Публій Авідзій Назон (20.3.43 да н.э., г. Сульмона, недалёка ад Рыма — каля 18 н.э.), рымскі паэт. Раннія творы: зб-кі «Любоўныя элегіі», «Гераіні», жартоўна-парадыйныя паэмы «Майстэрства кахання», «Сродкі ад кахання». У паэме «Фасты» (незавершаная) тлумачыў паходжанне рымскіх святаў і абрадаў. Найб. вядомы твор «Метамарфозы» — маст. апрацоўка грэка-рымскіх міфаў пра пераўвасабленні людзей і багоў у жывёл, сузор’і і інш. — складаецца з асобных вершаваных навел. У 8 н.э. сасланы Аўгустам у г. Томы (цяпер Канстанца ў Румыніі), дзе напісаў поўныя тугі па радзіме «Сумныя элегіі» і «Пісьмы з Понта». Творчасць Авідзія значна паўплывала на развіццё зах.-еўрап. л-ры. Дзве навелы з «Метамарфозаў» на бел. мову пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Элегии и малые поэмы. М., 1973;
Любовные элегии. Метаморфозы. Скорбные элегии. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат
[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],
старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),
рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл.Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. СПб., 1994.
Літ.:
Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.