горад на ПдЗ Швейцарыі, на Жэнеўскім воз. і р. Рона. Адм. ц. кантона Жэнева. 172,7 тыс.ж., з прыгарадамі каля 400 тыс.ж. (1994), каля 25% насельніцтва — іншаземцы. Вузел чыгунак і аўтадарог, азёрны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін.цэнтр.Прам-сць базіруецца на выкарыстанні высокакваліфікаванай працы. Вылучаюцца ювелірная справа, дакладная механіка (гадзіннікі, розныя інструменты, дакладная апаратура), станкабудаванне, электратэхн. машынабудаванне, вытв-сць рухавікоў, фармацэўтычнай, парфумернай, тэкст., харч. прадукцыі. Ун-т (з 1559). Цэнтр замежнага турызму.
Першапачаткова пасяленне кельтаў (алаброгаў), умацаванае Цэзарам у 58 да н.э. ў перыяд вайны з гельветамі. З 5 ст. рэзідэнцыя біскупства; у гэты ж час заваявана бургундамі, у 534 — франкамі. У канцы 9 ст. зноў пад уладай Бургундыі, разам з ёй увайшла ў склад «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1162 біскупы Ж. атрымалі ад імператара Фрыдрыха I Барбаросы тытул князёў. З пач. 13 ст. за паліт. вяршэнства ў горадзе вяліся спрэчкі паміж біскупамі Ж. і герцагамі савойскімі. На мяжы 14 і 15 ст. Ж. славілася кірмашамі, пазней стала значным цэнтрам крэдытна-банкаўскіх аперацый. У 16 ст. ў ходзе барацьбы з герцагамі савойскімі прымкнула да Швейцарскай канфедэрацыі. З 1539 гал. цэнтр Рэфармацыі (Г.Фарэль, Ж.Кальвін) еўрап. значэння (наз. «пратэстанцкім Рымам»), Створаная ў 16 ст. алігархічная форма праўлення выклікала шэраг паўстанняў. У 18 ст. развіваецца прам-сць (пераважна вытв-сць гадзіннікаў). У 1798—1814 пад уладай Францыі, у 1815 як кантон увайшла ў Швейцарскую канфедэрацыю. З 2-й пал. 19 ст. месца склікання міжнар. канферэнцый і знаходжання міжнар. арг-цый, у т. л.гал. органаў Лігі Нацый, пасля 2-й сусв. вайны — розных устаноў ААН.
Рака Рона падзяляе Ж. на 2 часткі. На левым беразе — Стары горад (гіст. цэнтр), дзе размешчаны ун-т, т-ры, б-кі, Саборная пл. з раманска-гатычным саборам Сен-П’ер (12—14 ст.; фасад у стылі класіцызму, 1752—56), гатычныя цэрквы Сент-Мары-Мадлен (14—15 ст.), Сен-Жэрмен (14—16 ст.), ратуша (15 ст. — 1617), гатычныя, рэнесансавыя і класіцыстычныя жылыя дамы, палац Энар (1817—21). На правым беразе — Новы горад (са старым кварталам і царквой Сен-Жэрве, 15 ст.): вакзал Карнавен (1928), дом «Клартэ» (1930—32, арх. Ле Карбюзье), Палац Нацый (1928—37, арх. Гіёль), будынак Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1961, арх. Ж.Чумі). Музеі: мастацтва і гісторыі, сучаснага мастацтва, этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́КСІКА (México, Méjico),
Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на ПдПаўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 1958,2 тыс.км². Нас. 98,6 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.
Прырода. М. размешчана ў паўд.ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч.тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн.кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.
Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс.ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн.ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс.г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс.н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс.н.э. на тэр.паўд.М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст.н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г.Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс.км² з нас. 5—6 млн.чал., але была нетрывалай.
У 1517 ісп.канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марзлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч.тэр.М., у т. л.г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.
У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл.Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.
Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.Абрэгона (1920—24) і П.Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.Алемана (1946—52), А.Руіса Картынеса (1952—58), А.Лопеса Матэаса (1958—64), Г.Дыяса Ордаса (1964—70), Л.Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш.міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст.нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасцігал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн.т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд.м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн.т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн.тжал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс.т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн.т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн.т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн.т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс.тхім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн.т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст.прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн.т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн.га, арашаецца 6 млн.га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн.га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс.т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс.т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн.га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс.т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс.км, чыгунак — 26,5 тыс.км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс.км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд.дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс.чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс.чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс.чал., у т. л. 8,6 тыс.чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.
Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес.пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац.аўт.ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал.ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац.б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс.нац.аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш.Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.
Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.Ландывара, Ф.Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.Х.Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.Акуньі, Г.Прыета, раманы В.Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.Пайна, «Астусія...» Л.Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв.кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.М.Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап.мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.Х.Атон, С.Дыяс Мірон, М.Гуцьерэс Нахера, А.Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.Фрыяса, «Надзел» Х.Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.Л.Гусман, Г.Лопес-і-Фуэнтэс, Х.Р.Рамера, Р.Ф.Муньёс, Н.Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.Мансісідора, п’ес Р.Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.Лопеса Велардэ, Э.Гансалеса Мартынеса, К.Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.Васканселаса і А.Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.Яньес, Х.Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.Кастэльянас), літ. крытыка (Х.Л.Мартынес, А.Кастра Леаль, Э.Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.Шэрман.
Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст.н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп.арх. матывы з нар.дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац.арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.Арай, К.Ласа, М.Пані, А.Прыета, П.Рамірэс Васкес, Э.Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.Гёрыц, Х.О’Горман, Л.Бараган і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.Тальса, Ф.Э.Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.Г.Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.М.Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.Бустас, Х.М.Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.Кардэра, у скульптуры — М.Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г.найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.Бельтран, А.Гарсія Бустас, А.Кінтэрас, Мендэс, П.О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.Арэнас Бетанкур, К.Брача, Г.Руіс, у станковым жывапісе — Р.Тамаё. Нар.дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.
Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц.муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.Кастра, А.Артэга і інш.Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.Аяла Перэс, Б.Галінда Дымас, Х.П.Манкаё, С.Кантрэрас і інш.Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.Сандзі, М.Берналь Хіменес, К.Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац.сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.
Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс.т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.Гансалес дэ Эслава і Х.Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс.т-ра паўплывалі драматургі Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.Э.Гарастысы, Ф.Гамбоа, Х.Х.Гамбоа, М.Даваласа, Х.Х.Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.М.Дыеса Бараса, Х.Вільяўрутыі, С.Гарастысы, Р.Усіглі, М.Магдалена, С.Нова. У 1946 у Мехіка засн.Нац.ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс.т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.Соле, Г.Брача, І.Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.Т.Мантоя, А.Гомес дэ ла Вэга, К.Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рзформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар.т-р на адкрытым паветры.
Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.Эйзенштэйна і аператара Э.Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.Брача, К.Вела, Р.Гавальдон, А.Галінда, Э.Гомес Мурыэль, М.Кантрэрас Торэс, К.Навара, І.Радрыгес, М.Сакарыяс; акцёраў — П.Армендарыс, Кантынфлас, Х.Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп.рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.Касальс) і інш.Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.Лопес Тарса, М.Фелікс, аператар Г.Фігероа і інш. У 1983 засн.Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».
