АЗІ́НЫ,

1) шасцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, у цыкле якіх ёсць хоць бы адзін атам азоту. Могуць уключаць інш. гетэраатамы ці быць кандэнсаванымі з інш. цыкламі. Адрозніваюць монаазіны (з адным атамам азоту, напр., пірыдзін, хіналін), дыазіны (з двума атамамі азоту; пірымідзін), трыязіны — цыянуравая кіслата. Азіны — злучэнні з араматычнымі ўласцівасцямі, утвараюць солі з кіслотамі. Вытворныя азіны уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, вітамінаў групы B, фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца як тэрапеўт., псіхатропныя сродкі (аміназін, люмінал, сульфадымезін і інш.).

2) Вытворныя гідразіну агульнай формулы RR​1C=N—N=CR​1R.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.

У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш. Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл. Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл. арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).

Араматычныя злучэнні: 1 — бензол; 2 — талуол; 3 — стырол; 4 — нафталін; 5 — антрацэн.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)