выкапнёвыя сківічныя рыбы, блізкія да акулавых. 2 падкл.: антыархі і артрадыры. Жылі ў палеазоі (дэвон, каля 400 млн.г. назад). Вялі прыдонны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі П. выяўлены ў адкладах сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, Бел. антэклізы, Жлобінскай седлавіны, Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. марскіх відаў да 12 м (дыніхтыс, дунклеастэус), прэснаводныя значна драбнейшыя (напр., батрыялепіс каля 45 см, птэрыхтыёдэс каля 17 см). Мелі храстковы шкілет, парныя плаўнікі, укрытыя касцёва-скурнымі пласцінкамі. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрыты панцырам, у большасці відаў злучаны рухома. Сківіцы ў выглядзе завостраных касцявых пласцін. Карміліся беспазваночнымі, некат. (пераважна марскія) рыбамі. Гл. таксама Астракадэрмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),
атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.
Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.