Літ.:
Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;
Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;
Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;
Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ.М., 1949;
Культура Мексики. М., 1980;
Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Герб і сцяг Мексікі.Да арт.Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.Да арт.Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.Да арт.Мексіка. Пляж у г. Акапулька.Да арт.Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.Да арт.Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.Да арт.Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.Манэ. 1867.Да арт.Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.Да арт.Мексіка. Д.Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.Да арт.Мексіка. Д.Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.Да арт.Мексіка. А.Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТВІЯ (Latvija),
Латвійская Рэспубліка (Latvijas Republika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Эстоніяй, на У з Рас. Федэрацыяй, на Пд з Літвой і Рэспублікай Беларусь, на З абмываецца водамі Балтыйскага м. і Рыжскага заліва. Пл. 64,6 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — латышская. Сталіца — г.Рыга. Падзяляецца на 26 раёнаў. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 лістапада).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1922, адноўленая і змадыфікаваная 6.7.1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 2 гады і 3 м-цы. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Тэр. Л. размешчана на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны, каля паўд.-ўсх. берагоў Балтыйскага м. Берагі слаба парэзаныя, з пясчанымі дзюнамі выш. да 15—20 м. Уздоўж узбярэжжа цягнецца прыморская нізіна, якая ў бас.р. Ліелупе пераходзіць у Сярэднелатвійскую нізіну. У цэнтр.ч. размешчана Відземскае ўзв. з найвыш. пунктам рэспублікі г. Гайзінькалнс (выш. да 311 м), на ПдУ — Латгальскае ўзв. (выш. да 289 м). Паміж імі — Усх.-Латвійская нізіна. На ПнУ — Алуксненскае ўзв. (выш. да 271 м), на З — Курземскае ўзв. (выш. да 184 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабіла дзейнасць ледавікоў. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад 400—600 да 1800 м (граніты, гнейсы), які перакрываюць дэвонскія, месцамі трыясавыя і юрскія пароды, а таксама чацвярцічныя адклады. Карысныя выкапні: торф (каля 6 тыс. радовішчаў, запасы — каля 530 млн.т), вапнякі, гіпсавы камень, даламіты, пяскі, гліны, нафта. Мінер. крыніцы і лячэбныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, частыя адлігі, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-растудз. ад -2,6 °C у Ліепаі да -6,6 °C у Даўгаўпілсе, ліп. адпаведна 16,8 °C і 17,6 °C. Ападкаў ад 550 да 850 мм за год. Рачная сетка вельмі разгалінаваная. У Л. каля 12,4 тыс. рэчак, з іх 94% даўж. менш за 10 км, 17 рэк — больш за 100 км. Гал. рэкі: Даўгава (Зах. Дзвіна), Вента, Ліелупе. Азёры займаюць 1,71% тэрыторыі; буйныя: Лубанас, Рэзнас, Буртніеку, Усмас. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, на ПдЗ — дзярнова-карбанатныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 46% тэрыторыі, пашыраны пераважна хваёвыя (асабліва на ўзбярэжжы Балтыйскага м.), з лісцевых — бярозавыя, альховыя, асінавыя лясы, на ПдЗ — дубравы. Каля 10% тэрыторыі займаюць балоты і забалочаныя землі. У фауне 60 відаў млекакормячых (заяц, вавёрка, барсук, лось, буры мядзведзь, рысь, воўк і інш.), 308 відаў птушак (глушэц, цецярук, курапатка, рабчык), 29 відаў марскіх (салака, кілька, ласось, камбала) і 28 прэснаводных (сіг, вугор, шчупак, судак) рыб, 7 відаў паўзуноў. Запаведнікі: Грыні, Марыцсала, Тэйчы, Слітэрэ, Крусткалны. Нац. парк Гаўя.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — латышы (55,3%, 1997). Жывуць рускія (32,5%), беларусы (4%), украінцы (2,9%), палякі (2,2%), літоўцы (1,3%) і інш. Пасля выхаду Л. са складу СССР назіраўся адток насельніцтва з краіны, асабліва рускамоўнага. Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Асн. колькасць вернікаў — хрысціяне (пратэстанты, праваслаўныя, католікі). Сярэдняя шчыльн. 39 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва складае 69%. Найб. гарады (1997, тыс.чал.): Рыга (815,9), Даўгаўпілс (117,5), Ліепая (97,3), Елгава (71), Юрмала (59), Вентспілс (46,6).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (9—4-е тыс. да н.э., верагодна, фіна-угорскія плямёны). У 2-м тыс. да н.э. тут з’явіліся продкі балтаў, якія жылі ва ўмацаваных паселішчах — гарадзішчах (іх у Л. выяўлена каля 400), займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У пач. 1-га тыс.н.э. ўтварыліся плямёны земгалаў, куршаў, латгалаў, селаў, ліваў. На тэр.Латгале знаходзіўся залежны ад Полацкага княства г.Герцыке. Сярод інш.стараж.-лат. гарадоў былі Талава (залежала ад Пскова), Лудза (засн. ў 1177), Саласпілс (засн. ў 1186). З пач. 2-га тыс. ў Л. пачало пранікаць хрысціянства, у т. л. ў выніку каланізацыі лат. зямель ням. крыжакамі на чале з епіскапамі, якія заснавалі ордэн мечаносцаў. У 13 ст. лівы, латгалы і інш.лат. плямёны разам з продкамі літоўцаў і славянамі супраціўляліся ням. экспансіі (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 стагоддзях), аднак да канца 13 ст. былі падпарадкаваны, а землі Л. ўвайшлі ў склад Лівоніі. Ням. панаванне да 17 ст. запаволіла працэс кансалідацыі латышоў у народнасць. У выніку міжусобіц і знешніх фактараў да сярэдзіны 16 ст. дробныя лівонскія дзяржавы спынілі існаванне, а тэр. Л. была падзелена паміж ВКЛ і Даніяй (1560—62). У 1583 Данія перадала Рэчы Паспалітай сваю частку Курляндыі. У ходзе Лівонскай вайны 1558—83 і вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 землі Л. значна спустошаны. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 паўн.-зах. частка Л. разам з Рыгай уключана ў склад Швецыі (гл.Задзвінасае герцагства), усходняя (Латгале) засталася ў Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 Рыгу занялі рус. войскі (1710). Да канца 18 ст. ўся тэр. Л. апынулася ў складзе Рас. імперыі (у 1721 Відземе, у 1772 Латгале, у 1795 Курляндскае герцагства). У 19 — пач. 20 ст.эканам. развіццю Л. садзейнічалі буд-ва чыгунак і выкарыстанне для транзітных і інш. патрэб мясц. партоў (Вентспілс, Рыга, Ліепая); у прам-сці пераважалі машынабудаванне, вытв-сць электратэхн. абсталявання і гумавых вырабаў. Павялічылася колькасць рабочых і іх арг-цый; у 1904 засн.Лат.с.-д. рабочая партыя. Працоўныя Л. ўдзельнічалі ў рас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну значная частка Л. акупіравана герм. войскамі; у 1915 у складзе дзеючай рас. арміі створаны часці латышскіх стралкоў.
У канцы 1-й сусв. вайны лат. сацыял-дэмакраты і нац. партыі склікалі ў Рызе Нац. савет, які абвясціў Л. незалежнай парламенцкай і дэмакр. рэспублікай (18.11.1918). Першым прэм’ер-міністрам Л. быў Х.Ульманіс, урад якога прызналі краіны Антанты і інш. дзяржавы (22.12.1918 фармальна і СНК РСФСР). 13—15.1.1919 1-ы з’езд Саветаў у Рызе абвясціў Л. сав. рэспублікай, што прывяло да сутыкнення паміж 2 лат. рэспублікамі (урад Сав. Л. самараспусціўся ў студз. 1920). Адбыліся таксама ўзбр. канфлікты Л. з Літвой і Польшчай. У канцы 1919 з Л. выведзены герм. войскі. 11.8.1920 у Рызе падпісаны лат.-сав. мірны дагавор. Тэр. Л. (разам з Латгале, дзе жылі і беларусы) склала 65,8 тыс.км², насельніцтва — 1,6 млн.чал. Урад Ульманіса правёў агр. рэформу (паводле закону ад 17.9.1920), садзейнічаў стварэнню школ для нац. меншасцей (складалі каля 25% насельніцтва краіны), у т. л. для беларусаў. У чэрв. 1920 прынята часовая, у лют. 1922 канчаткова зацверджана канстытуцыя Л. 30.6.1930 падпісана канвенцыя аб лат.-літ. мяжы. Да 1934 найб. уплывовымі паліт. сіламі краіны былі С.-д. рабочая партыя і Лат.сял. саюз. У эканоміцы Л. 2/3 яе экспарту прыпадала на Вялікабрытанію і Германію. 16.5.1934 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, у выніку якога ў краіне ўстаноўлена дыктатура Ульманіса (з мая 1936 прэзідэнт Л.). У пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Л. 5.10.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэрыторыі сав. баз і войск (апошнія 18—20.6.1940 уведзены ў Л.). У гэтых умовах у краіне адбыліся змена ўрада і дзярж. ладу, а Л. 5.8.1940 увайшла ў склад СССР як 15-я саюзная рэспубліка. У чэрв.—ліп. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. Рыга стала цэнтрам рэйхскамісарыята «Остланд». На тэр. Л. дзейнічалі каля 20 тыс.сав. партызан, частка латышоў супрацоўнічала з акупац. ўладамі. У выніку Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да мая 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. У 1947 лат.прам-сць дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана сельская гаспадарка; праводзіліся інш.сац.-эканам. мерапрыемствы на ўзор СССР. Сярод інш.сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту (у т. л. жывёлагадоўлі), асабліва ў 1970-я г. У час «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваліся нац. сілы, у т. л.Нар. фронт (узнік у 1988). Пасля перамогі Нар. фронту (выступаў за дэнансацыю пакта Рыбентропа—Молатава як не адпаведнага нормам міжнар. права) на выбарах 18.3.1990 лат. парламент 4.5.1990 абвясціў аднаўленне суверэннай рэспублікі Л. на аснове канстытуцыі 1922. 9 9.1991 незалежнасць Л. прызнаў СССР. З 1993 прэзідэнт краіны — Г.Ульманіс. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання лат. гаспадаркі. Л. аддае значную ўвагу ўмацаванню і развіццю добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь і інш. дзяржавамі. У 1999 прэзідэнтам Л. выбрана В.Віке-Фрэйберге. Л. — чл.ААН (з 1991), Еўрап. саюза (з 1995), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя «Саймніекс» («Гаспадар»), Нар. рух Латвіі, Партыя адзінства Л., Рух за нац. незалежнасць Л., Сял. саюз, Партыя нар. згоды, Сацыяліст. партыя, Рус. абшчына Л., Балта-слав.т-вакульт. развіцця і супрацоўніцтва, Саюз свабодных прафсаюзаў Л. і інш.
