падклас вымерлых панцырных рыб кл. пласцінаскурых. Вядомы з сярэдняга і позняга дэвону ўсіх мацерыкоў. 2 атрады. Жылі ў прэсных і саленаватых вадаёмах. Тыповыя прадстаўнікі антыархаў — батрыялепісы (Bothriolepis). На Беларусі рэшткі антыархаў выяўлены ў Аршанскай і Прыпяцкай упадзінах у пясчана-гліністых і глініста-карбанатных пародах сярэдняга дэвону.
Даўж. да 1 м. Адрозніваюцца ад прадстаўнікоў падкл. артрадыраў размяшчэннем пласцінак панцыра. Частка тулава, галавы і грудных плаўнікоў укрыта касцявым панцырам, хваставая — луской. Збліжаныя вочы размяшчаліся ў агульнай арбіце на спінным баку галаўнога панцыра. Сківіцы слабыя, у выглядзе 2 пар тонкіх пласцінак, 1—2 спінныя плаўнікі, хваставы — гетэрацэркальны. Прыродныя бентафагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),
мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШКІН (Пётр Іванавіч) (14.8.1888, в. Малая Князеўка Калінінскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 3.4.1960),
удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Бакінскае мараходнае вучылішча (1908). З 1909 на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. У 1-ю сусв. вайну на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. Удзельнік лядовага паходу Балт. флоту (1918) з Гельсінгфорса ў Кранштат. З вясны 1919 на Зах. фронце. У жн.—вер. 1919 нач.Прыпяцкай ваеннай флатыліі, удзельнік баёў за Тураў, Давыд-Гарадок, Петрыкаў. З кастр. 1919 у Дняпроўскай ваеннай флатыліі (Гомель). Пасля грамадз. вайны на Чарнаморскім флоце. У 1930—47 на адм. рабоце ў гандл. флоце СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Васілевіч) (9.10.1898, г. Лунінец Брэсцкай вобл. — 21.10.1976),
Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1954). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1919—20. З 1932 на выкладчыцкай рабоце, з 1938 нам.нач. штаба БВА. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Бранскім, 1-м, 2-м і 3-м Укр. франтах: нач. штаба арміі, камандзір корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, Варонежска-Касторненскай, Сеўска-Арлоўскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Балатонскай і Венскай аперацый. Стралк. корпус на чале з ген.-лейт. П. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на тэр. Румыніі. Да 1960 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́НЬ,
рака на З Украіны і ў Брэсцкай вобл. Беларусі, правы прыток Прыпяці. Даўж. 695 км (у межах Беларусі 82 км). Пл. вадазбору 27,7 тыс.км² (у межах Беларусі 1,2 тыс.км²). Пачынаецца ў Крамянецкіх гарах Украіны, цячэ ў межах Падольскага і Валынскага узв., ніжняе цячэнне па Прыпяцкай нізіне, на Беларусі — у Столінскім р-не. Асн. прытокі на тэр. Украіны: Случ (справа), Стубла, Вілія (злева). Упадае ў Прыпяць 2 рукавамі (левы называецца Вятліца).
Даліна ракі трапецападобная, на тэр. Беларусі невыразная, дасягае шыр. 2,5 км. Пойма двухбаковая, шыр. ў верхнім цячэнні 100—700 м, сярэднім 1—1,5 км, у ніжнім да 2,5 км. Рэчышча звілістае, шыр. ў ніжнім цячэнні 150—200 м. Суднаходства пачынаецца за 291 км ад вусця. На Гарыні гарады Ізяслаў, Славута, Дубровіца (Украіна), Столін, Давыд-Гарадок (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,
участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.І.Каратаевым, Э.Э.Фатыядзі і А.Л.Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр.ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНО́ІДЫ (Ganoidei, Ganoidomorpha),
інфраклас (надатр.) прымітыўных выкапнёвых і сучасных прамянёвапёрых кл. касцявых рыб. 2 надатр.: храстковыя рыбы з 1 вымерлым атр. і 2 сучаснымі (асетрападобныя і мнагапёрападобныя), касцявыя рыбы з 5 вымерлымі атр. і 2 сучаснымі [аміяпадобныя (Amiiformes) і панцырнікападобныя (Lepisosteiformes)]. Выкапнёвыя ганоіды вядомы з сярэдняга дэвону. На Беларусі выяўлены ў пясчана-гліністых пародах пярмі і трыясу Прыпяцкай упадзіны. 10 сучасных родаў, 43 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і трапічнай Афрыцы (мнагапёрападобныя). Найб. вядомыя асятры, бялуга, калуга, амія, лапатаносы, весланосы, панцырнікі.
Даўж. ад 3—5 см (выкапнёвыя) да 9 м. Захавалі многія стараж. адзнакі: ёсць хорда, чэрап у значнай ступені храстковы, адсутнічаюць целы пазванкоў, луска пераважна ганоідная, рамбічная, хваставы плаўнік няроўналопасцевы (гетэрацэркальны); плавальны пузыр звычайна ячэісты; ёсць рэдукаваныя спіральны клапан і артэрыяльны конус, у некаторых — пырскальца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,
марскія скарбонкі (Holothurioidea),
клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.
Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).
Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕў Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, партызанскіх палкоў, партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэр. Беларусі. У выніку шырокага партыз. руху былі створаны шматлікія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбна было цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з сав. тылам. Фарміравалі П.з. ЦШПР, БШПР, падп. абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры і райкомы КП(б)Б. Узначальвалі П.з. звычайна сакратары падп. абкомаў, міжрайкомаў партыі ці афіцэры Чырв. Арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. У розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [наз. таксама ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ), цэнтрамі: абласныя Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўд. зон Баранавіцкай вобл., Паўд.-Прыпяцкай зоны Палескай вобл., Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; ВАГ Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская; П.з. «Трынаццаць» і інш. Большасць злучэнняў створана ў 1943. Часта ствараліся спец. падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся камандзіру злучэння. Стварэнне П.з. садзейнічала павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партыз. рухам, баявой і своечасовай актыўнасці партыз. фарміраванняў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 398.