбурыцца. Дзядзька яшчэ гаварыў, што сена трэба браць цэлым ахапкам, бо калі яго разарвеш, дык, бывае, і рублём не паспееш прыціснуць, як увесь воз рассунецца... Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адсунуць адно ад аднаго на нейкую адлегласць, адсунуць у розныя бакі. [Андрэю] з Веркай не было як выйсці з кута, і ім рассунулі сталы. Пташнікаў. [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч. // Раз’яднаць, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Рассунуць заслону. □ Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што .. [Алесь] раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе. Караткевіч. // Прымусіць расступіцца, расхіліць у бакі. Раманюк адышоў ад трыбуны, рассунуў студэнтаў, якія сядзелі ў прэзідыуме, сеў. Карпюк. [Жанчына] асцярожна пасунулася ў гушчар, рассунула галлё, імкліва падалася наперад. Лынькоў.

2. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што‑н. складное, рассоўнае). Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол. Васілёнак. Бацька Стася стаяў трохі воддаль ад людзей. А потым рассунуў сваю казулю-сажань і пайшоў мераць поле. Хомчанка. // Зрабіць шырэйшым, большым. Дык рассунем кола шырай, Патанцуем на памосце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Раскінуць на сабе адзенне. [Камар:] — Халодна — укрыйся. Горача — расхініся. Караткевіч.

2. Разысціся ў бакі, адхінуўшыся (пра краі, крыссе адзення). [Хрысціна] падняла ўгору рукі, каб паправіць хустку, кажушок расхінуўся. Асіпенка. // Адысціся, адхінуцца ў розныя бакі (пра што‑н. самкнутае, прыхінутае адно да аднаго). Але вось расхінуліся кусты, і, .. адмахваючыся хвастом ад аваднёў, паказалася Белалобая. Шуцько.

3. Раскрыцца (пра дзверы, акно, заслону і пад.). Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. Пусцілі [вучняў] у клуб, і пакуль усе рассаджваліся на нізенькіх партах першакласнікаў, расхінулася заслона. Навуменка.

4. Расступіцца ў бакі, даўшы праход, месца. [Натоўп] раздаўся, расхінуўся ва ўсе бакі. Баранавых. // Размясціцца па баках, пакінуўшы вольную прастору пасярэдзіне. Вось расхінецца лес, пачнецца наезджаная дарога, а там ужо і самая будоўля. Няхай.

5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. З пераходам тэхнікі ў калгас Шаманскі, Верамейчык і ўсе аграномы з брыгадзірамі адчулі, што гаспадарка пабыла большую самастойнасць, як бы шырэй расхінуліся граніцы яе росту. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся, ‑бягуцца; пр. разбегся, ‑глася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Бягом накіравацца з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч. Салдаты разбегліся садзіцца ў цяплушкі, зазываючы да сябе гарманіста. Гурскі. Шмыгануўшы цераз вал, імкліва скаціліся два пушыстыя клубочкі, чорны і белы, і разбегліся ў розныя бакі. Гэта былі маладзенькія трусы. Ракітны. // Разысціся, рассеяцца, пабегшы ў розных напрамках (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл.) — Ну, пайшлі, — падняўся дзядзька і паклікаў пляменнікаў, якія разбегліся па лесе. С. Александровіч. Часам недзе вылі ваўкі. Казалі, што гэта нямецкія аўчаркі, якія разбегліся па лесе, калі пачалося наша наступленне. Асіпенка.

2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паспешліва пакінуць каго‑, што‑н., накіраваўшыся ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Шамякін. // Спешна пакінуць месца сваёй работы, службы (пра многіх). — Як жа я магу цяпер узяць цябе на будоўлю?! Уся брыгада разбяжыцца. Чарнышэвіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка расступіцца, рассунуцца ў розныя бакі (пра неадушаўлёныя прадметы). Калі заслона разбеглася па баках, Міхась адразу ж вылучыў з усяго квяцістага хору дзяўчыну, якую сустрэў на вуліцы. Рамановіч. Раптоўна кусты разбегліся ў бакі, і падарожнікі апынуліся перад шырокай лесвіцай з высокімі выцертымі ступенямі. Б. Стральцоў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка перакінуцца з прадмета на прадмет, не спыніўшыся ні на адным (пра думкі, пачуцці). Думкі разбегліся.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка разысціся ад чаго‑н. у розныя бакі. Разбегліся чародкі хмарак Ад крылаў іх [буслоў], Як ад вінта. Чарняўскі. // Накіравацца з аднаго месца ў розных напрамках (пра вуліцы, дарогі, ручаі і пад.). Разбегліся ў полі Жытнёвыя сцежкі... Кляўко. Вуліцы вёскі Камсамольская разбегліся па ўзгоркавых схілах каля невялікай рачулкі. Хведаровіч. Калі мінуць хвойнічак, ідучы праз яго, дык праз чвэртку кіламетра якога разбяжыцца поле і шлях. Чорны. Ляснічы бачыў, як перажывае Лугавы за сына, як змарнеў чалавек за тыя дні: маршчыны частымі барознамі разбегліся ад шчылінаквачэй. Даніленка.

6. У бегу набраць вялікую скорасць. Бяда толькі, што не разбяжышся, як след: і цесна, і маці ўшчувае: — Кінь ты дурыкамі займацца. Лынькоў. То разбяжыцца, То пухам засцелецца, Гойкае, кружыць, Спявае мяцеліца. Броўка.

7. Прабегчы некаторую адлегласць, каб набраць скорасць для скачка, пад’ёму і пад. Схапіўшы на рукі Марынку, я разбеглася. Лёд затрашчаў пад нагамі, але мы праехалі каляіну да канца. Савіцкі. Віця апусціў рэйку ніжэй. Мара адышоў да дзвярэй, потым разбегся і скочыў. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)