Гаспадарка. Л. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 складаў 5024 млн.дол. ЗША, 2017 дол. на душу насельніцтва. На долю прам-сці прыпадала 28% ВУП, на сельскую і лясную гаспадарку — 8%, на сферу паслуг — 51%. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., дрэваапр., лёгкая, харч., Вытв-сць фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Паліўнаэнергет. комплекс Л. грунтуецца на прывазным паліве (нафтапрадукты, вугаль, прыродны газ). 3 мясц. відаў паліва выкарыстоўваюцца торф, дровы і адходы дрэваапр. прам-сці. Торфапрадпрыемствы «Седа», «Стружаны» і інш.Вытв-сць электраэнергіі 3,1 млрд.кВт∙гадз (1996). Працуюць Рыжская, Кегумская, Плявіньская ГЭС, Рыжскія ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, Ліепайская ЦЭЦ. Каля 40% электраэнергіі імпартуецца ў асноўным з Эстоніі і Літвы. Металургія прадстаўлена з-дам у г. Ліепая. Вытв-сць пракату 300 тыс.т (1996), металалом паступае з Літвы і Эстоніі. У машынабудаванні вылучаюцца электратэхн. (вытв-сць абсталявання для пасаж. вагонаў і трамваяў, прылад, пральных машын, цэнтрыфуг, электралямпаў), радыёэлектронная і сродкаў сувязі («ВЭФ»), трансп. (трамвайныя вагоны і электрацягнікі) галіны прам-сці, сканцэнтраваныя пераважна ў Рызе. Прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. тэхнікі (Рыга, Елгава, Рэзекне), мікрааўтобусаў (Елгава), электраінструментаў, прывадных ланцугоў (Даўгаўпілс), вентылятараў (Вентспілс), тэлефонаў (Айзкраўкле). Вытв-сць (1996) радыёпрыёмнікаў — 9,6 тыс.шт., аўтобусаў — 1,2 тыс. штук. Хім.прам-сць у Даўгаўпілсе (вытв-сць валокнаў), Валміеры (шкловалакно), Олайне (пластмасы), Рызе (фарбы, лакі, фармацэўтычныя прэпараты), Вентспілсе (мінер. ўгнаенні). Вытв-сцьсінт. фарбаў і лакаў у 1996—16,7 тыс.т. Развіта парфумерна-касметычная вытв-сць (Рыга). Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць традыцыйна займае важнае месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўку драўніны вядуць 24 леспрамгасы. Выпуск піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт, запалак, лодак, паперы, кардону, цэлюлозы ў гарадах Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Вентспілс, Юрмала, Валміера, Кулдыга і інш.Вытв-сць піламатэрыялаў — 1,2 млн.м³, паперы і кардону — 8,6 тыс.т (1996). Прам-сцьбуд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне. Наладжана вытв-сць цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, керамзіту, цэменту (0,3 млн.т, 1996), шыферу, жалезабетонных вырабаў, лінолеуму, драўляных будынкаў, шкла і фарфору. Лёгкая прам-сць арыентуецца на высокакваліфікаваныя кадры і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі. Гал. галіна — тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая, ільняная); асн. яе цэнтры: Рыга, Елгава, Віляка, Мазсалаца і інш. Развіты трыкат. (Валка, Огрэ, Юрмала), швейная (Рыга, Елгава, Екабпілс), гарбарна-абутковая (Рыга, Ліепая, Даўгаўпілс), скургалантарэйная (Ліепая) галіны. Вытв-сць (1996) тканін — 0,9 млн.м², абутку — 0,8 млн. пар. Харч.прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Важныя галіны — мясная, масласыраробная, рыбная, кансервавая, цукр., мукамольная, кандытарская, піваварная. Шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Вытв-сць (1996, тыс.т) масла — 7,5, мукі — 107,5, цукру — 94,6. Маст. промыслы (апрацоўка скуры, бурштыну, разьба па дрэве, вышыўка). Асн. кірункі спецыялізацыі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля і птушкагадоўля (71% таварнай с.-г. прадукцыі, 1996). Гадуюць (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу (537), свіней беконнага кірунку (553), авечак (72), коней (27). Развіта зверагадоўля (нутрыя, пясец, ліс). Пчалярства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2,6 млн.га (1996), у т. л. ворныя землі 1,7 млн.га. Пад збожжавымі культурамі каля 45%, тэхн. — 2%, кармавымі — 46% усёй пасяўной плошчы. Вырошчваюць ячмень (179 тыс.т, 1996), пшаніцу (150 тыс.т), жыта, авёс, лён-даўгунец, цукр. буракі, травы. Бульбаводства і агародніцтва. Развіта кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—149,7 тыс.т. Геагр. становішча Л. спрыяльнае для буд-ватрансп. магістраляў. Даўж. чыгунак 2,4 тыс.км, у т. л. 11% электрыфікавана. Даўж. аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. 56% з цвёрдым пакрыццём. Развіты марскі транспарт. Найб. парты: Вентспілс (экспарт нафты), Рыга, Ліепая. Рачное суднаходства ў нізоўях рэк Ліелупе, Вента, Даўгава. Авіятранспарт забяспечвае знешнія сувязі. Аэрапорты: Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая. Газаправоды Дашава—Рыга, Таржок—Пскоў—Рыга; нафта- і прадуктаправод Полацк—Вентспілс. Экспарт (2,5 млрд.дол. ЗША, 1996): драўніна, тэкстыль, харч. прадукты, маш.-буд. прадукцыя. Імпарт (3,5 млрд.дол. ЗША, 1996): энерганосьбіты, машыны і электраабсталяванне, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя, Германія, Вялікабрытанія, Швецыя, Літва, Фінляндыя. Беларусь экспартуе ў Л. калійныя і азотныя ўгнаенні, нафтапрадукты; набывае рыбу, трыкатаж, шпалы, лек. сродкі. Курорты: Юрмала, Ліепая, Кемеры, Балдане і інш. Грашовая адзінка — лат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі або сілы абароны краіны, ВПС, ВМС), ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі і берагавая ахова) і нар. апалчэння (мабілізацыйны рэзерв). Агульная колькасць (1996) больш за 25 тыс.чал., у т. л. 17,5 тыс. апалчэнцаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 7 тыс.чал., 13 бронетранспарцёраў, 24 гарматы, якія буксіруюцца, 28 мінамётаў. У ВПС каля 200 чал., 4 самалёты, 7 верталётаў. У ВМС каля 1 тыс.чал., у т. л. 220 чал. у берагавой абароне, 4 караблі, 14 катэраў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 61,3, жанчын 73,4 гады. Смяротнасць — 15 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 83 чал., урачамі — 1 на 291 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць — 21 на 1 тыс. нованароджаных (1997). Мед. страхаванне.
