БІ́РЫЧ Тамара Андрэеўна

(н. 5.4.1939, Мінск),

бел. афтальмолаг. Д-р мед. н., праф. (1988). Дачка Т.В.Бірыч. Скончыла Мінскі мед. ін-т (1962). З 1975 працуе ў ім. Навук. працы па камп’ютэрных метадах дыягностыкі і даследаванняў у афтальмалогіі з выкарыстаннем флюарэсцэнтнай ангіяграфіі, вывучэнні ўздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку, укараненні новых тэхналогій хірург. лячэння глаўком, катарактаў, адслаення сятчаткі. Распрацавала і ўкараніла рэканструкцыйныя аперацыі на вочным яблыку (у т. л. перасадку рагавіцы), імплантацыю штучных хрусталікаў пасля выдалення катарактаў, лазерныя метады лячэння хвароб вачэй.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́РЫ,

найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго ад мех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЫГМАТЫ́ЗМ

(ад а... + грэч. stigmē пункт),

1) у оптыцы — адна з геаметрычных аберацый аптычных сістэм, пры якой відарысы прадметаў размываюцца; вынік асіметрыі аптычнай сістэмы або падзення пучка святла пад вял. вуглом да гал. аптычнай восі. Пры астыгматызме пучок прамянёў, што выходзіць са святлівага пункта, пасля праходжання праз аптычную сістэму збіраецца на 2 узаемна перпендыкулярныя адрэзкі прамой, якія размешчаны на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Прамежкавыя відарысы пункта маюць выгляд эліпсаў. У складаных аб’ектывах астыгматызм выпраўляецца падборам лінзаў.

2) Астыгматызм вока — недахоп зроку, абумоўлены нераўнамернасцю крывізны рагавіцы, радзей хрусталіка. Пры астыгматызме прамяні не збіраюцца ў асобную кропку на сеткавай абалонцы вока, а адлюстроўваюцца ў выглядзе кружка, авала ці лініі. Прыроджаны астыгматызм вока амаль не змяняецца на працягу жыцця; бывае спадчынны. Набыты астыгматызм узнікае пасля аперацый на вочным яблыку, запаленняў, траўмаў і інш. Пры астыгматызме карыстаюцца акулярамі з цыліндрычнымі лінзамі.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́КА,

орган зроку ў чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі). У чалавека і пазваночных складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат). Сценка вочнага яблыка мае 3 абалонкі: склеру, якая ў пярэдняй частцы празрыстая (рагавіца), сярэднюю (складаецца з радужнай абалонкі, або радужкі, раснічнага цела і ўласна сасудзістай абалонкі) і сятчаткі. Жоўтая пляма, што знаходзіцца ў цэнтры сятчаткі, забяспечвае дыферэнцыраваны каляровы зрок, перыферыя сятчаткі — чорна-белы. Збоку ад жоўтай плямы выхад зрокавага нерва ўтварае сляпую пляму, дзе няма фотарэцэптараў. Поласць вока запоўнена святлопраламляльнымі асяроддзямі: хрусталікам, шклопадобным целам, унутрывочнай вадкасцю. Праз адтуліну ў радужнай абалонцы (зрэнку) прамяні святла ўваходзяць у вока і, праламляючыся на паверхні вочнага яблыка, у рагавіцы, хрусталіку і шклопадобным целе, сыходзяцца на сятчатцы, утвараючы на ёй адлюстраванне бачнага прадмета. Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя.

А.С.Леанцюк.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ , агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл. Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл. Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.

Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.

М.З.Ягоўдзік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФТАЛЬМАЛО́ГІЯ

(ад грэч. ophthalmos вока + ...логія),

галіна медыцыны, якая вывучае анатомію і фізіялогію органа зроку, хваробы вачэй, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Першыя звесткі пра хваробы вачэй ёсць у стараж.-егіп. пісьмовых помніках, у працах Гіпакрата, індыйскіх і кітайскіх медыкаў. Як самаст. навука афтальмалогія пачала фарміравацца ў 17 ст. з развіццём оптыкі. Яе развіццю спрыяла вынаходства ням. вучоным Г.Гельмгольцам вочнага люстэрка (афтальмаскопа, 1851). Да сярэдзіны 19 ст. належаць і даследаванні ў галіне фізіял. оптыкі, стварэнне вучэнняў пра рэфракцыю і акамадацыю вока. У Расіі першая кафедра вочных хвароб заснавана ў 1818, вочныя лячэбніцы ў Пецярбургу і Маскве — у 1824—26. Уклад у афтальмалогію зрабілі рас. вучоныя А.У.Іваноў, А.А.Крукаў, А.М.Маклакоў, Л.Г.Белярмінаў, М.І.Авербах, В.П.Адзінцоў, У.П.Філатаў (першы ў свеце распрацаваў хірург. метад перасадкі рагавіцы). У наш час у практыку ўвайшлі лазерная хірургія, вочныя аперацыі пад мікраскопам (укаранёны М.Л.Красновым, А.П.Несцеравым і інш., распрацоўваюцца ў Міжгаліновым навук.-тэхн. комплексе «Мікрахірургія вока» пад кіраўніцтвам С.М.Фёдарава). Сярод работ замежных афтальмолагаў найбольш вядомы працы па пытаннях патагенезу, клініцы і лячэнні глаўкомы (С.Дзьюк-Элдэр, Вялікабрытанія; Б.Бекер, ЗША; Р.Эцьен, Францыя), праблемах захворванняў сятчаткі вока (М.Газ, ЗША), выкарыстанні крыяхірургіі ў афтальмалогіі (Т.Крвавіч, Польшча).

На Беларусі даследаванні па афтальмалогіі пачаліся з 2-й пал. 19 ст. Сучасны этап развіцця афтальмалогіі звязаны з працамі Т.В.Бірыч і яе вучняў: Т.А.Бірыч, Г.Р.Васільева, Д.В.Кантар і інш. (распрацоўкі ў галіне крыяхірургіі вочных захворванняў, глаўкомы, апёкаў вачэй і інш.). Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ экспертызы працы інвалідаў, на кафедрах вочных хвароб мед. ін-таў. Распрацоўваюцца пытанні лячэння і прафілактыкі траўмаў органа зроку, дыягностыкі і лячэння вочных хвароб (М.С.Завадская, М.М.Залатарова, А.У.Васілевіч, І.І.Катлярова, К.І.Клюцавая, І.В.Морхат, У.Т.Парамей, К.І.Чвялёва, Л.К.Яхніцкая). Асн. сучасныя кірункі даследаванняў: распрацоўка і ўкараненне мікрахірург. тэхнікі лячэння хвароб і траўмаў органа зроку, лазерная хірургія, дыягностыка і лячэнне вірусных захворванняў вачэй, пытанні прафілактыкі і лячэння блізарукасці, уздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку.

Літ: Бирич Т.В. Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984; Золотарева М.М. Избранные разделы клинической офтальмологии. Мн., 1973; Клюцевая Е.И. Хирургическое лечение прогрессирующей близорукости. Мн., 1984.

Л.К.Яхніцкая.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)