стажа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Разм. Складаць, кідаць сена ў стагі. / у вобразным ужыв. Мярэжкамі пена Плыла ля паэта. Стажарыла сена Прыгоннае лета. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАХТА́НГА ЗАКО́НЫ,
кодэкс феад. права Грузіі, складзены ў 1705—08 пад кіраўніцтвам цара Картлі Вахтанга VI. Складаюцца з вытрымак з Бібліі, візант., арм. і груз. законаў і ўласна Улажэння Вахтанга VI. Вахтанга законы юрыдычна аформілі прыгоннае права; фактычна дзейнічалі па ўсёй Грузіі, а некаторыя законы — і пасля далучэння Грузіі да Расіі (пач. 19 ст).
т. 4, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
па́ншчына, ‑ы, ж.
Гіст.
1. Пры прыгонным праве — дармавая прымусовая праца сялян на пана. Адбываць паншчыну. □ [Пытляваны:] Мы вас за краты не пасадзім і на паншчыну не пагонім. Крапіва.
2. Разм. Прыгоннае права. Пад сялян гэтыя горшыя кавалкі зямлі пайшлі тады, калі была скасавана паншчына. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАСА́ЛЬСКІ (Ігнацій Якуб) (30.7.1729, в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 28.6.1794),
рэлігійны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай; прадстаўнік Асветніцтва. З роду Масальскіх. Д-р кананічнага і рымскага права (1752). Вучыўся ў Рыме. З 1752 рэферэндарый літоўскі, з 1762 біскуп віленскі. У 1773—88 падтрымліваў, а часам ініцыіраваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Адукацыйнай камісіі (1773—80). У той жа час выкарыстоўваў службовае становішча для асабістага ўзбагачэння (прысвойваў канфіскаваную ў езуітаў маёмасць). На Чатырохгадовым сейме 1788—92 выступіў супраць прагрэс. рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю. Асудзіў паўстанне 1794, за што пакараны смерцю.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 10, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТЧЫЧЫ,
1) катэгорыя сялян у ВКЛ у 15—18 ст.; адна з асноўных паводле характару асабістай залежнасці ад феадалаў. 0. не мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога і таму называліся яшчэ людзі «непахожыя» або «отчизные» людзі, г. зн. атрыманыя феадаламі ў спадчыну. У О. ператвараліся таксама людзі «пахожыя» і іх нашчадкі, якія пратэрмінавалі («заседали») 10-гадовы тэрмін даўнасці і не маглі заплаціць за выхад. Прыгоннае права феадалаў на О. заканадаўча аформлена прывілеем 1447, Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Феадалы маглі О. перадаваць у спадчыну, дарыць, закладваць і прадаваць з зямлёю і без зямлі.
2) Назва ў 15—16 ст. сялян і феадалаў ВКЛ, якія атрымлівалі ў спадчыну зямлю або маёнтак бацькі («отчину»).
Літ.:
Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв). Мн., 1993.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прыго́нны 1, ‑ая, ‑ае.
Прыгнаны, дастаўлены (сухім або водным шляхам) з другога месца. Прыгонны лес. Прыгонная жывёла.
прыго́нны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да прыгону (у 2, 3 знач.). Прыгонная гаспадарка.
2. Які з’яўляецца ўласнасцю памешчыкапрыгонніка, належыць яму. Прыгонныя сяляне. Прыгонны майстар. Прыгонны тэатр. Прыгонны акцёр. / у знач. наз. прыго́нны, ‑ага, м.; прыго́нная, ‑ай, ж. З суседняга маёнтка пана Чапкоўскага ўцёк прыгонны. Бядуля.
•••
Прыгоннае права гл. права.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
В.В.Антонаў, С.С.Рудовіч, В.В.Швед.
т. 1, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ра́бства, ‑а, н.
1. Грамадскі лад, заснаваны на рабаўладанні. Антычнае рабства. // Пра грамадскі лад, пры якім клас стваральнікаў асноўных матэрыяльных каштоўнасцей з’яўляецца бяспраўным, пазбаўленым уласнасці на сродкі вытворчасці. Прыгоннае рабства. Каланіяльнае рабства. Наёмнае рабства.
2. Стан, становішча раба (у 1 знач.). Аддаць у рабства. Вызваліцца ад рабства. // Палітычна залежнае становішча чалавека. І паралелі, і мерыдыяны Ім хочацца жалезнымі зрабіць, Каб шар зямны ў краты быў закован, І ў рабстве жыў пакораны народ. Панчанка.
3. перан. Поўнае падпарадкаванне чужой волі, уплыву. Сямейнае рабства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крепостно́йI ист.;
1. сущ. прыго́нны, -ннага м.;
2. прил. прыго́нны;
крепостно́й крестья́нин прыго́нны селяні́н;
крепостно́е пра́во прыго́ннае пра́ва; прыго́н, па́ншчына;
крепостно́е состоя́ние прыго́нны стан;
крепостно́й укла́д прыго́нны ўклад;
крепостно́й труд прыго́нная пра́ца.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
шля́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Гіст. Прывілеяванае саслоўе — дробнапамеснае дваранства — у Польшчы, Літве, на Беларусі ў 13 — пачатку 20 стст. Паходзілі.. чыноўнікі з асяроддзя заняпалай шляхты. Машара. У Польшчы шляхта мела больш правоў над сялянствам, і прыгоннае права ў ёй адчувалася мацней і праводзілася ў больш жорсткіх формах, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім. «Беларусь». // зб. Шляхцічы. Хадзіў.. [Лапінка да баптыстаў] часта, бо непрыхільна было сярод ганарыстай балоцкай шляхты. Брыль. Успомнілася і тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лідзінай маткі, як прагнала мяне, мужыка, ганарлівая шляхта. Ваданосаў. Сябры баявыя разгрукалі шляхту Пад Аўгустовам і Гроднам. Панчанка.
[Польск. szlachta з стараж.-верхненям. slahta — род, парода.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)