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец., прафес. і акад. вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 9-гадовая базавая (4 гады навучання ў пач. школе і 5 гадоў у няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя (3 гады навучання пасля базавай школы, 10—12 кл.). Валоданне дзярж. (лат.) мовай абавязковае ва ўсіх навуч. установах, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Л. Сістэма прафес. падрыхтоўкі ўключае прафес. базавую школу для навучэнцаў, што не маюць базавай адукацыі (2 гады навучання), прафес. сярэднюю школу (3 гады), прафес. гімназію (4 гады навучання, дае права паступлення ў ВНУ). Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы і каледжы (4—5 гадоў навучання пасля базавай школы і 2—3 гады на базе поўнай сярэдняй). Прафесійная вышэйшая адукацыя (4 гады навучання) забяспечвае веды для прафес. дзейнасці, акадэмічная — заснавана на фундаментальнай або прыкладной навуцы з абавязковым кампанентам даследавання ў навуч. праграме. Акадэмічная вышэйшая адукацыя мае 2 ступені: бакалаўра (3—4,5 года навучання) і магістра (дадаткова 2 гады). Ступень магістра дае права на атрыманне ступені доктара (3—4 гады навучання). Буйнейшыя ВНУ: Латвійскі ун-т (з 1940), Рыжскі тэхн.ун-т (з 1896, да 1990 політэхн.ін-т), Рыжскі авіяц.ун-т (з 1960), Рыжскі ун-т імя Страдыня, Латв. марская акадэмія, Латв. акадэмія мастацтваў, Лат. акадэмія культуры, Латв. кансерваторыя, Міжнар. турыстычны ін-т — усе ў Рызе; Латв.с.-г. акадэмія ў Елгаве, Латв. евангелічная лютэранская хрысц. акадэмія ў Юрмале. Буйнейшыя б-кі: Латв.Нац. і Латв. акадэмічная ў Рызе. Музеі: Латв. музей гісторыі Рыгі, Латв. музей прыроды, Дом Я.Райніса і Аспазіі, Музей акупацыі, Дзярж.маст. музей, маст. музеі — «Арсенал», замежных краін, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, латв. культуры; Мемар. музей Густава Шкілтэра — усе ў Рызе; мемар. ансамбль ахвярам фаш. тэрору ў Саласпілсе і інш.Навук. даследаванні праводзяць ін-ты Латв.АН (з 1946), н.-д. ўстановы галіновых міністэрстваў і ведамстваў, ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне Найбольшы тыраж маюць грамадска-паліт. газеты «Lauku avize» («Сельская газета», з 1988, на лат. мове, 2 разы на тыдзень), штодзённая газ. «Dziena» («Дзень»), «Rigas balss» («Голас Рыгі», абедзве на лат. і рус. мовах), «Панорама Латвии», штотыднёвая газ.Нар. фронту «Atmoda» («Абуджэнне») і інш. Радыё з 1925 (на лат., рус., швед., англ. і ням. мовах). Тэлебачанне з 1954. Радыё і тэлебачаннем кіруе Камітэт па справах радыё і тэлебачання. Інфарм. агенцтвы: Латв. незалежнае тэлегр. агенцтва ЛЕТТА (створана ў 1989 на базе інфарм. агенцтва Латінфарм.), Baltic News Service (Балтыйская служба навін, з 1990).
Літаратура. Развіццё ўласна лат. л-ры пачалося ў сярэдзіне 19 ст. і было цесна звязана з нац.-вызв. рухам. Яна апіраецца на багатыя традыцыі песеннага фальклору, што ўпершыню зафіксавана ў выданні «Латышскія дайны» (т. 1—6, 1894—1915; збіральнік і складальнік К.Баран). Першыя кнігі на лат. мове, пераважна духоўнага зместу, датуюцца 16 ст. Кнігі свецкага характару пачалі выдавацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік нац. паэзіі — Ю.Алунан (зб. вершаў «Песенькі», 1856). Антыфеад. характар мела творчасць прадстаўнікоў т.зв. рамантызму Аўсекліса і А.Пумпура. Значным дасягненнем лат. прозы з’явіліся рэаліст. раман братоў Каўдзітаў «Часы каморнікаў» (1879) і апавяданні Апсішу Екаба пра жыццё лат. вёскі. У 1870—80-я г. зарадзілася нац. драматургія. Яе развіццё цесна звязана з дзейнасцю заснавальніка лат.т-ра і аўтара п’ес для яго А.Алунана. Новы этап развіцця лат. л-ры ў 1890-я г. звязаны з рухам прагрэс. інтэлігенцыі «Новая плынь» (рэв. вершы Э.Вейдэнбаўма, вершы і п’есы Аспазіі). Пачаў сваю дзейнасць як публіцыст Я.Райніс. У л-ру прыйшлі навеліст Р.Блаўман, паэт-рамантык Я.Порук, пісьменнікі Э.Бірзніек-Упіт, Г.Брыгадэрэ, В.Плуданіс, Я.Яўнсудрабіньш і інш.Гал. змест іх твораў — жыццё, сац. перамены ў горадзе і вёсцы ў пач. 20 ст. Уплыў падзей рэвалюцыі 1905—07 выявіўся ў рэаліст., глыбінна-філас. творчасці Райніса. Развівалася л-ра крытычнага рэалізму (аповесці і раманы А.Упіта). У 1920—30-я г. асобныя прадстаўнікі лат. л-ры жылі, працавалі за межамі Л., у т. л. ў Сав. Саюзе: Судрабу Эджус, Э.Эферт-Клусайс, А.Кадзікіс-Грозны, Р.Пельшэ, В.Кнорын, П.Даўге і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Л. Плённа працавалі Л. Лайцэн, Я.Грот, В.Лаціс, Я.Судрабкалн, Упіт, Э.Адамсан, Я.Плаўдыс, А.Чак і інш. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў гіст. этапы жыцця краіны, розныя сац. слаі грамадства. У жанрава і тэматычна разнастайнай л-ры развіваліся паэзія, навела і раман, сатыр. камедыя і гіст. драма. У гады 2-й сусв. вайны гал.літ. жанрамі былі паэзія (В.Лукс, Судрабкалн, А.Грыгуліс, Ю.Ванаг, Ф.Рокпелніс) і апавяданне (Г.Саксэ, Лаціс); у жанры філас. эсэ выступілі З.Марыня і К.Раўдыве. Пасляваен. пакаленне пісьменнікаў (у паэзіі — Лукс; Грот, Чак, А.Баладыс, С.Калдупе, у прозе — Лаціс, Саксэ, Г.Бродэле, Д.Зігмантэ, З.Скуінь і інш.) імкнулася да больш глыбокага адлюстравання рэчаіснасці, да раскрыцця ўнутр. свету сучаснікаў. Стылёва разнастайная пасляваен. паэзія (І.Аўзіньш, В.Бэлшэвіца, І.Зіеданіс, М.Чаклайс, А.Веян, А.Скалбе, О.Вацыеціс, А.Элксне і інш.) вызначаецца шырынёй ахопу падзей, філасафічнасцю (грамадз. і інтымная лірыка М.Кемпе). Л-ра 1970—80-х г. адметная тэматычнай актуальнасцю, эпічнасцю, маштабнасцю, паглыбленым пранікненнем у духоўны свет героя, спалучэннем глыбока індывідуальнага светаадчування пісьменніка і героя (А.Бэлс, А.Калве, Я.Маўліньш, Р.Эзера, Скуінь, В.Югане, А.Ханбергс, А.Якубанс, М.Зарыньш). Гал. асаблівасць прозы 1990-х г. — гістарызм, дамінуе мемуарная л-ра. Актыўна развіваецца драматургія (Х.Гулбіс, П.Петэрсан, П.Путніньш, Л.Стумбрэ, М.Бірзэ, Скуінь).
