радзі́на, ‑ы, ж.

Разм. Радня, сям’я. Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзіны. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Ро́дзінкі, ро́дінкі ’імяніны’ (лун., Шатал.). Да радзі́ны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗВЫ́ЧАЙ,

гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.

Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1981). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.​А.​Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.​Я.​Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.​С.​Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.​В.​Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хрысці́ны, ‑цін; адз. няма.

Хрысціянскі і абрад хрышчэння, а таксама пачастунак пасля хрышчэння. Там [у кадубку] два пярсцёнкі, крыжык медны, здабыты сыну ў час хрысцін. Колас. [Брыгадзір:] — Скупы і строгі быў наш поп Васіль.. Беднякоў як ліпку абдзіраў: то за радзіны, то за хрысціны, то за хаўтуры — за ўсё лупіў, як хацеў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Імяні́ны. Рус. имени́ны, укр. імени́ны, польск. imieniny, в.-луж. mjeniny, чэш. jmeniny, славац. meniny. Ст.-рус. именины зафіксавана ў летапісе пад 1097 г. (спіс XV ст.). Ад асновы jьmen‑ (гл. імя) з суфіксам ‑iny, які ўтварае назоўнікі pluralia tantum са значэннем абрадаў, урачыстасці; параўн. радзіны, адведзіны, хрысціны, зімовіны, праводзіны і да т п. Гл. Шанскі, 2, I, 53; Слаўскі, 1, 454.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Cui nasci contigit, mori restat

Каму давялося нарадзіцца, таму давядзецца і памерці.

Кому пришлось родиться, тому доведётся умереть.

бел. Як ні круці, а прыйдзецца памярці. Хто нарадзіўся, той і паміраць мусіць. Бог даў. Бог узяў. Раз жыць, раз і паміраць. Смерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Не памрэ толькі той, хто не нарадзіўся.

рус. Сколько ни ликовать, а смерти не миновать. Двум смертям не бывать, а одной не миновать. Сколько ни жить, а смерти не отбыть.

фр. On ne meurt qu’une fois (Умирают лишь раз).

англ. Death when it comes will have no denial (Смерть не принимает отказа).

нем. Der Tod hat noch keinen vergessen (Смерть ещё не забывала никого).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).

Г.​Ф.​Вештарт.

Да арт. Абрадавае печыва. Вясельны каравай.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,

жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.

Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн. ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.

Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;

Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.

М.​Я.​Грынблат, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Траці́ны 1 ‘пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны 2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)