БЫЧО́К-ПЯСО́ЧНІК (Neogobius fluviatilis) рыба сям. бычковых атр. акунепадобных. Пашыраны ў рэках бас. Чорнага і Азоўскага мораў. У Каспійскім м. жыве блізкі падвід. На Беларусі ёсць у Дняпры, Сажы, Прыпяці, Бярэзіне. Трымаецца пясчаных перакатаў з умераным цячэннем.
Даўж. да 20 см, маса каля 50 г. Цела буравата- або жаўтавата-шэрае з 8—12 бурымі плямамі ўздоўж бакоў. Брушныя плаўнікі ўтвараюць круглы прысосак. У перыяд нерасту самцы чорныя. Корміцца доннымі арганізмамі. Аб’ект промыслу.
т. 3, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКІ́
(Jobiidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Больш за 200 родаў, каля 600 відаў пераважна ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Донныя, прыбярэжна-марскія, саленаватаводныя і прэснаводныя рыбы. Найб. вядомыя бычкі: каліфарнійскі сінепалосы, кругляк, бланкет, каспійская пугалаўка, мартавік, японскі дзявочы, травянік і інш. На Беларусі 1 від — бычок-пясочнік.
Даўж. 7,5 мм — 90 см. Брушныя плаўнікі зрослыя, утвараюць круглы прысосак, што дазваляе рыбам утрымлівацца пры моцных рухах вады. Нерастуюць вясной, ікру адкладваюць у гнёзды, якія падрыхтоўваюць самцы. Большасць бычкоў кормяцца доннымі беспазваночнымі, ёсць драпежныя і планктонаедныя віды. Некат. бычкі (кругляк, пясочнік, шырман і інш.) маюць прамысл. значэнне.
т. 3, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)