Бел.-лат.літ. сувязі развіваюцца з 1920-х г. У 1926 Райніс наведаў Беларусь, дзе адбыліся яго сустрэчы з Я.Купалам, Я.Коласам і інш. пісьменнікамі, знаёмства з бел. культурай. Бел.-лат. сувязі актывізаваліся ў 1950-я г. Гэтаму спрыялі дэкады л-ры і мастацтва, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх перакладчыцкая дзейнасць. На лат. мове выдадзены анталогіі паэзіі («Беларуская сасна», 1960; «Хлеб-соль», 1974), прозы («Дом пад сонцам», 1960), асобныя кнігі лірыкі Я.Купалы, Р.Барадуліна, П.Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка, раманы «Глыбокая плынь» (1953) і «Сэрца на далоні» (1966) І.Шамякіна, «Людзі на балоце» (1966) і «Подых навальніцы» (1969) І.Мележа, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1968), «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага (1971), зб. апавяданняў «Чазенія» У.Караткевіча (1976), кн. «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1978), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1980), «На ростанях» Я.Коласа (1982), шэраг аповесцей Я.Коласа, В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Шамякіна, В.Казько, А.Масарэнкі, п’есы «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1953), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1960), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962) і інш. Для дзяцей на лат. мове выйшлі паэт. творы: «Хлопчык і лётчык» Я.Купалы, «Залатыя рукі» Э.Агняцвет, «Чытанка-маляванка» В.Віткі, аповесці «ТВТ» Я.Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Таямнічы надпіс» В.Зуба, кнігі бел.нар. казак (1960, 1977). На лат. мову бел. паэзію перакладалі Ю.Ванаг, А.Веян, Вацыеціс, В.Ліўземніек, Я.Плотніек, Судрабкалн, Е.Стулпан і інш., прозу — Ванаг, Т.Руліс і інш. На бел. мове выдадзены анталогіі лат. паэзіі («Ветрык, вей!», 1959; «Латышская савецкая паэзія», т. 1—2, 1984), прозы («Латышскія апавяданні», 1956; «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), кнігі вершаў, апавяданняў, казак «Песня Даўгавы» (1986), лат.нар. песень «Дайны» (1987), зборнікі паэзіі Я.Райніса, Судрабкална, Бэлшэвіцы, кн. «Выбранае» (1993, вершы, літ.-крытычныя артыкулы, п’есы) Райніса, асобныя раманы Лайцэна, Лаціса, Б.Саўлітыса, А.Колберга, кнігі прозы Упіта, Грывы, Вілкса, п’есы Райніса, творы для дзяцей Ванага, З.Эргле, В.Бранка, кнігі нар.лат. казак і інш. На бел. мову творы лат. пісьменнікаў перакладалі Агняцвет, Барадулін, Броўка, Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, А.Звонак, І.Калеснік, К.Кірыенка, М.Лужанін, В.Лукша, П.Макаль, С.Панізнік, Панчанка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, В.Сёмуха, М.Танк, У.Шахавец, С.Шушкевіч, Я.Янішчыц, празаічныя творы — А.Жук, Кудравец, А.Марціновіч, П.Місько, Сёмуха, Я.Скрыган. У.Яцко і інш.Лат.-бел. сувязям прысвечаны працы М.Абалы і Дз.Віксны «Гэта сяброўства ведае вечнасць» (1977) і кн. І.Апіне «Беларусы ў Латвіі» (1995).
Архітэктура. У 1-м тыс. да н.э. на тэр. Л. будавалі ўмацаваныя паселішчы родавых абшчын (пілскалны), у 1-м тыс.н.э. — неўмацаваныя паселішчы (крэпасці-сховішчы), абкружаныя валамі з плятнём і частаколам наверсе. Да канца 12 ст. пераважалі пабудовы з дрэва. У канцы 12—15 ст. пераважала буд-ва мураваных абарончых і культавых будынкаў (найб.стараж. з мясц. вапняку) у раманскім стылі. У 13—14 ст. склаліся асн. тыпы рыцарскіх замкаў: вежа-данжон (замкі Турайдскі ў Сігулдзе, пач. 13 ст.; у Ліелстраўпе, сярэдзіна 14 ст.), канвенцкі дом (замкі ў Вентспілсе, 1290; у Рызе, 1330—1515), замак т.зв. нерэгулярнага тыпу, канфігурацыя ўмацаванняў якога імітавала схілы замкавага ўзгорка (замак у Кокнесе, закладзены ў пач. 13 ст.). Часта замкі станавіліся цэнтрамі гарадоў (Валміера, Цэсіс). Храмы ўзводзілі зальныя (царква ў Ікшкіле, 1185—13 ст.), базілікальныя з вежай над фасадам (цэрквы Яня ў Цэсісе, 1283—87; св. Сімяона ў Валміеры, 1283 — пач. 15 ст.). Пераходны стыль раманска-гатычных форм і канструкцый адлюстраваны ў Домскім саборы ў Рызе (1211—70). У 13—16 ст. развівалася гар.буд-ва: ратушы, будынкі гільдый, бюргерскія жылыя дамы з высокімі дахамі і ступеньчатымі франтонамі (Рыга, Цэсіс). Да сталай готыкі належыць царква св. Петэра ў Рызе (13—15 ст.). У познагатычнай архітэктуры часцей выкарыстоўвалі цэглу, ускладнены дэкор франтонаў і скляпенняў (царква св. Яня ў Рызе, канец 15 — пач. 16 ст.). У 2-й пал. 17 ст. сцвярджаюцца формы барока: фасад царквы св. Петэра (1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), т.зв. дом Даненштэрна (1694—98) у Рызе. У перыяд росквіту барока (1700—70-я г.) ствараліся буйныя палацава-паркавыя ансамблі (палацы ў Рундале, 1736—40, 1763—67, і Елгаве, 1738—72; арх. абодвух В.В.Растрэлі), свецкія будынкі (Акадэмія Петрына ў Елгаве, 1773—75, арх. С.Енсен). У канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. панаваў класіцызм: лютэранская царква ў Алуксне (1781—88, арх. К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз у Рызе (1828—30, арх. Ю.Шпацыр), будынак гар.т-ра ў Рызе (1860—63, арх. Л.Бонштэт), палацавыя комплексы ў Казданзе і Дурбе (арх. І.Г.Берліц). У 2-й пал. 19 ст. фарміруецца нац.арх. школа новага часу. На мяжы 19—20 ст. паралельна з эклектызмам (пабудовы Я.Ф.А.Баўманіса) развіваўся нац.-рамант. кірунак, які спалучаў традыцыі нар.лат. дойлідства з элементамі стылю мадэрн (жылыя дамы ў Рызе, 1906—09, арх. Э.Лаўбе і А.Ванаг). Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівы класіцыстычныя тэндэнцыі (актавая зала Латв. ун-та ў Рызе, 1929—38, арх. Э.Шталберг), рысы рацыяналізму з захаваннем стылізатарства ў духу нац. рамантызму (царква ў Алажах, 1927). З сярэдзіны 1950-х г.буд-ва вядзецца пераважна паводле тыпавых праектаў з цэглы ці зборнага жалезабетону. Будынкі жылых кварталаў групуюцца ў гармоніі з наваколлем, з цэнтрамі трансп. і быт. абслугоўвання (жылыя раёны Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль; Пурвунеме, з 1964, арх. С.Алксне, Э.Драндэ ў Рызе, і інш.). Для грамадскіх будынкаў характэрны строгая планіроўка, выразнасць канструкцый (санаторый у Яўнкемеры, 1967, арх. А.Рэйнфельд і інш.), стрыманая па колеры аддзелка інтэр’ераў (летняя канцэртная зала ў Дзінтары, 1959—60, арх. М.Гелзіс і А.Вецсіліс), выкарыстанне на фасадах абліцоўкі з металу і пластыкаў. Найб. значныя збудаванні 1970—90-х г.: Маст.т-р імя Я.Райніса (1976, арх. М.Станя, Х.Кандэр, І.Якабсан), комплекс аэрапорта «Рыга» (1974, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), жылыя раёны Пуруцыемс і Межцыемс (1980—90-я г.) — усе ў Рызе, Дом культуры «Юрас варты» ў Вентспілсе (1977, арх. В.Вавулс, А.Дамброўскі) і інш. У 1945 засн. Саюз архітэктараў Л.
