Со́ваць ‘перамяшчаць, ставіць, устаўляць’, безасабова таксама пра рэзкі боль (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ‘піхаць, утыкаць, утыркаць’ (Некр. і Байк.), сува́ць ‘тс’ (Нас., Ласт.), со́вацца ‘ўсоўвацца’, ‘хадзіць з месца на месца’ (ТСБМ), ‘павольна рухацца’ (Сл. ПЗБ), со́вацца, со́ўвацца ‘соўгацца’ (ТС), сува́цца ‘хістацца, піхацца’ (Нас., Ласт.). Укр. сова́ти, рус. сова́ть, стараж.-рус. совати ‘кідаць кап’ё’, польск. suwać, в.-луж. suwać, н.-луж. suwaś, ст.-чэш. sovati, славац. zasúvať ‘засоўваць, перасоўваць’, серб. дыял. со́вам се, су́вам се ‘працягваць руку за чым-небудзь’, славен. sováti, балг. со́вам, ст.-слав. совати ‘кідаць’. Прасл. *sovati роднаснае літ. šáuti ‘соваць; саджаць (хлеб у печ)’, ‘страляць’, лат. šaũt ‘страляць; хутка соваць; штурхаць’, далей гоц. skewjan ‘ісці’, алб. heth ‘кідаю; вею зерне’, ст.-в.-ням. scioʒan, ст.-ісл. skjóta ‘страляць, рухаць, штурхаць’; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. suvati ‘прыводзіць у рух’, хец. šuu̯āi‑ ‘штурхаць, рухаць’. Гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 4, 9–10; Фасмер, 3, 705; Махэк₂, 592–593; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Борысь (588) форму *sovati лічыць другаснай ад *suti, *sovǫ па аналогіі з *davati ‘даваць’; і.-е. корань *(s)keu̯‑ ‘кідаць, пасоўваць, ціснуць’. Гл. таксама сунуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піха́ць, піхану́ць, піха́цца ’пхаць, штурхаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Мік., Шат., Касп.; докш., баран., беласт., Сл. ПЗБ; аг.-бел., ЛА, 2), ’запіхваць’, ’малаціць пшаніцу’ (Нас.), пі́хаць ’даваць’ (Юрч. Вытв.), піхену́ць ’піхнуць’ (ТС), піха́ць ’есці прагна, груба і многа’ (Нар. лекс.), піхані́на ’штурханіна’ (міёр., Нар. словатв.), піхну́ць ’раптам папхнуць’. Укр. пиха́ти, пхати, рус. пиха́ть, пхать, ст.-рус. пихати, пьхати, польск. pichać, pchąć, чэш. pcháti, pchnouti, славац. pchať, pichať ’тс’, славен. peháti ’тс’, pháti ’таўчы, абдзіраць зерне’, харв. чак. ophati ’таўчы ячмень’, балг. пъ́хам ’соваю, тыцкаю’, ст.-слав. пьхати ’таўчы’. Праз чаргаванне ў аснове звязана з чэш. pěchovati ’трамбаваць’, а таксама з пест, пшано, пшаніца. Прасл. *pixati, *pьxati. Да і.-е. *pis‑, *pei̯s‑ ’таўчы, таптаць’: літ. pìsitі ’fuluere’, paisýti ’абдзіраць ячмень, малоцячы яго цапамі’, piestà ’таўкач’, лат. pàisît ’церці лён’, ст.-грэч. πτίσσω ’б’ючы, таўкучы, мелючы, ачышчаць, абдзіраць зерне ад абалонкі, шалупіння’, πτίσισ ’шалупінне’, πτισάνη ’ячныя крупы’, πτίσμα ’шатраванае зерне’, ст.-інд. pináṣṭi ’таўчы, драбіць’, piṣṭa ’змолаты’, ’мука’, перс. pist ’тс’, лац. pīnsō, ‑ere ’стаптаць, стаўчы’, с.-н.-ням. fesa ’вотруб’е’, vîsel ’ступа’ (Міклашыч, 270; Праабражэнскі, 2, 50; Траўтман, 220; Фасмер, 3, 269–270; Мюленбах-Эндзелін, 3, 34; Вальдэ-Гофман, 2, 307; Аткупшчыкоў, Из истории, 230; Бязлай, 3, 33; Борысь, Czak. stud., 100–102). Гл. таксама пхаць. Сюды ж піхма піхаць ’узмоцнена піхаць’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́заць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘біць, калаціць, трэсці’, ‘рваць (пра вецер)’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’, ‘рытмічна торгаць (пра боль)’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Шат., Яруш., Чач., Др.-Падб., Сержп. Прымхі, Скарбы₂, Сл. Брэс.), ‘мучыць, мардаваць’ (Ласт.), ‘ванітаваць, нудзіць’ (ТСБМ; лаг., Гіл.; пух., навагр., Сл. ПЗБ); ‘выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам’ (в.-дзв., Шатал.), ту́заты ‘расцягваць (воўну)’ (пін., Сл. Брэс.), ‘торгаць’ (Клім.), ‘торгаць, балець (пра рану, зуб)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тузну́ты, тузыну́ты ‘таргануць, тузануць’ (драг, Нар. лекс.), ту́знуць ‘тузануць’ (ТС), тузну́ць ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тузяну́ць ‘торгаць, асабліва пры бойцы’ (Шат.), ту́зацца ‘рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі’, ‘уздрыгваць’, ‘штурхаць адзін аднаго, піхацца, біцца, змагацца’, ‘дужацца’, ‘важдацца з кім-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Чач., Касп., Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), ‘вырывацца’ (Варл.), туза́ць ‘мардаваць, лаяць’ (Нас.), туза́тыся ‘штурхацца’ (кам., ЛА, 2); сюды ж туза́ла, туза́н ‘удзельнік бойкі’ (Байк. і Некр.), ту́занне, тузаніна ‘валтузня, важданне’ (там жа), ‘клопат, неспакой’ (Варл.). Укр. ту́зати, туза́ти ‘штурхаць, біць’, ту́затися, тузи́ти ‘бароцца, спрачацца’, ‘штурхацца’, туса́ти ‘штурхаць, таўчы’, рус. тузи́ть ‘біць кулакамі’, н.-луж. tuskaś ‘штурхаць’, tusnuś, tłusnuś ‘тс’, ‘трэсці’, ‘ціснуць, мяць’, польск. tuzać, tuzować ‘біць’, ‘лаяць’, ‘разбіваць (ворага)’. Дапускаюць паходжанне лексемы з туз1 — ‘біць казырным тузом, хадзіць з козыра’ (Фасмер, 4, 115; Брукнер, 585). Больш імаверна імітатыўнае паходжанне (Арол, 4, 114), параўн. тузгаць, турзаць (гл.), літ. tūzgénti ‘грукаць, лопаць з глухім гулам’. Сюды ж экспр. тузо́къць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузь — пра шморганне (мсцісл., Нар. лекс.), тузе́ль ‘цоп’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)