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Л. вядомы з 5-га тыс. да н.э. (выявы жывёл на касцяных дзяржаннях кінжалаў). З 4—3-га тыс. да н.э. паходзяць скульпт. гліняныя выявы твару чалавека, фігуркі людзей і жывёл з дрэва, косці, гліны, бурштыну. У 5—8 ст. высокага ўзроўню дасягнула апрацоўка металу (латгальскія дзявочыя вянкі з бронз. спіральных дратоў, аздобленыя прывескамі і бразготкамі). З 13 ст. мастацтва Л. развівалася ў рэчышчы культуры Зах. Еўропы, у асн. ганзейскіх гарадах. Працавалі пераважна замежныя майстры. Рысы раманскага і гатычнага стыляў выявіліся ў скульпт. афармленні капітэляў, калон, надмагілляў, у рэльефах. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пашырыўся маньерызм, які найб. праявіўся ў дэкар. рэльефах. У перыяд барока (2-я пал. 17—18 ст.) у работах мясц. майстроў пераважала драўляная скульптура з выразнымі рысамі нар. мастацтва. Найб. ярка стылістыка барока ўвасобілася ў творах скульпт. майстэрні сям’і Сёфрэнсаў (алтар царквы Анас у Ліепаі, 1697), італьян. мастакоў Ф.Марціні і К.Дзукі (размалёўкі палаца ў Рундале, 1760-я г.) і інш.Нар. драўляная скульптура прадстаўлена пашыранымі ў Латгаліі ў 17 ст. ўкрыжаваннямі. У пач. 19 ст. ў мастацтве Л. пераважаў класіцызм. Мастакі Л. вучыліся пераважна ў Пецярбургу, дзе ў канцы 1880-х г. стварылі маст. гурток «Rükis» («Працаўнік»). З 2-й пал. 19 ст. пачала фарміравацца нац.маст. школа. Карціны на гіст. тэмы ствараў К.Гун, працавалі пейзажысты Ю.Федэр, А.Э.Алксніс, В.Пурвіт, партрэтыст Я.Розентал, графікі Р.Зарыньш, Э.Брэнцэн, Т.Удэр. У 1-й пал. 20 ст. кірунак развіцця лат. скульптуры вызначыўся ў творчасці Т.Залькалнса. Жывапіс развіваўся ў рэчышчы постімпрэсіянізму (Е.Казак, Я.Гросвалд), сімвалізму (В.Матвей). У 1920—30-я г. жывапісцы імкнуліся да стварэння праз каларыстычныя пошукі рамантычна-абагульненага вобраза свету (пейзажы Пурвіта, К.Убана, нацюрморты і пейзажы Л.Свемпа, вясковыя сцэны К.Міесніека, Г.Эліяса, жанравыя палотны Я.Ліепіньша, партрэты Я.Тылберга, В.Тоне). Працавалі скульпт. К.Зале, К.Земдэга, К.Янсан і інш. Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае (Л.Ліберт, О.Скулме) і дэкар.-прыкладное (А.Цыруліс) мастацтва, графіка (Ліепіньш), надмагільная пластыка (комплекс Брацкіх могілак, 1924—36, скульпт. Зале, арх. А.Бірзеніек і інш.; помнік Я.Райнісу, 1934, скульпт. Земдэга, арх. П.Арэнд; помнік Свабоды, 1935, скульпт. Зале, арх. Э.Ш.Талберг — усе ў Рызе). Фармальнымі эксперыментамі вызначалася дзейнасць «Групы рыжскіх мастакоў» (1919—39). У 1919 у Рызе засн. Вышэйшыя маст. майстэрні (з 1920 Латв.АМ). Для мастацтва Л. 1940—70-х г. характэрны разнастайнасць кампазіцыйных вырашэнняў, лапідарнасць буйных форм, актыўнасць колеру і фактуры ў жывапісе, манументальнасць скульптуры. У стварэнні манум. ансамбляў выкарыстоўваліся традыц. для пластыкі Л. выяўл. магчымасці каменю (Мемар. ансамбль памяці ахвяр фаш. тэрору ў Саласпілсе; скульптары Л.Букоўскі, Я.Зарынь, А.Скарайніс, архітэктары Г.Асарыс, А.Закаменны, О.Остэнберг, І.Страўтманіс). У графіцы пашырыўся лінарыт (Г.Кроліс, Д.Рожкалн), дрэварыт (П.Упітыс). Дэкар.-прыкладное мастацтва характарызуецца спалучэннем нар. традыцый і сучасных маст. форм. Найб. развіваліся кераміка, у т. л. буйных дэкар. форм (насценныя кампазіцыі, садовая кераміка), маст. тэкстыль (габелены Э.Вігнерэ, Р.Хеймрата і інш.), вітраж. Працавалі жывапісцы Э.Калніньш, Дж.Скулме, Э.Ілтнер, М.Табака, Л.Мурніск, скульптары Л.Дзегузе, Зарынь, Скарайніс, В.Алберг, А.Гулбіс, графікі І.Хелмут, П.Упітыс, А.Апініс. Мастацтва Л. 1980—90-х г. прадстаўлена творчасцю І.Зарыня, Скулме, В.Мерца, В.Озала, Б.Вегерэ, А.Юр’яне, А.Аўзіня, І.Гейнрыхсана, Э.Калненіека і інш. У нар. мастацтве пашыраны разьба, абточка і выпальванне па дрэве, кераміка, ткацтва і вязанне, апрацоўка металу, дробная драўляная пластыка. У 1951 засн. Саюз мастакоў Л.
Музыка. Лат.муз. фальклор уключае прац., каляндарныя (найб. пашыраны купальскія — ліга-песні), сямейна-абрадавыя, лірычныя, жартоўныя, карагодныя, танц. песні. Пераважае аднагалоссе, у некат. раёнах захавалася бурдоннае 2- і 3-галоссе. Характэрны песні і танцы ў суправаджэнні бразготак. Сярод нар.муз. інструментаў струнна-шчыпковы кокле (тыпу цытры); смычковыя скрыпка, дыга; духавыя стабуле (флейта), таўрэ (труба з дрэва, бяросты і інш.), ажарагс, дукас. З 13 ст. развіваецца каталіцкая, з 16 ст. пратэстанцкая царк. музыка. Было пашырана хатняе музіцыраванне. У 17—18 ст. існавалі прыдворны аркестр у Елгаве (ставіліся оперныя і балетныя спектаклі), аматарскае т-ва Калегіум музікум, Рыжскае муз.т-ва, Рыжскі ням.т-р (ставіў оперныя і драм. спектаклі). Развіццё лат.прафес. музыкі пачалося ў 19 ст. з адкрыццём настаўніцкіх семінарый у Валміеры (1839), Ірлаве (1841), Валцы (1849). Ствараліся лат. пеўчыя т-вы. У 1873 узнікла традыцыя агульналат. пеўчых свят. Вядучым жанрам прафес. музыкі стала хар. песня (Я.Цымзе, К.Баўманіс, Э.Вігнер і інш.). Вял. ўклад у развіццё музыкі Л. зрабілі заснавальнік лат. кантаты і сімф. музыкі А.Юр’ян і Я.Вітал. У 1912 засн.Лат. опера. У пач. 20 ст. створаны першыя ўзоры нац. класікі: оперная дылогія «Агонь і ноч» Яніса Медыньша (1919), опера «Банюта» (1919), кантата «Судны дзень» (1917), сімф., вак., хар. творы А.Калніньша. У 1919 засн.Латв. кансерваторыя. Сярод лепшых опер 1920—30-х г. «Багі і людзі», «Спрыдытыс» Яніса Медыньша, «Вайдэлотэ» («Жрыца») Язэпа Медыньша, «Цудоўная птушка Лаліты», «Гамлет», «У агні» Я.Калніньша. Развівалася сімф. і камерная музыка (Вітал, Яніс і Язэп Медыньшы, А.Абеле, Я.Калніньш, В.Дарзіньш, П.Барысан, Я.Іваноў, А.Скултэ). З канца 1940-х г. рэгулярна праводзяцца Лат. пеўчыя святы. Створаны новыя прафес.муз. арг-цыі і калектывы, канцэртныя залы, у т. л. ў Домскім саборы ў Рызе. Сярод вядучых майстроў лат. музыкі кампазітары Іваноў, Скултэ, М.Зарыньш, А.Жылінскіс, Л.Гарута, Я.Кепітыс, І.Калніньш (оперы «Іграў я, скакаў», «Іфігенія ў Аўлідзе», араторыі, 5 сімфоній), П.Дамбіс (араторыі), Р.Калсан (5 сімфоній, канцэрты для інстр. з аркестрам), Е.Медыньш, П.Васк, Г.Раман, А.Грынуп, П.Плакідыс, Алдоніс, Калніньш, В.Камінскіс, Р.Ермак; у галіне эстр. музыкі працуе Р.Паулс. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Р.Глазуп, А.Янсанс, Э.Тонс, Л.Вігнер, В.Сінайскі, Г.Ардэлоўскіс, харавыя — І.Кокар, Р.Ванаг, Т.Калніньш, Е.Медыньш, Я.Озаліньш, Д.Гайліс, А.Дэркевіца, Я.Думіньш, Х.Медніс, Э.Рачэўскіс; І.Цэпітыс; спевакі М.Вігнерэ-Грынберга, Р.Берзіньш, А.Кактыньш, М.Брэхмане-Штэнгеле, А.Вілюманіс, К.Зарыньш, Ж.Гейнэ-Вагнерэ, А.Фрынберг, Э.Пакуль, А.Дашкоў, Р.Фрынберга; піяністы І.Граўбіня, Г.Браўн; арганісты М.Ванадзіньш, П.Сілалніек. У Л. працуюць: Нацыянальная опера Латвіі, Рыжскі т-р аперэты (з 1945), філармонія (з 1941, у яе складзе Дзярж.акад. хор і камерны аркестр, з 1967), Дзярж.акад.сімф. аркестр Латв. радыё (з 1926), хор тэлебачання і радыё (з 1940), Дзярж. ансамбль танца «Дайле», Эстр.сімф. аркестр Дзяржтэлерадыёкампаніі (з 1966), фалькл. ансамблі «Ліўліст» (з 1971), «Скандыніекі» (з 1976). Дзейнічаюць Латв. кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы, дзіцячыя муз. школы.
Высока развіта самадз.хар. культура. У 1944 створаны Саюз кампазітараў Л. У 1987 у Л. праведзены Дні камернай музыкі Беларусі.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў нар. гульнях, абрадах. У 1205 у Рызе адбылося першае тэатр. прадстаўленне ням. місіянераў на сюжэт са Старога запавету. У сярэдневякоўі былі пашыраны містэрыі, школьныя драмы на ням. і лац. мовах. З 1742 у Рызе выступала пастаянная ням. трупа, у 1782 пабудаваны спец.тэатр. будынак. Першы спектакль на лат. мове пастаўлены ў 1868 («П’яніца Бергуліс» паводле А.Стэндэра). У 1870 А.Алунан заснаваў аматарскі Рыжскі лат.т-р (з 1880-х г. прафесійны). У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. і аматарскія т-ры ў Рызе, Ліепаі, Елгаве, дзе ставіліся п’есы Алунана, Р.Блаўмана, А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Пушкіна, Г.Лесінга, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і інш. Сярод прафес. акцёраў: Д.Акментыня, Е.Дубур, А.Міерлаўк, П.Озаліньш, Б.Румніецэ, Ю.Скайдрытэ, А.Фрэйманіс, Р.Янсан і інш. У 1902—05 дзейнічаў Новы лат.т-р, у 1908 засн. Новы рыжскі т-р, у якіх ставіліся п’есы Я.Райніса, А.Упіта, Г.Гаўптмана, Г.Ібсена, Л.Талстога, Г.Хеермана. Развіваліся нац. рэжысура (Т.Амтманіс, Міерлаўк), акцёрскае мастацтва (А.Амтман-Брыедыт, Т.Банга, Г.Жыбалт, Б.Скуеніецэ, Э.Смільгіс, М.Шмітхене). У час 1-й сусв. вайны большасць рэжысёраў і акцёраў эмігрыравала з акупіраванай Л.; лат. т-ры дзейнічалі ў Маскве, Петраградзе, Таліне, Харкаве. У 1919 у Рызе пад кіраўніцтвам Упіта створаны Рабочы т-рСав. Л. (пазней Нац.т-р, з 1971 Латвійскі т-р драмы імя Упіта), у 1920 — Маст.т-р імя Райніса. У тэатр. мастацтве 1920—30-х г. развіваліся рэаліст. і мадэрнісцкія кірункі. Вял. ўклад у развіццё т-ра Л. зрабілі Амтман-Брыедыт, А.Клінт, Т.Лаціс, Міерлаўк, Я.Осіс, Смільгіс, Э.Фельдманіс, Л.Шпільберг і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырылі сваю дзейнасць т-ры ў Ліепаі, Валміеры. Ставіліся лат., рус., сусв. класіка, п’есы А.Грыгуліса, В.Лаціса, Х.Гулбіса, Ю.Палевіча і інш. У развіццё т-ра Л. вял. ўклад зрабілі В.Артмане, Э.Баруне, Л.Баўмане, Л.Берзінь, Э.Зіле, Ж.Катлапс, В.Ліне, П.Луціс, Э.Радзіня, К.Себрыс, Л.Фрэймане, Ц.Херцберг, А.Яўнушан і інш.
У 1920—30-я г. ў Рызе, Даўгаўпілсе і інш. гарадах Л. дзейнічалі бел.тэатр. калектывы. У 1927 арганізавана Т-вабел.т-ра ў Л. У 1928 адкрыліся Рыжскі і Дзвінскі (Даўгаўпілскі) бел.нар. т-ры. Ставіліся п’есы Я.Купалы, У.Галубка, М.Чарота, Л.Родзевіча. У т-рах пастаўлены бел. п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Злавацца не трэба» Зуба, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Не верце цішыні» І.Шамякіна, «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава.
Кіно. Кінавытворчасць у Л. пачалася каля 1910: хранікальныя, дакумент., відавыя фільмы (рэпартажы аператара Э.Тысэ пра г. Ліепая, і інш.). Першы ігравы фільм — «Дзе праўда?» (1913). У 1920—30-я г. здымаліся пераважна камерцыйныя фільмы. Лепшая стужка гэтага перыяду — «Сын рыбака» паводле рамана В.Лаціса (1939, рэж. В.Лапеніек). У 1940 у Рызе створаны студыі маст. і дакумент. фільмаў (у 1948 аб’яднаны ў Рыжскую кінастудыю). Пасля 2-й сусв. вайны развіццё лат. кіно было звязана з дзейнасцю ленінградскіх і маскоўскіх рэжысёраў і аператараў. У канцы 1940 — пач. 1960-х г. экранізаваліся творы Лаціса «Перамога» («Вяртанне з перамогай», 1948, рэж. А.Іваноў), «Да новага берага» (1955, рэж. Л.Лукаў), «Сын рыбака» (1957, рэж. В.Круміньш), «Бура» («На парозе буры», 1961, рэж. Круміньш, Р.Калніньш), створаны гіст.-біягр. фільм «Райніс» (1949, рэж. Ю.Райзман), рамант. драма «Меч і ружа» (1960, рэж. Л.Лейманіс), фільмы ваен. тэматыкі («Рыта», 1958, рэж. А.Нерэтніецэ, і інш.). З 1960-х г. фільмы сталі больш разнастайнымі паводле тэматыкі і жанраў. Імкненнем асэнсаваць сваю гісторыю, яе драм. моманты праз лёсы канкрэтных людзей вызначаюцца стужкі «Я ўсё памятаю, Рычард!» (1967, рэж. Калніньш), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1968, рэж. А.Брэнч), «Змова паслоў» (1966, рэж. М.Розанцаў). У 1966 на Рыжскай кінастудыі створана група лялечных фільмаў. У 1970—80-я г. фільмы надзённай тэматыкі стваралі Я.Стрэйч («Мой сябра чалавек несур’ёзны», 1976; «Лімузін колеру белай ночы», 1981), Дз.Рытэнберг («Гэтыя небяспечныя дзверы на балкон», 1977), Г.Цылінскіс і В.Брасла («Саната над возерам», 1976) і інш. Экранізавалася нац. класіка («У ценю смерці» паводле Р.Блаўмана, 1971, «Вей, ветрык» паводле Я.Райніса, 1974, абодва рэж. Г.Піесіс); здымаліся прыгодніцкія стужкі («Слугі д’ябла», 1970, рэж. А.Лейманіс), дэтэктывы («Быць лішнім», 1977, рэж. Брэнч); пашырыўся выпуск тэлефільмаў («Майстра», 1976, рэж. Стрэйч; «Смерць пад ветразем», 1977, рэж. Нерэтніецэ). У 1981 зняты першы шматсерыйны тэлефільм «Доўгая дарога ў дзюнах» (рэж. Брэнч). Высокім майстэрствам вызначаліся дакумент. фільмы «Валміерскія дзяўчаты» (1970, рэж. І.Селецкіс), «След душы» (1972), «Забароненая зона» (1975, абодва рэж. Г.Франк), «Жанчына, якую чакаюць» (1978), «Пашырэнне свету» (1980, абодва рэж. Селецкіс), «Вышэйшы суд» (рэж. Франк), «Ці лёгка быць маладым» (рэж. Ю.Подніек) і інш. Сярод дзеячаў лат. кіно: рэжысёры Круміньш, О.Дункер, акцёры В.Артмане, Х.Ліепіньш, К.Себрыс, Э.Павулс, М.Мартынсоне, Г.Якаўлеў, А.Кайрыша, Л.Озаліня і інш.
Беларусы ў Латвіі. Продкі беларусаў (палачане) кантактавалі з продкамі латышоў з 8—9 ст. Яны гандлявалі ўздоўж Зах. Дзвіны (Даўгавы) на шляху «з варагаў у грэкі», збіралі даніну з ліваў і інш.стараж.-лат. плямён (гэтыя падзеі апісаны ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага), сяліліся ў Падзвінні, мелі тут свае фарпосты (Герцыке, Кукенойс). Буйным цэнтрам гандлю была Рыга, што засведчана яе дагаворам з Полацкам 1210 і інш. пагадненнямі. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы пабудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 вядома царква св. Мікалая ў Рызе, з 16 ст. — слабада бел. плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 мела магдэбургскае права). Некалькі правасл.бел. цэркваў узніклі ў Л. ў 18—19 ст. Перасяленню беларусаў у Л. (частка іх асела ў партовых гарадах) садзейнічала адмена прыгоннага права ў 1861. З Л. паходзілі, тут вучыліся або працавалі ў 19 — пач. 20 ст.бел. грамадскія і культ. дзеячы, пісьменнікі, мастакі, у т. л. Х.Ц.Буйніцкі, В.Б.Вальтар, Н.Б.Ватацы, К.Б.Езавітаў, К.Каганец, У.М.Кудрэвіч, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Я.Маўр. Паводле перапісу 1897, у Л. жылі 79523 беларусы. У Рызе Ластоўскі, Э.Будзька і інш. чыталі лекцыі на бел. мове для бел.нац. інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад рабочымі з Беларусі. У 1920 у Рызе знаходзіўся ўрад БНР на чале з Ластоўскім, у 1920—21 — Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі (кіраўнік Езавітаў, консул У.В.Пігулеўскі), якая мела ўласнае выдавецтва. У 1920—30-я г. ў Л. дзейнічалі культ.-асв. т-ры «Бацькаўшчына» і «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія, Дзвінская (Даўгаўпілская) бел.дзярж. гімназія, Бел. выдавецтва і інш.бел. арг-цыі і ўстановы. Бел. дыяспару ў Л. падтрымліваў лат. паэт і дэпутат сейма Я.Райніс. У час ням.-фаш. акупацыі Л. (1941—44) працавалі бел.пач. школы ў Дзвінскім, Люцынскім і Рэжыцкім паветах, 3 шасцікласныя бел. школы ў Рызе, гімназія ў Індры; у Рызе выдаваўся час.«Новы шлях». Пасля 1945 адбылася апошняя хваля перасялення беларусаў у Л., колькасць якіх у краіне павялічылася з 61,9 тыс. ў 1959 да амаль 120 тыс.чал. у 1989. Найб. кампактна беларусы жывуць у Рызе (у 1995 каля 70 тыс.чал.) і Даўгаўпілсе (больш за 10 тыс.чал.). У 1990 у Л. святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Ф.Скарыны. У Рызе дзейнічаюць Латв.т-вабел. культуры «Сьвітанак» (з 1988), Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (з 1991), бел. сярэдняя школа; абедзве арг-цыі і школу ўзначальвае мастак В.Целеш, у Даўгаўпілсе — бел.культ.-асв. аб’яднанне «Уздым» (з 1993), бел. нядзельная школа, т-ва культуры «Латвія—Беларусь» (з 1996) і інш. У Даўгаўпілсе і Рызе з 1996 ёсць таксама суполкі Міжнар. фонду Я.Купалы.
Літ.:
Витолс Д., Янкевиц Я. Экономическая и социальная география Латвийской Республики: Пер. с латыш. Рига, 1994;
От Лифляндии — к Латвии. Прибалтика русскими глазами. Т. 1. М., 1993;
Очерки экономической истории Латвии, 1860—1900. Рига, 1972;
Латвия на грани эпох. Рига, 1990;
Штейнберг В.А. Латвия во внешнеполитическом противоборстве Советской России и держав Запада, 1917—1920. Рига, 1979;
Крупников П.Я. Полвека истории Латвии глазами немцев (конец XIX в. — 1945 г.). Рига, 1989;
История Латвийской ССР. 2 изд. Рига, 1971;
Тугай У.В., Галавач А.В. Дзе песні 3 Даўгавы гучалі. Мн., 1992;
История латышской литературы. Т. 1—2. Рига, 1971;
Архитектура Советской Латвии. М., 1973;
Kolbergs A. Rigas grāmamd: Rigas vesture vecplisēta. Rīga, 1998;
Циелава С. Искусство Латвии. Л., 1979;
Latviešu padomju gleznieiba. Riga, 1985;
Starptautiska Mākslas Asociācija. Rīga, 1996;
Витолинь Я. Латышская народная песня. М., 1969;
Вериня С.Ф. Музыкальный театр Латвии и зарождение латышской национальной оперы. Л., 1973;
Грюнфельд Н.Э. История латышской музыки. М., 1978;
Бриеде-Булавинова В.В. Оперное творчество латышских композиторов. Л., 1979;
Герб і сцяг Латвіі.Да арт.Латвія. Краявід на Відземскім узвышшы.Да арт.Латвія. На ўзбярэжжы Рыжскага заліва.Да арт.Латвія. Вулачка ў г. Вентспілс.Да арт.Латвія. Рыга ў сярэдзіне 17 ст.Да арт.Латвія. Помнік латышскім стралкам у Рызе.Да арт.Латвія. Вежа-данжон Турайдскага замка ў Сігулдзе. Пач. 13 ст.Да арт.Латвія. Скульптура ў інтэр’еры Домскага сабора.Да арт.Латвія. Акадэмія Петрына ў Елгаве. 1773—75.Да арт. Латвія. Домскі сабор у Рызе. 13 ст.Да арт.Латвія. Замак у Цэсісе. 13—16 ст.Да арт.Латвія. Лютэранская царква ў Алуксне. 1781—88.Да арт.Латвія. В.Пурвіт. Сакавіцкі вечар (Зімовы пейзаж). Каля 1901.Да арт.Латвія. Дж.Скулме. Хлеб на дарогу. 1967.Да арт.Латвія. Помнік Свабоды ў Рызе. 1935.Да арт.Латвія. П.Упітыс. Дубы каля Гаўі. З серыі «Гаўя». 1956—57.Да арт.Латвія. К.Зале. Джузэпе Гарыбальдзі. 1918.Да арт.Латвія. Э.Вігнерэ. Святочны салют. Габелен. 1975.